Оставить отзыв:












З Калядамі і Новым годам!

Як падзей кругазварот напаўняў мінулы год

Год 2011-ы быў багаты на святы і мерапрыемствы. У Палацы культуры і Амфітэатры праходзілі шматлікія конкурсы, творчыя сустрэчы, фестывалі. Якімі яркімі і запамінальнымі атрымаліся ХІ Нацыяльны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2011” і юбілейны Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2011”! Аднак, пра ўсё па парадку.


У пачатку года аматары класічнай і сучаснай музыкі наведалі цікавыя канцэртныя праграмы: у студзені на сцэне Палаца культуры зімовымі вечарамі выступілі Анатоль Ярмоленка, Алеся, ды-джэй Анатоль, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага. Зараз, дарэчы, гэтая ўстанова набыла статус каледжа. Яшчэ адной яркай падзеяй студзеня стала свята абласнога ўзроўню “Калядныя званы”.

Люты таксама не даў сумаваць маладзечанцам і гасцям нашага горада. У Палацы культуры прайшлі семінары, урачыстыя і юбілейныя вечары, спектаклі. Так, на сцэне “храма мастацтва” народны тэатр “Метамарфозы” прадставіў гледачам спектакль па п’есе А.Чэхава “Вішнёвы сад”. На ўрачыстым вечары “Майстры працы Маладзечанскага краю – Радзіме” ўшанавалі лепшых працаўнікоў раёна па выніках мінулага года. Не абыйшлося і без забаўляльных праграм: напрыканцы лютага народ весяліўся пад жарты беларускага гумарыста Г.Волчака.

Знакавымі падзеямі сакавіка ў творчым жыцці Палаца сталі V Рэспубліканскі турнір па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна – 2011” і ІV Адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2011”. Прыемна, што пераможцамі на гэтых конкурсах сталі выхаванцы студый нашай установы.

У дабрачынным канцэрце “Агеньчык надзеі”, які прайшоў у падтрымку адзінокіх ветэранаў вайны і працы, дарослых і дзяцей-інвалідаў, няпоўных і шматдзетных сем'яў, прынялі ўдзел зоркі беларускай эстрады. Не засталіся без увагі традыцыйныя ўрачыстасці да 8 Сакавіка і Дня міліцыі. Адбылася юбілейная вечарына “Сын роднай зямлі”, прымеркаваная да 75-годдзя з дня нараджэння доктара гістарычных навук, пісьменніка Г.Каханоўскага. Парадавала нас у сакавіку і зорка расійскай эстрады Н.Каралёва.

А вось галоўнымі падзеямі ў красавіку сталі прэзентацыя кнігі літаратурна-краязнаўчага аб’яднання “Агмень” Палаца культуры і выступленне абаяльных дзяўчат вядомай групы “ВіаГра”.

Май распачаўся канцэртнай праграмай да Дня Перамогі “На вайне як на вайне” з удзелам народнага артыста Рэспублікі Беларусь У.Гасцюхіна і вакальнай групы “Чысты голас”. Адбыўся творчы вечар народнага вакальнага ансамбля “Менестрэлі”. Знакавай падзеяй апошняга месяца вясны стаў справаздачны канцэрт “Суквецце талентаў”. Менавіта на гэтым мерапрыемстве ўсе калектывы Палаца культуры дэманструюць свае прафесіяналізм і майстэрства. Добрай традыцыяй напрыканцы мая стала правядзенне свята і для выпускнікоў пачатковай школы нашага рэгіёну “Маленькая краіна”.

Чэрвень і ліпень былі багатымі на святочныя ўрачыстасці рознага маштабу. У Палацы праходзілі спектакль “Когда б имел золотые горы” ў пастаноўцы тэатра “Брава” МЭС, канцэртныя праграмы Дзяржаўнага ансамбля “Песняры” і П.Ялфімава. Падчас святкавання Дня горада і Дня Незалежнасці маладзечанцаў парадавалі высокім выканальніцкім майстэрствам знакамітыя артысты і калектывы, сярод якіх Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр ММК імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам Р.Сарокі. У Палацы культуры прайшло Абласное свята журналістыкі, удзел у якім прынялі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі сталічнай вобласці.

Жнівень запомніўся жыхарам і гасцям горада ХІ Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2011”. Асаблівасцю праграмы на гэты раз стала прысвячэнне да 70-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі У.Мулявіна. Музычны форум стаўся насычаным і змог зацікавіць нават самага спакушанага гледача – святочныя мерапрыемствы адбываліся на шматлікіх сцэнічных пляцоўках. Так, у Палацы культуры прайшлі Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў, шматлікія канцэртныя праграмы: “Пад небам сонца і дзяцінства”, “Чатыры нацыянальныя постаці Беларусі”, начны джазавы канцэрт. Таксама быў арганізаваны круглы стол па тэме “Беларуская песня: сучасны фармат”.

Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі адбыліся на сцэне новай канцэртнай пляцоўкі – у Амфітэатры. Першыя канцэрты прайшлі з аншлагам!

Яшчэ адно мерапрыемства высокага ўзроўню ў 2011 годзе прыняў маладзечанскі Амфітэатр – Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2011”, што святкаваліся ў канцы верасня – пачатку кастрычніка. Тры дні для гасцей і жыхароў Маладзечна па ўсяму гораду працавалі забаўляльныя пляцоўкі: “Каравайная”, “Чайна-мядовая”, “Бабуліны кросны – узор дзівосны”, “Рамесная слабада”, “Ганчарны свет”, “Беларускі агарод смачна корміць круглы год” і інш. У юбілейных святкаваннях прыняў удзел Прэзідэнт краіны А.Лукашэнка.

Кастрычнік гэтак жа заззяў святочнымі падзеямі. У гэтым месяцы наш горад наведалі зоркі з Польшчы – у Палацы выступіў ансамбль песні і танца “Сьлёнск” ім. Ст. Хадыны. На рэгіянальным узроўні адзначалі сваё прафесійнае свята работнікі культуры, падводзілі вынікі агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню “Прыгажосць. Гармонія. Стыль” прадпрыемствы і прыватныя гаспадаркі раёна. Акрамя ўрачыстасцяў з узнагароджваннем былі і забаўляльныя праграмы: з размахам прайшло дог-шоў “Я і мой сабака”, дзе майстэрства дэманстравалі “вучоныя” чатырохлапыя сябры чалавека.

Лістапад па праву можна назваць “канцэртным” месяцам. На сцэне нашай установы выступілі папулярная маладзёжная група “Без Білета”, чароўная Іскуі Абалян, харызматычны Віктар Каліна, арт-група “Беларусы”. Акрамя гэтага, у Палацы культуры адбылася прэм’ера мастацкага фільма “Любовь не любовь”, рэжысёрам якога з’яўляецца кіраўнік народнага тэатра “Метамарфозы” Андрыян Барткевіч.

Ну а снежань да нас прыйшоў са шматлікімі навагоднімі і каляднымі святамі для дзяцей і дарослых. Святочнае прадстаўленне “Навагоднія прыгоды” сабрала ў Палацы культуры дзяцей на “абласную” елку.

Трэба адзначыць, што на працягу года творчыя калектывы і студыі Палаца культуры прымалі актыўны ўдзел у разнастайных конкурсах і фестывалях не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага маштабу. І кожны раз вярталіся дадому з узнагародамі і перамогамі.

Спадзяёмся, што наступны год стане такім жа шчодрым на святы і ўрачыстаці. Тым больш, што ў наступным годзе мы адзначым свой першы “дарослы” юбілей – нам споўніцца 10 год!

Надзея СТАНКЕВІЧ

_______________________________________________________________________________

Яны ствараюць свята

Яркія падзеі і рэспубліканскія святы, госці з розных куткоў Беларусі і бліжэйшага замежжа... Слава пра Маладзечаншчыну летам і ўвосень гула далёка! Аднак не толькі дзякуючы гэтаму запомніўся нам год 2011-ы. У “закуліссі” маштабных дзействаў, якія адно за адным праходзілі на самым высокім узроўні, стаялі людзі. Шмат людзей – простых служачых і тых, хто займае кіруючыя пасады. Менавіта дзякуючы ім за Маладзечнам з года ў год усё больш трывала замацоўваецца статус культурнай сталіцы Міншчыны. А гэты вобраз, на сам рэч, мае шмат складальнікаў: пачынаючы з утульнай і дагледжанай глядзельнай залы, якая стварае адпаведны настрой для ўспрыняцця дзейства на сцэне, і заканчваючы ідэальнай работай вядучых на мерапрыемствах.


Да прафесійнага свята – Дня работнікаў культуры:


• грамата Упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта была ўручана мастацкаму кіраўніку Палаца культуры Валянціне Іванаўне Жаўняровіч;

• дыпломамі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці ўзнагародзілі кіраўніка ўзорнай студыі эстраднай песні “Спяваем разам” Алену Віктараўну Атрашкевіч, кіраўніка ўзорнага харэаграфічнага ансамбля “Сонечныя праменьчыкі” Людмілу Пятроўну Барысевіч, кіраўніка аматарскага аб’яднання “Агмень” Таццяну Аляксандраўну Атрошанка;

• спецыяльную прэмію Маладзечанскага райвыканкама “Талент” у намінацыі “Культработнік года” атрымала загадчыца аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Святлана Мікалаеўна Адамушка;

• граматамі аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама былі ўзнагароджаныя загадчыца аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Таццяна Анатольеўна Тарасава, кіраўнік вакальнай студыі акадэмічных спеваў “Бельканта” Пётр Пятровіч Туронак, кіраўнік мадэльнай студыі “Шарм плюс” Зінаіда Андрэеўна Владыка, метадысты па гульнёвых і забаўляльных праграмах Алена Аляксандраўна Радкевіч і Таццяна Валянцінаўна Цэгалка, канцэртмайстар узорнага харэаграфічнага ансамбля “Сонечныя праменьчыкі”


Алена Юр’еўна Якавец.

