Оставить отзыв:












Авацыя №6 (62) 12 кастрычнiка 2011 года

 

 

 
Віншуем са святам, паважаныя калегі!
Шаноўныя сябры!
 
                З вялікім задавальненнем хачу павіншаваць работнікаў культуры Маладзечанскага раёна з іх прафесійным святам! Гэта ўнікальныя людзі!
 
Год 2011-ы на Маладзечаншчыне стаў па-сапраўднаму паказальным: у сферы культуры не можа працаваць чэрствы чалавек. Тут працуюць аднадумцы. Яны разумеюць адзін аднаго і гатовыя заўсёды працягнуць насустрач руку дапамогі. Гэта гаворыць аб адзіным арганізме, які ў няпростых умовах здольны ствараць сапраўды вялікія справы.
 
Начальнік упраўлення культуры
Мінскага абласнога выканаўчага камітэта
Анатоль Леанідавіч Акушэвіч
 
         Сёлета наш горад на слыху практычна ў кожнага беларуса. Прычынай таму – маштабныя і яскравыя святы, што ладзіліся ў Маладзечне менавіта ў гэтым годзе. Калі ў першага сустрэчнага запытацца “Чым вам запомніўся 2011-ы?”, у адказ, несумнеўна, пачуем апісанне святочных мерапрыемстваў падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ці пералік самых яскравых момантаў Рэспубліканскіх “Дажынак”. Дадайце сюды такія гістрарычныя падзеі, як маштабнае будаўніцтва і адкрыццё знакавых для нашага горада спартыўных і культурных аб’ектаў – Летняга амфітеатра і Спартыўна-забаўляльнага цэнтра. Усе змены ў абліччы горада, багатае культурнае жыццё змаглі ўбачыць і ацаніць не толькі жыхары горада і госці з рэгіёну. Маладзечна працягвае стабільна замацоўваць за сабой статус культурнай сталіцы Міншчыны.
 
Анатоль Акушэвіч: “Культура і мастацтва першасныя”
 
