Оставить отзыв:












Час жыць – час тварыць


 
Маладзёжны творчы форум “Час жыць” прайшоў у нашым горадзе 25 верасня на базе Палаца культуры і Амфітэатра. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўная ўстанова “Палац культуры г.Маладзечна” і Маладзёжны клуб зносін і творчасці “Дыялог+”.
 
***
Галоўнай мэтай форуму з’яўляецца садзейнічанне духоўна-маральнаму выхаванню маладога пакалення праз інтэнсіўнае далучэнне падлеткаў і моладзі ў творча актыўнае асяроддзе, валанцёрскі рух і сацыяльна-знакавыя праекты. Сярод асноўных задач можна выдзеліць наступныя: стварэнне ўмоў для пераадольвання стану адчужэння, камп’ютарнай залежнасці, крызіснага стану ў маладзёжным асяроддзі; прафілактыка наркаманіі, алкагалізму, асацыяльных паводзін; падтрымка інтэнсіўнай жыццёвай прасторы дзеля зносін і супрацоўніцтва моладзі горада і раёна; далучэнне да працэсаў сацыялізацыі ўсіх катэгорый моладзі; садзейнічанне ў арганізацыі вольнага часу і занятасці моладзі, а таксама фарміраванне пазітыўных жыццёвых каштоўнасцяў, адказнасці за жыццё.
 
***
 
З самага ранку 25 верасня ў Палацы культуры і ля яго ваколіцы ва ўсю кіпела жыццё. Маладзечанцы рыхтаваліся да творчага форуму “Час жыць”: адны замацоўвалі на прышчэпкі фотаздымкі, хтосьці папраўляў крылы, іншы раздаваў жыхарам і гасцям горада праграмкі фэсту… Пачалася доўгачаканая падзея а 12 гадзіне ў малой зале Палаца. За імправізаваным “круглым сталом” запрошаныя эксперты разам з аўдыторыяй абмяркоўвалі важную тэму ў сённяшнім жыцці – “Альтэрнатыва: Вяртанне ў рэальнасць”.
Падчас сустрэчы разам з кіраўнікамі моладзевых аб’яднанняў, псіхолагамі, сацыяльнымі педагогамі, куратарамі, педагогамі-арганізатарамі, бацькамі і прадстаўнікамі ўлады Маладзечаснкага раёну ўздымалі пытанні неблаганадзейных і праблемных сямей, падлеткавага алкагалізму і інш.
Удзел у паседжанні за “круглым сталом” прынялі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю, дырэктар ДУ “Палац культуры г.Маладзечна” Святлана Сарока, намеснік старшыні Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Людміла Канановіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Маладзечанскага райвыканкама Вольга Клепакова, кіраўнік Маладзёжнага клуба зносін і творчасці “Дыялог+” Марына Валасковіч, кіраўнік Цэнтра кіравання ведамі і кампетэнцыямі інстытута філасофіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, прафесіянальны коуч ICU, бізнес-трэнер Аляксандр Мірашнічэнка, протаіерэй Свята-Петрапаўлаўскага сабора г.Мінска, кіраўнік клуба праваслаўных следапытаў “Няміга” Аляксандр Ледаховіч, загадчык псіха-неўралагічнага дыспансера г.Маладзечна, урач-псіхатэрапеўт Аляксандр Бажко.
 
***
Адным з мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рамках форуму “Час жыць!”, стала маладзёжная інтэрактыўная пляцоўка “Навігатар”. У час дыскусіі разам з глядацкай залай абмяркоўвалі плюсы і мінусы інфармацыйных тэхналогій, а таксама разважалі над прадказаннямі вядомага амерыканскага вынаходніка і футуролага Рэйманда Курцвейла. Па яго тэорыі чалавецтва не мінуе з’яўленне штучнага інтэлекту і сродкаў радыкальнага падаўжэння жыцця людзей. Згодна з Курцвейлем, у будучым людзі дасягнуць амаль неабмежаванага матэрыяльнага багацця і змогуць стаць безсмяротнымі. Ён таксама даў абгрунтаванне тэхналагічнай сінгулярнасці – фенаменальна хуткага навукова-тэхнічнага прагрэсу, заснаванага на магутным штучным інтэлекце (які пераўзыходзіць чалавечы) і кібаргізацыі людзей. Адныя з прадказаннямі амерыканца пагаджаліся, другія наадварот – даказавалі, што ніякія інавацыйныя тэхналогіі не змогуць замяніць чалавечыя зносіны і мысленне.
Сярод выступоўцаў на маладзёжнай інтэрактыўнай пляцоўцы “Навігатар” шмат было моладзі і падлеткаў, якія расказвалі пра валанцёрскія паездкі, акцыі, творчую дзейнасць. Так, напрыклад, удзельнікі клуба “Дыялог +” падзяліліся ўражаннямі ад дабрачыннай акцыі “Печеньки с радостью”, падчас якой яны выпякалі пячэнне разам з выхаванцамі аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маладзечанскага раёна; расказалі пра паездку ў Крывіцкае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №3 закрытага тыпу”, дзе прадставілі праграму “Мы гаворым пра жыццё”; Аркадзь Казырскі запрасіў ініцыятыўных людзей з цікавымі задумкі ў сваю студыю “Stage”…
 А ўвогуле, падчас мерапрыемства шэраг арганізацый і клубаў прапанавалі прысутным у зале далучыцца да іх каманды і разам ствараць шматлікія знакавыя праекты. У сваю суполку запрасілі клуб зносін і творчасці “Гармонія”, духоўна-патрыятычнае аб’яднанне “Светач”, валанцёрская каманда з горада Баранавічы, школа файер-шоу “Шарп”, творчая студыя “Stage, маладзёжны клуб зносін і творчасці “Дыялог +”, народны тэатр “Метамарфозы”.
 
 

Надзея Станкевіч.

 

Фота Яўгена Стэльмаха.