***

У рамках правядзення агляду-конкурсу “Прыгажосць. Гармонія. Стыль” да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2011” наша ўстанова атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Лепшае арганізація па добраўпарадкаванню і навядзенні парадку на падведамнай тэрыторыі”.

Па выніках падрыхтоўкі да юбілейных “Дажынак” Маладзечанскім райвыканкамам таксама былі аздначаныя дырэктар Палаца культуры Святлана Рыгораўна Сарока, намеснік дырэктара па арганізацыйна-масавай рабоце Галіна Уладзіміраўна Акулёнак і галоўны адміністратар Таццяна Яўгенаўна Бондар.

Віншуем яшчэ раз тых людзей, што ствараюць свята, і не перастаём дзякаваць за плённую і адданую працу!

_________________________________________________________________________________________

Факты

Здавалася б, творчы чалавек і лічбы – штосьці не зусім супаставімае. Для такіх людзей характэрны палёт душы... Аднак наша выданне вырашыла, пачынаючы з гэтага святочнага нумара, пакрыху ламаць стэрэатыпы. Менавіта таму ў гэтай калонцы мінімум тэксту і максімум лічбаў, якія ў 2011-ым тым ці іншым чынам датычыліся нашай установы. Часам менавіта “сухія факты” могуць сказаць нашмат больш красамоўных слоў.

Лічбы прыкладныя, аднак і ў гэтым выпадку Вы сабе такога нават не ўяўлялі:

32 000 – прыкладная колькасць удзельнікаў асноўных афіцыйных і творчых мерапрыемстваў, гледачоў “зорных” канцэртаў, якія адбываліся на працягу года ў канцэртнай і малой залах Палаца культуры. Таксама мы ўключылі сюды сярэднестатыстычны паказчык наведвальнікаў шматлікіх выстаў і гасцей банкетнай залы.

15 000 – столькі чалавек гасцінна прыняў маладзечанскі Амфітэатр. Ён адзіны, але ўжо такі вядомы! Са жніўня па кастрычнік на яго сцэне адбыліся бадай самыя значныя ў гісторыі Маладзечанскага краю падзеі: Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі і Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі ”. Мы вытрымалі “экзамены” і гатовыя да новых творчых вяршынь.

Плануецца, што сваю дзейнасць новая канцэртная пляцоўка, якая з’яўляецца структурнай адзінкай Палаца культуры, у 2012 годзе пачне акурат з красавіка і працягне сваю дзейнасць аж да позняй восені. Менавіта таму і лічба праз год атрымаецца нашмат большай. Будзем весці падлікі!

2 582 – паказчык маштабнай дзелавой перапіскі аддзелаў нашай установы. Амаль паўтары тысячы пісем было адпраўлена і атрымана на адрас электроннай пошты

dkmolodechno@yandex.ru. Шчыра кажучы, нам вельмі прыемна атрымліваць лісты, асабліва з добрымі навінамі!

1 010 удзельнікаў займаецца ў творчых калектывах і гуртках, якія дзейнічаюць пры Палацы культуры.

520 удзельнікаў групы Палаца культуры ў некалькіх вядомых сацыяльных сетках. Сёлета і мы сталі больш папулярнымі ў Інтэрнэце. Як кажуць, ідзём у нагу з часам.

389 – колькасць фотаздымкаў, змешчаных у галерэі на сайце

www.mdk.вy. Гэта своеасаблівая фотасправаздача па мерапрыемствах, якія адбыліся ў сценах Палаца культуры. Тут можна ўбачыць не толькі артыстаў, але і тых людзей, якія непасрэдна ствараюць святы.


205 – лічба, якая адлюстроўвае інфармацыйнасць партала Палаца культуры г.Маладзечна – менавіта столькі паведамленняў змешчана ў адным толькі раздзеле “Навіны”. У мінулым годзе, напрыклад, на сайце было ўсяго 23 паведамленні.

138 чалавек – такім калектывам мы будзем сустракаць Новы 2012 год.

97 разоў узгадвалі ў сродках масавай інфармацыі пра цэнтральную ўстанову культуры Маладзечанскага рэгіёна – Палац культуры – у 2011 годзе. І, што таксама важна, пра нас пісалі не толькі ў мясцовых сродках масавай інфармацыі. Намі цікавіліся Інтэрнэт-парталы і рэспубліканскія выданні. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе насычанае творчае жыццё калектываў Палаца культуры дасць яшчэ больш падстаў для ўвагі з боку СМІ.