         Напярэдадні Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі” ў Маладзечна завіталі шматлікія прадстаўнікі афіцыйных улад. Карэспандэнты нашага выдання не маглі ўпусціць выдатнай магчымасці пагутарыць і задаць найбольш цікавыя пытанні начальніку ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолю Леанідавічу Акушэвічу.
         – Анатоль Леанідавіч, пасля завяршэння ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” ў шматлікіх сродках масавай інфармацыі, што асвятлялі падзеі гэтага фэсту, з’явілася інфармацыя наконт планаў праводзіць фестываль штогод. Ці можна ўжо зараз даць канкрэтны адказ на хвалюючае для многіх гараджан пытанне?
 – Чаму мы гаворым пра планы? Фестываль беларускай песні і паэзіі будзе праводзіцца штогод! Для гэтага ёсць усе падставы: у гарадскім парку размясцілася сучасная канцэртная пляцоўка з глядзельнай залай на 2600 месцаў – Амфітэатр, які абсталяваны па апошняму слову тэхнікі.
– Ці існуе верагоднасць “адраджэння” такіх фестываляў, як “Тэатральныя скрыжаванні” і “Маладзечанская сакавіца”?
– Так, гэта менавіта тыя фестывалі, якія ў свой час карысталіся папулярнасцю сярод насельніцтва, але пра іх забылі па розных прычынах. Напрыклад, штосьці было звязана з эканамічнымі ўмовамі. Аднак наша непасрэдная справа – дапамагчы адрадзіць гэтыя фестывалі.
Такі фестываль, як «Тэатральныя скрыжаванні», з'явіўся шмат гадоў таму. У гэтым адчувалася неабходнасць, была патрэбная аддушына для народных тэатраў. Якія ўнікальныя калектывы ўдзельнічалі тады ў такіх мерапрыемствах! Акцёрам былі падуладныя любыя вобразы! Зараз у Беларусі не менш таленавітыя майстры сцэны і ім таксама неабходна паказваць сваё майстэрства. Фестываль будзе падтрымлівацца на рэспубліканскім узроўні і праводзіцца менавіта на базе Мінскай вобласці, якая мае багатыя тэатральныя традыцыі.
“Маладзечанская сакавіца” – фестываль, падчас якога мы казалі шчырае слова “дзякуй” майстрам тэатральнага мастацтва. Тут заўсёды ўшаноўвалі Стэфанію Станюту, Генадзя Гарбука, Мікалая Яроменку і многіх-многіх іншых.
Зараз, на маю думку, неабходна працаваць над арганізацыяй гэтага фестывалю крыху ў іншым фармаце: можна падключыць да ўдзелу як народныя, так і абласныя драматычныя тэатры, якія існуюць зараз у кожнай вобласці, прыцягнуць увагу прафесіяналаў. Гэта дасць магчымасць культурнай сталіцы Міншчыны ўбачыць мэтраў тэатральнага мастацтва і такім чынам пачаць новае жыццё “Маладзечанскай сакавіцы”.
У Прыбалтыцы некалькі дзесяцігоддзяў таму рэгулярна праводзіўся фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле”. Так сталася, ён там “загінуў”. Аднак нам, людзям неабыякавым, хацелася захаваць гэту традыцыю, таму зараз гэты фестываль праходзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на Мядзельшчыне.
– Анатоль Леанідавіч, будзем спадзявацца, што ўсе мэты, што датычацца Маладзечанскага рэгіёну, у бліжэйшы час будуць дасягнуты і прыцягнуць увагу насельніцтва.
– Безумоўна, так: любы рух культуры – гэта ўвага з боку шырокіх слаёў насельніцтва. Далёка не трэба хадзіць – Рэспубліканскі фестываль “Дажынкі”. Здавалася б: свята хлебаробаў, але дзякуючы работнікам культуры да мерапрыемства далучаецца і святкуе ўся краіна. А гэта, у сваю чаргу, захаванне традыцый, а таксама эстэтызацыя і выхаванне грамадства. Культура і мастацтва першасныя!
Гутарыла Кацярына МІСЕВІЧ
______________________________________________________________
Аляксандр Рамановіч: “Год 2011 – час іспытаў”
Кастрычнік зноў заззяў рознакаляровым лісцем, ў паветры кружыць дух творчасці і прыгажосці, а гэта азначае толькі адно – наступіла цудоўнае  свята – Дзень культработніка. У чарговы раз на п’едэстале гонару лепшыя работнікі ўстаноў культуры, якія слаўна папрацавалі на працягу года і па праву атрымаюць узнагароду “Талент”.
Чым жа адметным быў 2011 год, якія былі самыя яркія моманты творчай працы? На гэтыя пытанні адказвае начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Віктаравіч Рамановіч.
– Сапраўды, год багаты на розныя падзеі і святочныя урачыстаці. Сёлета ў нас было тры значных этапы ў творчым жыцці: святочныя ўрачыстасці да Дня горада, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” і, канешне, вянцом усёй карпатлівай працы стаў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Падчас гэтага мерапрыемства працавалі 8 забаўляльных пляцовак, якія курыравалі нашы работнікі культуры разам са сваімі калегамі з іншых абласцей краіны. На працягу трох дзён гледачам былі прадстаўленыя амаль 100 гадзін канцэртнай праграмы, а гэта нямала. Толькі з Маладзечаншчыны выступілі 796 самадзейных артыстаў. Усяго ж удзел у святкаванні прынялі каля 3000 выканаўцаў з рэспублікі.
