Оставить отзыв:












ХІХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2019” запрашае!

  Больш за чвэрць гадоў Маладзечна гасцінна збірае аматараў і прыхільнікаў творчасці на адно з самых значных культурных падзей горада і краіны – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”. 
  У чарговы раз урачыстае мерапрыемства парадуе прысутных насычанай праграмай на працягу 7 – 8 чэрвеня. На галоўных гарадскіх пляцоўках адбудуцца шматлікія творчыя сустрэчы, цікавыя выставы, тэатральныя пастановы і самае галоўнае – конкурсмаладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
  Прысвечана будзе сёлетняя маштабная падзея 75-годдзю з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Году малой радзімы.
      7 чэрвеня
  Чыстыя галасы, натхнёныя асобы, любоў і беражлівае стаўленне да беларускага слова, яркія сцэнічныя касцюмы, запамінальныя выступы – усё гэта Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які жыхары і госці горада сустракаюць разам з фестывалем беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.
   У першы дзень канцэртная зала Палаца культуры запрашае гасцей фестывалю на ІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які пройдзе ў 10.30 пад фанаграму “-1”. Пачынаючыя артысты прадставяць усе вобласці краіны і горад Мінск (усяго 21 удзельнік – па тры прадстаўнікі ад кожнай вобласці і сталіцы). Да ўдзелу дапускаюцца маладыя выканаўцы ва ўзросце ад 16 да 31 года, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
  А ўжо III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні распачнецца на сцэне Палаца культуры ў 15.00 у суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам  Міхаіла Фінберга. Працу з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам маладыя спевакі лічаць выдатнай школай прафесійнага майстэрства.
 
***
  Як вядома, на гэтым дзівосным свяце аднымі з галоўных дзейных асоб з’яўляюцца мэтры прыгожага слова – паэты, чыя ўзнёслыя радкі глыбока кранаюць, радуюць, напаўняюць сэрца чуллівым хваляваннем.
  “Мой родны кут, як ты мне мілы” – такую назву атрымала паэтычная пляцоўка  з удзелам беларускіх паэтаў, якая адбудзецца ў канцэртнай зале Маладзечанскай ДШМ. Літаратурная імпрэза, прысвечаная самым дарагім мясцінам, якія заўсёды застаюццца ў патаемных куточках сэрцаў, пачнецца ў 15 гадзін.
   Не прапусціце магчымасць сустрэцца з беларускімі творцамі, пабываць там, дзе валадарыць Паэзія.
 
***
  У малой зале Палаца культуры ў 16.00 адбудзецца інтэрв’ю з вядомымі асобамі ў рамках аўтарскай праграмы “Суразмоўцы” пісьменніка Навума Гальпяровіча. У бяседзе са знакамітымі гасцямі Навум Якаўлевіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіццё беларускай літаратуры, ролю роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры. У якасці гасцей запрошанызаслужаны дзеяч мастацтваўбеларускі драматург Аляксей Дудараў і паэт-песеннік Уладзімір Мазго.
 
***
  Дакрануцца да гісторыі можна будзе падчас выставы “Аб вайне і Перамозе”Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, прысвечанай 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
  Другая сусветная вайна стала цяжкім трагічным выпрабаваннем для ўсіх народаў былога Савецкага Саюза. Гісторыя вызвалення Беларусі будзе прадстаўлена ў гістарычных дакументах, франтавым жывапісе, графіцы, ваенных здымках і газетах.
  У рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь помнит” Беларускі саюз жанчын ініцыяваў правядзенне маштабнай акцыі “Беларусь помнит. Женское лицо Победы” пры падтрымцы Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага архіва Беларусі. У цэнтры ўвагі акцыі – Жанчына і яе подзвіг.
  Фотавыстава “Беларусь помнит. Женское лицо Победы” пройдзеў выставачнай зале Палаца культуры, дзе будуць прадстаўлены партрэты жанчын-франтавікоў, герояў вайны, якія, негледзячы на крохкі стан і юнацтва, вытанчанасць і далікатнасцьпраяўлялі сілу духу і характар, мужна змагаліся дзеля Вялікай Перамогі.
  На мерапрыемстве будзе прысутнічаць удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, маладзечанка – Алена Пятроўна Галаван.
  Колькі б гадоў не прайшло з той жудаснай вайны, подзвіг савецкага народа натхняе пісьменнікаў і паэтаў, кампазітараў і мастакоў на стварэнне несмяротных твораў пра гераічныя падзеі тых часоў, каб захаваць гістарычную памяць для нашчадкаў. Падчас мерапрыемства пройдзе прэзентацыятрох кніг з навукова-папулярнай серыі “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці.”
   Экспазіцыя адбудзецца ў выставачнай зале Палаца культуры ў 17 гадзін.
 