61 танцавальны вечар адпачынку арганізавалі аддзелы па рабоце з дзецьмі і моладдзю і традыцыйнага мастацтва ў гэтым годзе. Людзі самага рознага ўзросту змаглі правесці свой вольны час у цікавай кампаніі і пад выдатную музыку.

33 – лічба шчаслівых і закаханых пар, якія справілі сваё вяселле ў сапраўдным Палацы! Жадаем ім толькі светлых дзён сумеснага жыцця і заўсёды чакаем ў госці!

30 творчых калектываў зараз налічваецца ў Палацы культуры. З іх 18 – мастацкай самадзейнасці, 12 – аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах.

27 – у такой колькасці конкурсаў і фестываляў прынялі ўдзел нашы творчыя калектывы і сольныя выканаўцы, гурткоўцы і мастакі. Прыемны яшчэ і той факт, што амаль з кожнага спаборніцтва прадстаўнікі Маладзечаншчыны вярталіся на малую Радзіму з ўзнагародамі: Гран-пры, прызавымі месцамі І, ІІ і ІІІ ступеняў, дыпломамі. Маладзечанская зямля сапраўды шчодрая на таленты!

19 выстаў адбылося ў Палацы культуры. На іх былі прадстаўлены не толькі творы жівапісу, але і работы, выкананыя ў тэхніцы “выцінанка”, фотаработы, лялькі. Дакрануцца да мастацтва мог кожны – па традыцыі ўваход у выставачнае фае свабодны.

18 – гэта лічба – колькасць сольных канцэртных праграм з удзелам “зорак” айчыннай і замежнай эстрады. Наступны год абяццае быць не менш яскравым і насычаным станоўчымі эмоцыямі. І ўсё гэта пачынаючы ўжо са студзеня – сачыце за афішамі!

17 лясных прыгажунь ствараюць навагодні святочны настрой у Палацы культуры г.Маладзечна: 16 елачак – штучныя, 1 – самая галоўная – жывая. Па традыцыі яна займае сваё пачэснае месца ў самым “сэрцы” Палаца – на сцэне. Каля яе можна сустрэць сапраўднага Дзеда Мароза і папрасіць падарунак.

12 запрашэнняў было ўручана па выніках радыёгульні “Білет на канцэрт”. Прыемна, што людзі слухаюць мясцовае радыё і цікавяцца культурным жыццём рэгіёна. Аднак чамусьці кожнаму, хто станавіўся пераможцам, хацелася атрымаць яшчэ адно запрашэнне ...

10 творчых калектываў Палаца культуры маюць ганаровыя званні “Заслужаны”, “Народны” і “Узорны”.
7 – столькі нумароў карпаратыўнай газеты Палаца культуры “Авацыя” выйшла за 2011 год, апошні Вы трымаеце зараз у руках. У сярэднім з інфармацыяй, змешчанай у выданні, пазнаёмілася больш за 2000 чытачоў.

Гэта толькі невялікі пералік знакавых лічбаў творчага жыцця Палаца культуры ў мінулым годзе. Надыходзіць год 2012-ы, і, будзьце ўпэўненыя, ён прынясе яшчэ больш цікавых фактаў. Тым больш, што гэтыя лічбы ствараем мы самі!


Калядныя віншаванні і навагоднія пажаданні

Паважаныя сябры!

Ад шчырай душы віншуем Вас з Новым годам і Калядамі!


Хай надыходзячы год будзе для Вас удалым і плённым, годам новых магчымасцяў і дасягненняў, напоўнены яркімі падзеямі і добрымі справамі. Шчыра жадаем Вам стабільнасці, невычэрпнай энергіі, выканання ўсяго самага запаветнага. Хай Вам спадарожнічае поспех! Добрага здароўя Вам і Вашым сем’ям, сямейнага дабрабыту і шчасця ў Новым годзе!

Жадаем, каб усе мэты, якія Вы ставіце перад сабой у Новым годзе, ажыццявіліся. Таму мы, карыстаючыся выпадкам, жадаем сказаць, што ганарымся сяброўствам і партнёрствам з Вамі!

Жадаем здароўя, цяпла і дабра,
Каб усе няўдачы згарэлі датла,
Каб жыць-не тужыць да ста год давялося!
Хай збудзецца ўсё, што яшчэ не збылося!

Прафсаюзныя камітэты і калектывы Маладзечанскага чыгуначнага вузла УП “Мінскае аддзяленне БЧ”

Дарагія сябры!
Вішуем Вас
З найлепшым святам –
Новым Годам!
Хай новы дзень і новы час
Змяце ў мінулае нягоды.
Хай будзе ў сем’ях Вашых мір
І разуменне, і пяшчота,
Каб не нуды – кахання вір
Суправаджаў пачуццяў дотык.
Дай Бог здароўя Вам збанок
Ды й шчэ куфэрак весялосці.
Каб не звалілі стома з ног,
Пакуль да Вас даедуць госці.
Жадаем удачы Вам, святла,
Дабра, спакою, мудрай згоды.
Каб радасць шчыраю была!
Жывіце ў шчасці!
З Новым Годам!