         Год 2011 – час сур’ёзных іспытаў на трываласць і прафесійную годнасць. Мы зрабілі вялікую арганізацыйную работу ў плане правядзення трох форумаў. Але ў сваю чаргу атрымалі і падарункі. У нас з’явілася новае аснашчэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, гораду падарылі шыкоўны амфітэатр на 2600 месцаў, у якім самае лепшае света- і гукаабсталяванне, аналагаў яму няма ва ўсёй краіне. Менавіта тут падчас правядзення XI  Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі прайшлі першыя гучныя канцэрты. Акрамя таго, мы маем цудоўны рэканструяваны парк культуры і адпачынку з воднай феерыяй. Маладзечна стаў сапраўды цывілізаваным еўрапейскім горадам, дзе ёсць нямала месцаў адпачынку, каб цікава і з карысцю правесці вольны час. У гэтым мы пераканаліся яшчэ падчас завяршэння будаўніцтва ў горадзе. Сотні людзей прыходзілі на плошчу, фатаграфаваліся каля новых скульптур. Іх у нас, як вядома, устанавілі на Цэнтральнай плошчы, чыгуначным вакзале і пры ўездзе ў горад з боку Мінска. Дарэчы, магу раскрыць маленькі сакрэт: у хуткім часе завершыцца стварэнне яшчэ адной выявы, звязанай непасрэдна з горадам – бронзавай граматы. Яе  ўрачыстае адкрыццё плануецца правесці ў дзень першага ўпамінання Маладзечна (16 снежня 1388 года) у лістах князя Дзмітрыя Альгердавіча да князя Вялікага Княства Літоўскага Ягайлы. Памятны знак адкрыюць менавіта 16 снежня.
Важнай і знакавай падзеяй для нашага рэгіёна ў гэтым годзе было адкрыццё новых устаноў культуры. Сёлета ў Маладзечанскім раёне,  у пасёлку Чысць, расчыніў свае дзверы Дом культуры. А ў горадзе з’явіўся Спартыўна-забаўляльны комплекс. Ён змяшчае ў сабе вялікую лядовую арэну на 2200 месцаў. Дарэчы, яе можна рэфармаваць для правядзення розных канцэртаў.
Усе гэтыя падзеі вельмі важныя для жыцця і развіцця нашага краю. І мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што ў Маладзечанкім рэгіёне маем добрых і адданых сваёй справе спецыялістаў, прафесіяналаў з іх творчым падыходам, ініцыятывай, адказнасцю. Галоўным “мярылам” працы падчас апошніх знакавых мерапрыемстваў стала высокая адзнака гараджан і гасцей горада.  А гэта менавіта тое, дзеля чаго і працуюць нашы работнікі культуры – усмешкі людзей, дружныя апладысменты. Прыемна, што ўсё гэта мы атрымалі.
         У дзень прафесійнага свята хачу выказаць усім супрацоўнікам сферы культуры самыя добрыя словы падзякі за іх нялёгкую плённую працу. У нашых установах працуюць 1064 спецыялісты. І заўсёды перад прафесійным святам, каб прадставіць да ўзнагароды “Талент” намінантаў,  вельмі складана вызначыць хто стараўся больш, а хто менш.. Цяжка выбіраць лепшых з лепшых. Усе людзі творчыя і кожны заслугоўвае узнагароды. Таму, хочацца пажадаць, каб пасля ўсіх нашых іспытаў ніхто не пачываў на лаўрах. І каб надалей дух творчасці нікога не пакідаў.
Надзея СТАНКЕВІЧ
______________________________________________________________
Святлана Сарока: “Новыя магчымасці для творчых праектаў”
Гэты год быў багатым і насычаным рознымі падзеямі, святамі, фестывалямі і конкурсамі. Палац сустракаў ІV адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, Рэспубліканскі фестываль па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна”. Работнікі нашай установы прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2011”, Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”.
Трэба сказаць, што значнай падзеяй у творчым жыцці як нашай установы, так і Маладзечанскага раёну стала адкрыццё Летняга амфітэатра. Новая сцэнічная пляцоўка была пабудаваная спецыяльна да “Дажынак”. Аднак менавіта на гэтай сцэне падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі прайшлі самыя першыя і самыя гучныя канцэртныя праграмы. А на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі” амфітэатр быў асноўнай сцэнічнай пляцоўкай  для правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў і ўзнагароджвання лепшых хлебаробаў краіны. Вялікім гонарам для нас стала наведванне амфітэатра Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіч Лукашэнкі. Ён жа прыняў удзел і ў цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў свята.
Мне асабліва прыемна, што амфітэатр перадалі менавіта нашай установе. Мы атрымалі новыя магчымасці ў плане рэалізацыі творчых праектаў. Будынак знаходзіцца ў самым цэнтры горада, ён унікальны і непаўторны па сваёй архітэктуры і размяшчэнню. Новае света- і гукаабсталяванне дазваляе праводзіць мерапрыемствы самага высокага ўзроўню. З ранняй вясны да позняй восені акрамя выступленняў калектываў мастацкай самадзейнасці тут можна праводзіць тэатральныя прадстаўленні, канцэртныя праграмы зорак не толькі расійскай і беларускай эстрады, але і замежных артыстаў. Летні амфітэатр – сапраўдны цудоўны падарунак для жыхароў і гасцей Маладзечна.
Вось і настала прафесійнае свята – Дзень работнікаў культуры. З гэтай нагоды хачу павіншаваць адмыслоўцаў, прафесіяналаў і аматараў, усіх працаўнікоў у вобласці культуры. Без такіх, як вы, творча нястомных, захопленых, закаханых у мастацтва людзей, якія служаць  і схіляюцца яму, наша жыццё было б пазбаўлена свята, цуду і творчасці. Дзякуй вам, мае сябры і калегі! Жадаю вам новых творчых адкрыццяў і здзяйсненняў, поспеху і прызнання, аднадумцаў і таленавітых вучняў, здароўя і бадзёрасці духу!
__________________________________________________________
 
