Оставить отзыв:












Гартаем старонкі фестывалю «Маладзечна»

  Фестываль стартаваў у 1993 годзе.

  7-8 чэрвеня наш горад будзе сустракаць удзельнікаў і гасцей ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2019». Ён з’яўляецца візітнай карткай нашага краю. У час фестывальных дзён узнесла і велічна гучыць родная мова, набываюць новае жыццё творы беларускіх класікаў, адкрываюцца маладыя таленты. 
  Гартаючы старонкі «Маладзечанскай газеты», можна прайсціся фестывальнымі дарогамі, успомніць імёны людзей, што стваралі гісторыю фестывалю. Сёння мы нагадаем яго галоўныя падзеі.

   Усё мае свой пачатак
    Чэрвень 1993 года. Галоўная фестывальная пляцоўка — гарадскі стадыён на восем тысяч месцаў.
    На адкрыцці фестывалю народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч сказаў:
— На нашых песнях ляжыць адбітак нашага гістарычнага лёсу. Паэзія і музыка даюць упэўненасць, натхненне і плён…
  Маладзечанцы і госці горада апладзіравалі акадэмічнаму канцэртнаму аркестру пад кіраўніцтвам М.Фінберга, наведвалі канцэрты сучаснай беларускай песні, рок-гуртоў, праграму «Джаз апоўначы». Запамінальнымі былі сустрэчы з вядомымі беларускімі паэтамі і пісьменнікамі. 
    «Маладзечанская газета» аб фінальным мерапрыемстве пісала: «Такой колькасці гледачоў не ведаў яшчэ наш стадыён. Ужо за гадзіну да пачатку цырымоніі закрыцця фестывалю на трыбунах не было свабодных месцаў, людзі ўсё ішлі і ішлі. Яны запоўнілі ўсё поле, на якім стаялі зручныя лавы, занялі ўсе трыбуны. Нечакана для ўсіх над полем праляцеў верталёт, з яго пасыпаліся… кветкі».
     
     …і  свой працяг
    У 2001 годзе фестываль беларускай песні і паэзіі атрымаў статус нацыянальнага і агульнадзяржаўнага культурнага свята. З’явіўся юбілейны каляндар, звязаны з лёсамі кампазітараў, паэтаў, выканаўцаў. Са сцэны гучалі вершы Янкі Купалы і Янкі Лучыны, Максіма Багдановіча і Уладзіміра Дубоўкі, Аркадзя Куляшова і Пімена Панчанкі. Міністэрства культуры заснавала прыз імя Уладзіміра Мулявіна за папулярызацыю беларускай песні. У 2011 годзе было прынята рашэнне аб штогадовым правядзенні фестывалю.
   Маладзечанка Алеся Кульша стала першай прадстаўніцай нашага раёна, якая заваявала Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Адбылося гэта ў 2007 годзе. Цяпер Алеся — кіраўнік тэатра песні «Мерыдыян» Палаца культуры. 
    У 2009 годзе галоўную фестывальную ўзнагароду атрымаў Аляксандр Салаўёў. Ён стаў салістам канцэртнага аркестра Беларусі.
    Дыпламантамі конкурсу ў розныя гады былі прадстаўнікі Маладзечаншчыны Дзяніс Пацэвіч, Наталля Ламака, Артур Міхайлаў.
     Акрамя Нацыянальнага канцэртнага аркестра на фестывальнай сцэне выступалі вядомыя калектывы, сярод якіх Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, дзяржаўныя акадэмічныя харавая капэла імя  Р. Шырмы і народны аркестр імя І. Жыновіча, ансамбль «Бяседа». Маладзечанцы сустракалі вядомых расійскіх выканаўцаў Юрыя Антонава, Тамару Гвердцытэлі, Марыну Хлебнікаву...
    Сёлета праграма фестывалю прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы.
  На розных сцэнічных пляцоўках адбудуцца творчыя сустрэчы, аўтарскія праграмы, тэматычныя выставы, тэатральныя пастаноўкі. 
  Урачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра. Будуць названы імёны пераможцаў конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў.
    Арганізатары мерапрыемства -- Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Палац культуры, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.
 
   Па матэрыялах mgazeta.by