З найлепшымі пажаданнямі адміністрацыя і калектыў ДУА “Гімназія-каледж мастацтваў г.Маладзечна”

Шчыра віншуе Вас з Новым 2012 годам і Калядамі!

Гэтае свята заўсёды звязана з самымі прыемнымі ўспамінамі, у гэты час мы падводзім вынікі, марым аб будучым і плануем... Няхай Новы год будзе годам поспеху і росквіту, рэалізацыі ўсіх задуманых праектаў!

Сардэчна жадаем Вам сустрэць і правесці ўвесь наступны год у добрым настроі!

Калектыў ААТ “Маладзечнагандаль”

Віншую ўсіх супрацоўнікаў, і асабліва супрацоўніц Палаца культуры г.Маладзечна з Новым годам!Ад мужчынскага калектыву вашаму жаночаму вялікае прывітанне і пажаданні поспехаў і новых творчых узлётаў і дасягненняў у 2012 годзе!


P.S. Шчыра кажучы, мы б на вас усіх ажаніліся... Аднак у пашпартах месца ўжо няма...

Яўген Крыжаноўскі
Каб хапіла ўсім зарплат
На Егіпет і Тайланд!


Група “Без Білета”

Жадаю ўсім супрацоўнікам Палаца культуры ўсяго самага найлепшага ў Новым 2012 годзе! Няхай Чорны Дракон прыносіць толькі дабрыню і ўсмешку!
Кахання і шчасця, стабільнасці і поспехаў у Новым годзе!

Іскуі Абалян


У Новым годзе я жадаю Вам шчасця: а яно не бывае новым ці старым! Яно проста бывае! Няхай шчасце ў Вас будзе! Нішто іншае не можа перадаць гэтае пачуццё! З Новым годам!

Віктар Каліна

Кахання ў сэрцы, шчасця ў душы,
а ў жыцці – бязмежнай мелодыі!

Гараскоп для творчых асоб

Надыходзячы 2012 год – год Чорнага Вадзянога Дракона. А гэтая істота лічыцца мудрым і шчодрым заступнікам. Таксама Дракон адрозніваецца ўменнем творча выходзіць са складаных сітуацый і гэтак жа вырашаць самыя разнастайныя праблемы. Словам, 2012-ы – наш год, паважаныя супрацоўнікі Палаца культуры!

Прадказваюць, год Дракона будзе дынамічным, напорыстым і абавязкова абяцае вялікія змены. Зноў быццам бы пра нас: першая сур’ёзная юбілейная дата – 10-годдзе Палаца культуры, чарговы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, традыцыйныя шматлікія конкурсы... Часу сядзець, склаўшы рукі, проста не будзе!

Вада – стыхія гаспадара новага года – адказвае за матэрыяльны поспех, сімвалізуе розум, увасабляе жыццё, духоўнасць і адчувальнасць. Гэта менавіта тое, што так блізка дзейнасці нашай установы.

АВЕН. У самым пачатку года актыўнасць Авена будзе вартая самых высокіх узнагарод. Прадстаўнікі гэтага знака Задыяку змогуць лёгка раскрыць усе свае здольнасці і таленты ў прафесійнай сферы. Таксама год Чорнага Дракона прынясе розныя перспектывы і цікавыя творчыя планы. Авен здолее генерыраваць новыя ідэі, ставіць перад сабой толькі якасныя мэты і ўсімі сіламі імкнуцца да поспеху. Энтузіязм не будзе пакідаць Вас у творчым спакоі, а годныя вынікі работы будуць стымуляваць жаданне ісці далей да новых вяршынь. Авену ў год Чорнага Дракона можна разлічваць нават на павышэнне па службовай лесвіцы. Праўда, гэта адбудзецца пры добрасумленнай працы. Варта забыцца пра ляноту і не расслабляцца ў плане дысцыплінаванасці і сабранасці.

Знакамітыя Авены: Леанарда да Вінчы (1452 г.), Ганс Хрысціян Андэрсан (1805 г.), Эміль Заля (1840 г.), Чарлі Чаплін (1889 г.), Квенцін Таранціна (1963 г.); Клаўдзія Кардзінале (1938 г.), Ала Пугачова (1949 г.), Мэрайя Кэры (1970 г.).