Непрыкметна скончылася летняя гарачая пара, саступіўшы месца не менш яркай і багатай на хвалюючыя падзеі залатой восені. Сёлета яна стала адметнай яшчэ і як ніколі багатым творчым жыццём: адзін фестываль за другім сустракала Маладзечанская зямля. Сваё прафесійнае свята ў гэтым годзе ўсе работнікі культуры нашага рэгіёну могуць адзначаць з пачуццём выкананага абавязку: “дзяржаўныя экзамены” – ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” і Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” – здадзеныя!
Узнагародзіць чалавека за руплівую і адданную працу ў сваёй галіне – справа гонару. Напрацягу трынаццаці год у Маладзечанскім рэгіёне існуе добрая і такая патрэбная традыцыя – вызначаць лепшых прадстаўнікоў сферы культуры і ўзнагароджваць іх спецыяльнай прэміяй “Талент”. Перад вамі пераможцы гэтага года.
 
Культработнік года
Сваю працоўную дзейнасць у сферы культуры Святлана Мікалаеўна Адамушка пачала яшчэ ў гарадскім Доме культуры і з першых гадоў працы заваявала аўтарытэт і прызнанне калег.
У Палацы культуры працуе з 2002 года. Спачатку займала пасаду  метадыста па культурна-дасугавай дзейнасйі, а ў жніўні 2010 стала загадчыцай гэтага аддзела. Святлана валодае майстэрствам сцэнарнага слова, займаецца падрыхтоўкай і правядзеннем рэспубліканскіх, абласных, раённых святаў, фэстаў і конкурсаў. На высокім мастацкім узроўні праходзяць арганізаваныя пад яе кіраўніцтвам культурна-масавыя мерапрыемствы: шматлікія святы, яркія шоу, патрыятычныя мітынгі, вечары адпачынку, гульнёвыя і забаўляльныя праграмы.
Прафесіяналізм Святланы Мікалаеўны ў якасці вядучай заўсёды адзначаюць як гледачы, так і арганізатары мерапрыемстваў. За ўсе даручаныя ёй мерапрыемствы бярэцца з адказнасцю і веданнем справы, выконвае іх граматна і якасна. Накоплены вопыт перадае маладым спецыялістам. Неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі.
 
Дырэктар года
Алена Расціславаўна Сакалоўская ў галіне культуры Маладзечанскага раёна ад 1998 года. Працавала ў Палацы культуры з 2002 па 2010 год на пасадзе загадчыцы аддзела культурна-дасугавай дзейнасці. Са жніўня мінулага года з’яўляецца дырэктарам Дзіцячага Цэнтра культуры “Расток”.
На працягу года Алена Расціславаўна, сумяшчаючы адміністратыўна- гаспадарчую работу і творчую працу, як рэжысёр падрыхтавала і арганізавала правядзенне шэрагу масавых мерапрыемстваў: раённае свята “Масленічныя забавы”, міжабласны семінар па рабоце дзіцячых культурных устаноў, “Свята дзяцінства”, фестываль моладзевай альтэрнатыўнай культуры “Party на Дажынках” і іншыя.
Творчыя праекты Алены Расціславаўны адрозніваюцца неардынарнасцю і навізной. Падцверджаннем таму з’яўляецца тэатралізаваная рэклама горада “Упрыгожым свята сваёй сям’ёй”, якая выклікала вялікую цікавасць у жыхароў Маладзечна і прадстаўнікоў СМІ.
Алена Расціславаўна Сакалоўская творчы і таленавіты кіраўнік, які пастаянна імкнецца да самаўдасканальвання. Неаднаразова яна ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі Упраўлення культуры Мінаблвыканкама і Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэту, двойчы была ўдастоена спецыяльнай прэміі “Талент” у намінацыі “Рэжысёр года”.
 