***
  У 17.30 запрашаем аматараў літаратурнага і музычнага мастацтва сустрэцца з вядомымі паэтамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры Беларусі. У канцэртнай зале Палаца культуры адбудзеццамузычна-паэтычная гасцёўня “Пад небам Бацькаўшчыны роднай”. У ёй прымуць удзел паэты, якія з вялікай прыхільнасцю ставяцца да малой радзімы, і іх творчасць у значнай ступені прысвечана гэтай тэме. Яны зачытаюць свае лепшыя творы, якія ўвойдуць у зборнік  паэзіі і прозы “Мая Радзіма”. Ён рыхтуецца да выдання у рэдакцыйна-выдавецкай установе “Выдавецкі дом “Звязда”. Пад адной вокладкай сабраны вершы – прызнанні ў адданай любові сваёй Айчыне – азёрнаму краю з тысячамі блакітных вачэй, якімі пазірае ён на Млечны шлях. Гэта сваё захапленне Радзімай перададуць і маладзечанскаму гледачу майстры прыгожага мастацкага слова.
  У мерапрыемстве прымуць удзел заслужаны дзеяч мастацтваў Алег Елісеенкаў і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, галоўны дырыжор – Рыгор Сарока.
 
***
  Мінскі абласны драматычны тэатр запрашае ў 18 гадзін на спектакль “Не пакідай мяне” – баладу па п’есе Аляксея Дударава, якая прысвечана трагічным ваенным падзеям. 
  Спектакль стаў візітнай карткай сталічнага Драматургічнага тэатра Беларускай арміі, якім пэўны час кіраваў сам аўтар п’есы.
  Спектакль “Не пакідай мяне” як раз і расказавае пра тое, як учарашнія школьніцы, маладыя дзяўчаты, апынуліся ў самай гушчы баявых дзеянняў, не шкадуючы сябе, стараліся выканаць ускладзеную на іх крохкія жаночыя плечы місію… Наіўнае, часам яшчэ дзіцячае светаўспрыманне гераінь сутыкаецца з суровай, крывавай праўдай вайны – на гэтым і закручана асноўная спружына дудараўскага твора. 
 
***
  На сцэне летняга Амфітэатра ў 21.30 пройдзе ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Жыхары і госці Маладзечна змогуць пабачыць прэм’еру канцэрта Песні вайны”. Музычнае мерапрыемства прысвечана 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праграму прадставяць салісты Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг.
  Падчас канцэрта будзе зачытан прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка. Таксама адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
  Святочны феерверк стане яркай кропкай першага фестывальнага дню.
 
8 чэрвеня
 Другі дзень музычнага свята адкрые канцэрт акадэмічнай музыкі творчых калектываў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны  дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. Выступленне артыстаў  адбудзецца ў канцэртнай зале Маладзечанскай школы мастацтваў у 11.00.
 
 ***
  Працягне насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі”лаўрэатаў VІІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2019”, які пачнецца ў 12.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.
  Конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок” праходзіць з 2005 года. Ён папулярызуе дзіцячую і юнацкую эстрадную творчасць, павышае мастацкі ўзровень юных выканаўцаў эстраднай песні. “Маладзiчок” дае магчымасць раскрыць і падтрымаць новыя таленты, праявіць творчыя здольнасці асобы, а таксама развіць духоўны, інтэлектуальны і культурны патэнцыял моладзі.
  Журы конкурсу складаецца з заслужаных дзеячаў культуры Рэспублікі Беларусь, кампазітараў і артыстаў. Сярод іх мастацкі кіраўнік адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, старшыня ГА “Саюз кампазітараў Рэспублікі Беларусь”, старшыня камісіі “Мастацтва эстрады” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні “Спяваем разам” Палаца культуры г. Маладзечна Алена Віктараўна Атрашкевіч.
 
***
  Мінскі абласны краязнаўчы музей запрашае ў 13 гадзін на выставу мастацкіх вырабаў са шкла “Гармонія шкла”
  Упершыню ў Маладзечне будуць дэманстравацца творы Пятра і Таццяны Арцёмавых. Гэта аўтарскія вырабы з каляровага і бязколернага крышталю: шматфігурныя кампазіцыі, дэкаратыўныя напольныя і настольныя вазы, посуд. Мастакі ствараюць вобраз за кошт формы, колера, геаметрычнага гранення і шліфавання. Іх прамысловыя распрацоўкі і творчыя працы экспанаваліся ў Будапешце, Брно, Познані, Варшаве, Лондане, Парыжы, Токіо, Осацы, Хельсінкі, Нью-Дэлі. Эксклюзіўныя кампазіцыі “Купалле” і “Планета” упрыгожваюць інтэр’еры ААН у Нью-Йорку. Пётр і Таццяна Арцёмавы з’яўляюцца аўтарамі прызоў Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар”. У Рэспубліцы Беларусь творы мастакоў знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, Мінскага і Віцебскага абласных музеяў, Барысаўскага аб’яднанага музея. 
 