ЦЯЛЕЦ. Прадстаўнікі гэтага задыякальнага сузор’я, чыя дзейнасць звязана з творчасцю, у год Чорнага Дракона дасягнуць найбольшага росквіту ў сваёй прафесіі. Аднак пры ўмове, што яны выкарыстаюць магчымасці гэтага перыяду для самарэалізацыі і пераадолеюць прыродную ляноту. Кожны Цялец будзе перапоўнены бліскучымі ідэямі, новымі адчуваннямі, якія змогуць стаць добрым стымулам у прафесійнай дзейнасці. Адносіны з калегамі будуць добразычлівымі. Зрабіць значна больш, чым планавалі, можна будзе абапіраючыся на падтрымку і дапамогу калектыву. Некаторыя прадстаўнікі знака атрымаюць павышэнне на рабоце, перад імі адкрыюцца нечаканыя перспектывы. Словам, год будзе ўдалым для кар'еры, але будзьце асцярожныя з хуткімі рашэннямі.

Знакамітыя Цяльцы: Уільям Шэкспір (1564 г.), Анарэ дэ Бальзак (1799 г.), Петр Чайкоўскі (1840 г.), Джо Кокер (1944 г.), Тоні Блэр (1953 г.); Елізавета ІІ (1926 г.), Барбра Стрэйзанд (1942 г.), Любоў Палішчук (1949 г.).

БЛІЗНЯТЫ. Першыя дні новага года адкрыюць ў Блізнятах прагу актыўнай дзейнасці і творчасці. Добра, калі прадстаўнікі знака будуць прытрымлівацца гэтай лініі і мэтанакіравана ўвасабляць у жыццё задуманае. Такая пазіцыя нязменна прывядзе да перамогі ў бліжэйшым будучым. Таксама зоркі раяць не імкнуцца да грандыёзных поспехаў. Лепш старайцеся дасягаць невялікіх мэт, якія знаходзяцца акурат перад Вамі. Як кажуць, лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. Аднак не забывайце кантраляваць уласныя эмоцыі – існуе верагоднасць сапсаваць узаемаадносіны ў калектыве. Дарэчы, не трэба адмаўляцца ад асабістага жыцця дзеля кар’еры – неабходна ва ўсім знаходзіць капраміс. У год Чорнага Дракона Блізняты могуць спадзявацца на фінансавую стабільнасць. А гэта таксама добрае становішча спраў!

Знакамітыя Блізняты: Петр I (1672 г.), Аляксандр Пушкін (1799 г.), Поль Гаген (1848 г.), Роберт Раждзественскі (1932 г.), Пол Макартні (1942 г.); Мэрылін Манро (1926 г.), Людміла Зыкіна (1929 г.), Наомі Кэмпбэл (1970 г.).

РАК. З пачатку года зоркі спрыяльна паўплываюць на прафесійную сферу Рака. Калі прадстаўнікі гэтага знака Задыяку стануць праяўляць творчасць у працы, выконваць яе адказна і акуратна, любые іх патрабаванні будуць задаволеныя. З часам работа зойме важнейшае і нават асноўнае месца ў жыцці Ракаў, усе думкі будуць прысвечаныя толькі дзелавой сферы і дзелавым адносінам. Захоўвайце актыўнасць, і вельмі скора Вы зможаце ўбачыць вынікі сваёй дзейнасці. Тым больш, што зоркі абяцаюць: усе ідэі будуць увасабляцца ў жыццё, а праекты – прыносіць прыбытак. Трэба сказаць, што фінансавая стабільнасць робіць астралагічны прагноз на 2012 год для Рака яшчэ больш прыемным. Магчыма, работнікам культуры павысяць заработную плату ў наступным годзе. Будзем спадзявацца!

Знакамітыя Ракі: Рэмбрандт (1606 г.), Марк Шагал (1887 г.) Эрнэст Хэмінгуэй (1899 г.), Харысан Форд (1942 г.); Ганна Ахматава (1889 г.), Лія Ахеджакава (1938 г.), Джэніфер Лопэс (1969 г.).

ЛЕЎ. Гараскоп на 2012 год сцвярджае: многіяЛьвы забудуцца пра свой песімізм, які адольваў іху 2011-ым, і натхнёна возьмуцца за працу. А дапамогуць у гэтым аптымізмі незвычайная працаздольнасць. У год Чорнага Дракона Львы змогуць знайсці нестандартныя і творчыя падыходы да рашэння самых складаных, і, здавалася б, невыканальных задач. Праца пачне прыносіць сапраўднае задавальненне. Нават ужо пачатак 2012 года стане для гэтага знака вельмі абяцаючым – Дракон добразычліва ставіцца да тых, хто імкнецца шчыра працаваць над сваёй кар'ерай. Поспех у справах абавязкова прывядзе за сабой і матэрыяльны дабрабыт.Наогул, астралагічны прагноз на 2012 год прадказвае Львам стабільнасць на працы. Таксама гэта будзе спрыяльны час для набыцця новых ведаў.