Кіраўнік творчага калектыву
Амаль дваццаць гадоў настаўніцай па харавым класе ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў працуе Вольга Паўлаўна Бялько. За гэты час яна паказала сябе адказным, ініцыятыўным  і граматным работнікам. Вольга Паўлаўна аптымістычны чалавек, прафесіянал, захоплены сваёй працай. Яна з’яўляецца кіраўніком узорнага хору “Журавачка”, хору хлопчыкаў і юнакоў “Пеўнікі”, народнага ансамбля народнай песні “Харашуха”, якія пастаянна ўдзельнічаюць у абласных, раённых і гарадскіх мерапрыемствах.
За гады працы Вольга Паўлаўна Бялько набыла павагу і аўтарытэт  сярод работнікаў культуры, калег па працы, навучэнцаў і іх бацькоў. Яе дзейнасць неаднаразова адзначалася Ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністаў, Міністэрства культуры, спецыяльнай прэміяй Мінаблвыканкама ў намінацыі “Эстэтычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў”. Тры разы была адзначаная спецыяльнай прэміяй Маладзечанскага райвыканкама “Талент”: двойчы ў намінацы “Педагог года” і адзін раз стала пераможцай у намінацыі “Кіраўнік творчага калектыву”.
 
Майстар года
На працягу дванаццаці гадоў Наталля Мікалаеўна Баравая працуе ў Раённым цэнтры рамёстваў кіраўніком гуртка саломапляцення. Акрамя таго, паспявае праводзіць заняткі і майстар-класы па саломапляценню на базе філіяла РЦР у вёсцы Гарадок. Майстар мае вялікі творчы патэнцыял. Менавіта яна паклала пачатак стварэнню цыкла работ храмаў Маладзечаншчыны і замкаў Беларусі.
Усе работы Н.М. Баравой створаныя як у сучасным стылі, так і ў  народных беларускіх традыцыях. Яна займалася афармленнем вітрыны магазіна г. Маладзечна “Універмаг”. Увесь дызайн і  ўсе дэталі былі выкананыя па яе індывідуальным эскізе.
Жанчына прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Рэспублікаскага фестывалю-кірамашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011”: яна распрацоўвала адзін з галоўных атрыбутаў свята – дажыначны вянок.
Наталля Мікалаеўна пастаянная ўдзельніца шматлікіх конкурсаў і выстаў, па выніках якіх была адзначаная дыпломамі і ўзнагародамі. Яна з’яўляецца яркім прадстаўніком маладога пакалення па адраджэнню і развіццю народных рамёстваў.
 
Бібліятэкар года
У  Палачанскую сельскую бібліятэку  Яніна Сцяпанаўна Пякарская прыйшла працаваць у 1987 годзе. Яна мае асобы творчы падыход да сваёй справы, працуе ў цесным кантакце з мясцовым Домам культуры, школай.
Яніна Сцяпанаўна праявіла сябе добрым арганізатарам, ініцыятыўным і сумленным працаўніком. Валодае навыкамі работы з аўдыторыяй, праводзіць цікавыя бібліятэчныя вечарыны. Трэба сказаць, што жанчына аргнаізавала работу па абслугоўванню інвалідаў і адзінокіх людзей на даму.
Яна надае вялікую ўвагу краязнаўчай рабоце – у памяшканні  бібліятэкі экспануецца краязнаўчая выстава “Зямля, дзе я нарадзіўся”. Тут сабраны багаты матэрыял пра вёску і гісторыю калектыўнай гаспадаркі, пра людзей, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Палачанскай зямлі. Пры бібліятэцы працуе краязнаўчы клуб “Спадчына”. Шмат увагі адводзіцца духоўнаму выхаванню чытачоў бібліятэкі. Намаганнямі Яніны Сцяпанаўны наладжана сувязь бібліятэкі з касцёлам Святога роха.
За сваю працу неаднаразова была адзначаная Ганаровымі граматамі.
 