***
  Працягваючы тэму высокага мастацтва, Чысцінскі сельскі Дом культуры ў 16.00 будзе сустракаць гасцей нацыянальнага фестывалю на канцэрце джазавай песні ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
 
***
  Для тых, хто любіць цёплыя сустрэчы і душэўныя размовы, трэці год запар праходзіць праект “Асоба эпохі”, дзе героямі становяцца жанчыны-легенды. Тут можна паслухаць цікавыя гісторыі з іх жыцця, задаць пытанні і вынесці для сябе сакрэты поспеху.
  У гэтым годзе гераіняй праекта стане заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядомая спявачкаНадзея Мікуліч. Сустрэча з яркай і цікавай асобай эпохі адбудзецца ў 16.00 у малой зале Палаца культуры.
 
***
  Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіць спектакль “Янка Купала: жыццё ў свеце маланак”. Музычная драма-версія, заснаваная на свабоднай трактоўцы падзей з жыцця класіка беларускай літаратуры.
  Гэта гісторыя адной няпростай любові – народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі. Тут і закаханасць, і запал, і смутак.
  Рэжысёр-пастаноўшчык – Міхаіл Кавальчык.
  У Год малой радзімы гэты спектакль з’яўляецца данінай павагі вялікаму беларускаму паэту.
  Спектакль адбудзецца на сцэне Палаца культуры ў 18.00.
 
***
   Яскравым завяршэннем фестывалю ў Маладзечне стане канцэрт-закрыццё ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2019”, які пройдзе на галоўнай пляцоўцы – летнім Амфітэатры ў 21.30. Жыхары і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы “Зорны карагод” Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусіз удзелам артыстаў беларускай эстрады. Галоўны матыў канцэртнай праграмы “Зорны карагод” творчая садружнасць ансамбля з лепшымі выканаўцамі краіны, якая складаецца ў зорную повязь рухаў, мелодый і жанраў.
  Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча 60 гадоў з’яўляецца лепшым калектывам краіны. Ён абавязковы ўдзельнік Міжнародных фестываляў мастацтва ў Беларусі і за яе межамі, прадстаўнік культуры Беларусі ў розных краінах свету, зорка святочных і знакавых мерапрыемстваў краіны.
    7-8 чэрвеня
  На працягу двух фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так,“Фестывальная талака” прапануе гараджанам і гасцям горада выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. Народныя майстры, умельцы горада і раёна, майстры-госці фестывалю змогуць прыняць удзел у раённым конкурсе па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву “Вытокі майстэрства”.
  Пачне сваю работу АРТ-ФЭСТ “ЛянОК”. Работа пляцоўкі будзе прысвечана аднаму з сімвалаў нашай краіны, адзінай прадзільнай культуры ў рэспубліцы – льну. Многія айчынныя дызайнеры і рамеснікі актыўна ўвасабляюць у жыццё свае ідэі, выкарыстоўваючы нацыянальную культуру. У рамках арт-фэсту пройдзе канцэртная праграма.
  Запрашаем наведаць выставу-продаж “Льняныя дзівосы”вырабаў з ільну тэкстыльных і швейных прадпрыемстваў, дызайнераў, самабытных майстроў і ўмельцаў Беларусі, удзельнікаў АРТ-ФЭСТу “ЛянОК”, у рамках якога адбудзеццатворчая дэманстрацыя “ЭкаСтыль”Так,кожны зможа назіраць і ацаніць прамысловыя і дызайнерскія калекцыі мадэляў жаночага, мужчынскага, маладзёжнага, дзіцячага адзення і аксесуараў з ільну. Стыльным і цікавым будзе дэфіле льяной вопраткі.
  Магчымасць набыць тавары народнага спажывання з’явіцца на выставе-продажу “Беларускі пачастунак”.
Пабачыць беларускія краявіды, каларытнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна будзе падчас“Мастацкага пленэру”.
  Знойдуць сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага Маладзечна, наведаўшы творчыя пляцоўкі “Тэрыторыя дзяцінства” і “Арт-старт”.

 
Інфармацыйны аддзел Палаца культуры
Фота: Я.Стэльмах