Знакамітыя Львы: Аляксандр Дзюма (1802 г.), Гі дэ Мопасан (1850 г.), Луіс Дэніэл Армстронг (1901 г.), П’ер Рышар (1934 г.); Коко Шанэль (1883 г.), Уітні Х’юстан (1963 г.).


ДЗЕВА.Новы год для Дзеў будзе спрыяльным менавіта для творчай працы.Зоркі прадказваюць, што найлепшым часам для кар'ернага росту стане вясна. Менавіта ў гэты час неабходна прадпрымаць самыя актыўныя дзеянні па прасоўванні па кар'ернай лесвіцы. Наогул, не трэба ленавацца – Чорны Дракон дапамагае актыўным і мэтанакіраваным людзям. Не варта нічога баяцца, глядзіце толькі наперад, нават рызыкуйце. Як кажуць, пад ляжачы камень вада не пацячэ. Гараскоп сцвярджае таксама наступнае: што б ні адбылося на працягу 2012-га, усё да лепшага. Матэрыяльныя цяжкасці ў год Чорнага Дракона Дзевам не прагназуюцца. Тым больш, шматлікія творчыя праекты пачнуць прыносіць істотны прыбытак.

Знакамітыя Дзевы: Кардзінал Рышэлье (1585 г.), Георг Гегель (1770 г.), Аляксандр Купрын (1870 г.), Хорхе Луіс Борхес (1899 г.), Жан Рэно (1948 г.); Агата Крысці (1890 г.), Сафі Ларэн (1934 г.).

ШАЛІ. Для дасягнення поспехаў у кар'еры Шалям неабходна будзе прыкласці пэўную сілу, таму што ўзнагароду, па меркаванні Чорнага Дракона, трэба заслужыць. У цэлым будуць узнагароджаныя працавітыя прадстаўнікі гэтага знака Задыяку, людзі, якія праяўляюць ініцыятыву і ўкладваюць душу ў сваю працу. Калі пастарацца, то Шалі будуць купацца ў промнях славы: нарэшце прыйдзе доўгачаканы поспех і ўсё будзе атрымоўвацца проста выдатна. Праекты, нават самыя рызыкоўныя, прынясуць прызнанне і, што таксама важна, прыбытак. Карыстайцеся момантам! Таксама Шалям у год Чорнага Дракона прыйдзецца часам вырашаць творчыя задачы неардынарнага характару. Аднак з любых сітуацый яны выйдуць з гонарам. Майце на ўвазе: лета для творчых людзей стане перыядам яшчэ большай актыўнасці.

Знакамітыя Шалі: Міхаіл Лермантаў (1814 г.), Оскар Уайльд (1854 г.), Мікалай Рэрых (1874 г.), Сяргей Ясенін (1895 г.), Марына Цвятаева (1892 г.), Катрын Дэнёў (1943 г.), Моніка Бялучы (1964 г.).

СКАРПІЁН. Гараскоп на 2012 год прагназуе Скарпіёнам – будзе цікава! А вось на поспех у прафесійнай сферы могуць разлічваць толькі прадстаўнікі творчых прафесій. Зоркі раяць таксама лепш выразна праяўляць актыўнасць у працы. Тым больш, што любыя пачынанні будуць узнагароджаныя. Дракон заўважыць тых, хто будзе рупліва працаваць і ўкладваць душу ў сваю справу. Словам, адмысловы поспех чакае творчых людзей. Год Чорнага Дракона паслужыць новым этапам для ўласнага развіцця.Вядома ж, поспехі чакаюць не толькі ў працы, але і ў сферы асабістых адносін. У цэлым год удалы для пачынанняў. Варта займацца самаразвіццём і самарэалізацыяй. Не трэба баяцца ўсяго новага. Уперад, паважаныя супрацоўнікі Палаца культуры!

Знакамітыя Скарпіёны: Хрыстафор Калумб (1451 г.), Мікола Паганіні (1782 г.), Федар Дастаеўскі (1821 г.), Пабла Пікаса (1881 г.); Індзіра Гандзі (1917 г.), Майя Плісецкая (1925 г.), Ванэса Мэй (1978 г.).

СТРАЛЕЦ. Год Чорнага Дракона абяцае Стральцам перыяд яркіх творчых эмоцый. Па-іншаму і не атрымаецца – жыццё ў Палацы вельмі насычанае! У рабочай і дзелавой сферы сур’езныя змены магчымыя ў самым пачатку і ў канцы 2012 года. Стральцам не трэба асцерагацца перамен – зоркі прадказваюць толькі станоўчае вырашэнне самых розных праблемных сітуацый. У самым пачатку 2012 года работа Стральца не прынясе шмат клопатаў, усе справы будуць ісці сваёй чаргой і дазволяць прадстаўнікам гэтага знака Задыяку крыху адпачыць. Летам Стралец зможа дасягнуць значных вышынь у сваёй прафесіі, і пачаць узыходжанне па кар’ернай лесвіцы. Якім жа будзе год у цэлым – залежыць толькі ад самога Стральца.