Настаўнік года
Сяргей Пятровіч Ярук – выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе вучыўся ў класе Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь А.Я. Крамко, і атрымаў добрыя прафесійныя навыкі, паспяхова авалодаў шэрагам беларускіх народных духавых інструментаў. У 2009 годзе, пасля заканчэння магістратуры БДУКіМ, яму была прысвоена ступень магістра мастацтвазнаўства.
За два гады працы ў Лебедзеўскай дзіцячай школе мастацтваў, куды прыйшоў пасля ВНУ, зарэкамендаваў сябе як старанны, дысцыплінаваны і працавіты настаўнік. Да заняткаў з вучнямі ставіцца адказна і добрасумленна. З верасня мінулага года ўзначальвае народнае аддзяленне, кіруе школьным аркестрам народных інструментаў. Сёлета аркестр пад яго кіраўніцтвам атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласным конкурсе ансамбляў у Салігорску. А яго вучань М. Рэгіно стаў лаўрэтам Першага Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу музычнага мастацтва Рэспубліі Беларусь “Спадчына”.
_______________________________________________________________
 Дажыначны марафон
           Адгулі “ Дажынкі-2011” у  Маладзечне. Рэспубліканскі фестываль-кірмаш прынёс з сабой незабыўныя тры дні святочных мерапрыемстваў, якія  праходзілі па ўсяму гораду. Рэха гэтай значнай для маладзечанцаў падзеі будзе яшчэ доўга чутно ў наваколлі. Вось гэта было свята дык свята!
          Яркае і дынамічнае, вясёлае і шумнае, багатае і шчодрае – яно нікога не пакінула абыякавым. Вялікі гонар нашаму маладечанскаму краю вітаць у гэтым годзе “Дажынкі-2011”.
         Значыць, мы лепшыя, мы працавітыя, мы вартыя таго, каб наш горад называлі культурнай фестывальнай сталіцай! Аднак для таго, каб гэта традыцыйнае свята, якое год ад году змяняе месца свайго правядзення, змагло разгуляцца ў нас, давялося прыкласці шмат сіл і намаганняў.
 
 Да свята рыхтаваліся ўсе!
           Пачалося ўсё з добраўпарадкавання раёна, які мяняўся на вачах: будаўнікі шчыравалі і днём, і ноччу. Пры ўездзе ў горад з боку Мінскага напрамку зараз усіх ласкава вітае пятнаццацімятровая статуя Багародзіцы. У парку адпачынку ў адно імгненне вырас Летні амфітэатр, зроблены штучны вадаём, забруіўся рознакаляровы каскад фантанаў. У памаладзелым горадзе з’явіўся сучасны Спартыўна-забаўляльны цэнтр. На вакзале – прыгажуня студэнтка з бронзы . На Цэнтральнай плошчы – скульптурная кампазіцыя юнака і дзяўчыны з сімвалам горада – папараць-кветкай. Вуліцы набылі зусім іншы каларыт, дамы расквеціліся яркімі фарбамі і навокал кветкі, кветкі, кветкі... Ад іх дурманячага паху кружыліся галовы. Дажынкі прайшлі, сталі гісторыяй, а прыгожае новае ўбранства горада засталося – і гэта здорава!
 
Час напружанай і адказнай працы
Работнікі культуры, у тым ліку і супрацоўнікі Палаца, прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гэтай урачыстасці. Былі  задзейнічаны ўсе: дырэктар Святлана Рыгораўна Сарока, прадстаўнікі творчых аддзелаў, работнікі гаспадарчай службы, супрацоўнікі бухгалтэрыі, тэхнічны персанал – спраў хапіла на кожнага.
Прадстаўнікі адміністратыўна-гаспадарчай часткі выканалі вялікі аб’ём работы па добраўпарадкаванню ўнутры Палаца культуры і ў новым структурным падраздзяленні нашай установы – Амфітэатры. Шматлікія госці адчулі, што іх сапраўды чакалі, артысты ацанілі ўнутранае ўбранства і камфорт новых грымёрак у Амфітэатры. А ўся прыгажосць восеньскіх кветак, пасаджаных руплівымі рукамі работнікаў Палаца культуры, і зараз радуе гараджан і гасцей Маладзечна.
Спецыялісты інжэнерна-тэхнічнага комплексу і сектара святло-гука-відэа абсталявання ў рэкордна кароткі тэрмін здолелі асвоіць новую тэхніку, аналагаў якой пакуль няма ва ўсёй рэспубліцы. Мелодыі з Амфітэатра, які стаў самай галоўнай канцэртнай пляцоўкай, чуліся далёка па-за паркам. Менавіта на новай сцэне прайшлі самыя значныя і адказныя ўрачыстасці фестывалю: цырымонія ўручэння прэмій лепшым хлебаробам з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Каардынатарам на галоўнай пляцоўцы “Дажынак-2011” ад Палаца культуры была Галіна Акулёнак, якая падчас фестывалю дапамагала сталічным рэжысёрам вырашаць шматлікія пытанні па арганізацыі і правядзенні рэпетыцый. Наладжаная работа Амфітэатра – вялікая заслуга ўсіх служб, якія адказна аднесліся да выканання сваіх абавязкаў.
Так атрымалася, што нашы людзі працавалі ў час Рэспубліканскага свята на самых адказных аб’ектах. Напрыклад, Святлана Адамушка выконвала ролю вядучай на адкрыцці сімвалічнай Алеі гісторыі “Дажынак” у Парку культуры і адпачынку “Перамога” з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і старшынь абласных выканаўчых камітэтаў.
         Зладжана курыравалі шматлікія калектывы з Мінскай вобласці Валянціна Жаўняровіч, Святлана Плікус, Балармаа Дашдордж, спецыялісты аддзела культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Інфармацыйны аддзел арганізаваў і правёў маштабную “дажыначную” рэкламную кампанію.
Акрамя таго, супрацоўнікі Палаца культуры ў час правядзення фестывалю-кірмашу былі замацаваныя яшчэ за дзвюма канцэртнымі пляцоўкамі. На “Чайна-мядовай” пляцоўцы гасцей частавалі духмянай гарбатай і салодкім мядком. А “Беларускі агарод смачна корміць круглы год” прапаноўваў у падарунак сваім гледачам бульбу, моркву, цыбулю ды буракі. Два дні нязменнымі вядучымі на гэтых пляцоўках былі Таццяна Цэгалка (Чаёўна) і Павел Бандарэнка (Мядок), Ларыса Шавейка (Цыбуліха) і Марына Юхневіч (Гарбузіха). Яны з гумарам, імправізацыяй і артыстызмам вялі канцэртныя праграмы. Курыравалі пляцоўкі Таццяна Тарасава і Наталля Цар.
Акрамя мясцовых артыстаў, да нас на свята завіталі спевакі і танцоры з усёй Рэспублікі! Рэпертуар быў на любы густ.
Мастацка-афарміцельскі аддзел на чале з Таццянай Туроўскай распрацавалі эскізы і прыгожа, з густам аформілі сцэнічныя пляцоўкі. Таксама мастакі Палаца культуры займаліся вырабам афіш і праграмак да фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2011”, бэйджаў для ўдзельнікаў свята.
 
Нашы калектывы на Рэспубліканскім свяце
Выпаў гонар паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах некаторым калектывам Палаца культуры. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Спадчына” на чале з Іосіфам Сушко прымаў удзел у шэсці “Шлях да хлеба” і ў святочным канцэрце 1 кастрычніка ў Амфітэатры. Госці і маладзечанцы з ахвотай падхоплівалі мелодыі разам з удзельнікамі студый “Жывы гук” і “Спяваем разам”, а таксама з народным вакальным ансамблем “Менестрэлі”. Танцоры з калектываў “Сонечныя праменьчыкі”, “ВіЗаВі”, “Каскад” заварожвалі прысутных сваёй лёгкасцю і грацыяй. Яшчэ раз даказалі, што “сталасць не бяда – была б душа малада” удзельнікі клуба “Адпачынак”. Струнны квартэт “Мьюс” прыйшоўся ўсім да спадобы арыгінальным выканаўчым майстэрствам разнажанравых музычных твораў.
На пляцоўцы “Ганчарны свет” адбыўся паказ мадэляў з удзелам студыі “Шарм.”, якой кіруе Зінаіда Уладыка. Прысутнасць дзяўчат мадэльнай студыі ўпрыгожыла масавае шэсце “Шлях да хлеба”. Гэтыя ж красуні сустракалі і афіцыйныя дэлегацыі.
Незабыўную і каларытную выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадэманстраваў аматарскі клуб лозапляцення “Вербачка” пад кіраўніцтвам Генадзя Унукава на пляцоўцы “Рамесная слабада”.
Насычанасць, як падрыхтоўчага этапа так і самога свята, была настолькі  шырокай і бязмежнай, што немагчыма адразу ўсё абагульніць і перадаць у адным газетным артыкуле. Дажыначны марафон з годнасцю прайшоў на Маладзечанскай зямлі.
Мы жадаем гарадам, якія прымуць гэту святочную эстафету, адчуць вялікую асалоду і шчасце ад разумення таго, што менавіта іх горад абраны сталіцай традыцыйнага свята – Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”.

 

 

Марына Юхневіч спецыяльна для “Авацыі”