Знакамітыя Стральцы: Лопэ дэ Вега (1562 г.), Людвіг ван Бетховен (1770 г.), Марк Твэн (1835 г.), Дэйл Карнэгі (1888 г.), Сцівен Спілберг (1946 г.); Патрысія Каас (1966 г.).

КАЗЯРОГ. Цяжкіх момантаў у год Чорнага Дракона для Казярогаў не прагназуецца – год абяцае быць удалым ва ўсіх справах. Для актыўных, дзейных і мэтанакіраваных Казярогаў у 2012 годзе надыходзіць самы лепшы час, каб праявіць свае лепшыя якасці. Вясной Казярог будзе лёгка браць любыя вяршыні. Калі прадстаўнікі гэтага знака Задыяку знойдуць у рабоце цікавыя для сябе бакі, то будуць абавязкова праяўляць ініцыятыву і творчы падыход. А для таго, каб лепш ішла праца, Казярогу неабходна аб’яднацца з калегамі ў творчы тандэм. Крыху пазней Казярог пачне адносіцца да работы яшчэ больш адказна, ён з задавальненнем будзе браць на сябе новыя абавязкі. Крэатыўныя метады дзейнасці, творчасць і ініцыятыва зробяць Казярога практычна незамянімым работнікам у калектыве.






Знакамітыя Казярогі: Настрадамус (1503 г.), Ісаак Ньютан (1643 г.), Анры Маціс (1869 г.), Федэрыка Феліні (1920 г.), Райманд Паўлс (1936 г.); Жанна Д'Арк (1412 г.), Тамара Гвердцытэлі (1962 г.).

ВАДАЛЕЙ. Зоркі прадказваюць Вадалеям: 2012 год будзе хутчэй для працы, чым для адпачынку. Затое ўзнагароду за такі насычаны рытм жыцця прадстаўнікі гэтага знака Задыяку атрымаюць тую, пра якую даўно марылі. Зоркі раяць не баяцца крэатыву, неардынарнасці ў рашэннях і кардынальна новых метадаў. Вадалей апынецца на парозе сваёй зорнай гадзіны. Галоўнае ў гэтай сітуацыі паспець скарыстацца момантам. Ужо ў пачатку года Вадалею неабходна лавіць сваю птушку поспеху. За гэты час трэба паспець спланаваць справы і добра падумаць, з чаго пачынаць свой шлях да поспеху. Не трэба нічога баяцца – варта праявіць ініцыятыву і актыўнасць, і тады поспех будзе на вашым боку! Працаздольнасць Вадалея ў першыя месяцы года ацэніць кіраўніцтва.
Знакамітыя Вадалеі: Моцарт (1756 г.), Іван Крылоў (1769 г.), Чарльз Дарвін (1809 г.), Жуль Верн (1828 г.), Уладзімір Высоцкі (1938 г.); Ванга (1911 г.), Ірына Мураўёва (1949 г.).

РЫБЫ. Усё, што ад Вас патрабуецца ў Новым 2012 годзе, паважаныя Рыбы, – праявіць стойкасць і вытрымку ў прафесійных справах, упарта рухацца наперад, нягледзячы ні на што. У пачатку вясны Рыбы змогуць выканаць на працы ўсё, што яны задумалі. Не трэба толькі раслабляцца – уперадзе шмат сур’ёзнай творчай работы. Калі што-небудзь і здарыцца, то падтрымка калектыву дапаможа выправіць сітуацыю да лепшага. Летам Рыбы змогуць праявіць свае магчымасці, выйсці на поўную моц уласных здольнасцей. Тэндэнцыі перыяду такія, што ў прадстаўнікоў гэтага знака Задыяку з лёгкасцю атрымаецца выкарыстаць у рабоце новыя навыкі, праявіць сябе ў незвычайная форме. Трэба сказаць, што Рыбам 2012 год абяцае – сумаваць сапраўды не прыйдзецца!

Знакамітыя Рыбы: Вівальдзі (1678 г.), Рэнуар (1841 г.), Мікалай Рымскі-Корсакаў (1844 г.), Люк Бесон (1959 г.); Шэран Стоўн (1958 г.), Джэніфер Лав Х’юіт (1979 г.).

Падагульняючы зорныя прадказанні, можна адназначна сцвярджаць: год Чорнага Дракона будзе спрыяльным для творчасці ва ўсіх накірунках. Акрамя таго, 2012-ы будзе добразычлівым да людзей адораных і актыўных, якія ўмеюць і любяць працаваць з “агеньчыкам”, запалам, з творчым падыходам і фантазіяй. У 2012 годзе ў многіх з'явіцца шанц узнесціся да вяршыняў кар'еры. Будзьце актыўнымі, рабіце ўсе справы з задавальненнем – і Дракон шчодра ўзнагародзіць Вас!