Оставить отзыв:












Солисты европейских театров - на молодечненской сцене

    Грандыёзны міжнародны праект стаў выдатным падарункам маладзечанскім аматарам класічнай музыкі ў светлыя велікодныя дні, калі душа імкнецца да чысціні, глыбіні і самаўдасканалення.

  На сцэне гарадскога Палаца культуры сабраліся маладыя салісты тэатраў Беларусі, Расіі, Літвы, Чэхіі. Яны выконвалі творы сусветнай класікі ў суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь кавалера ордэна Францыска Скарыны Рыгора Сарокі.
   Вялікі канцэрт – вынік плённага супрацоўніцтва Рыгора Сямёнавіча, яго калег з вядомым італьянскім педагогам па вакале, кіраўніком міжнароднай музычнай асацыяцыі «Studio Lirico» Паола дэ Напалі, які працуе з многімі тэатрамі свету, праводзіць майстар-класы для маладых спевакоў.
   Нагадаем, што ў Маладзечна маэстра прыехаў два гады таму дзякуючы былому навучэнцу музычнага каледжа, а цяпер салісту «Studio Lirico» Андрэю Мікульчыку. У нашым музычным каледжы Паола дэ Напалі даў майстар-клас, затым тут адбыўся канцэрт яго вучняў. Ён быў прыемна здзіўлены, што на базе сімфанічнага аркестра каледжа і гарадскога Палаца культуры паспяхова дзейнічае маладзёжны музычны тэатр. Першы візіт даў штуршок творчаму супрацоўніцтву паміж сімфанічным аркестрам і «Studio Lirico». Наступным крокам стала пастаноўка на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра і ў тэатрах Італіі музычнай камедыі «Прыслужніца-спадарыня», рэжысёрам якой быў маэстра Напалі. Удзел у ёй прынялі артысты сімфанічнага аркестра каледжа. Адну з галоўных роляў выканаў Андрэй Мікульчык.
  Новы праект аб’яднаў 12 паспяховых маладых салістаў еўрапейскіх тэатраў, пераможцаў міжнародных конкурсаў, якія ўдасканальваюць сваё вакальнае майстэрства ў Паола дэ Напалі.
   — Часу на падрыхтоўку ў нас было мала — дзён дзесяць. Асіліць такі складаны матэрыял за сціслыя тэрміны можа толькі высокапрафесійны калектыў, які мае вялікі вопыт і філарманічны ўзровень. Менавіта такім і з’яўляецца наш аркестр, і я ўдзячны кожнаму яго ўдзельніку за прафесіяналізм і адданасць музычнаму мастацтву, — дзеліцца галоўны дырыжор аркестра Рыгор Сарока. – Уявіце сабе: некаторыя выканаўцы прыехалі ў Маладзечна ў дзень канцэрта. Але іх выступленні гучалі так, быццам бы яны доўга рэпеціравалі з аркестрам. Між тым былі не толькі сольныя нумары, але і дуэты, трыа, секстэт, салісты спявалі ў суправаджэнні змешанага хору вучылішча пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай. Салістка Літоўскага нацыянальнага тэатра оперы і балета Гунта Гельготэ, якая любіць імправізаваць у час выступлення, была ўражана, наколькі наш аркестр адчуў яе манеру выканання. Такім спевакам цяжка дырыжыраваць, усё адбываецца на інтуітыўным узроўні…
   — Я адчуваю пазітыўную энергію, якая пануе ў гэтай зале. Такая падтрымка для маладых спевакоў вельмі важная, — сказаў у сваім выступленні Паола дэ Напалі і падзякаваў за супрацоўніцтва музыкантам сімфанічнага аркестра, яго дырыжору Рыгору Сароку, удзельнікам змешанага хору музычнага каледжа. – Цудоўна, што ў Маладзечне ёсць такі Палац культуры, на сцэне якога можна ставіць оперы, што ў вашым горадзе гледачы любяць класічную музыку. Спадзяюся, гэта не апошняя наша сустрэча.
  Маэстра звярнуўся да публікі на італьянскай мове. У ролі перакладчыка выступіў Андрэй Мікульчык, які дзякуючы ўдасканаленню свайго майстэрства ў «Studio Lirico» добра вывучыў італьянскую. У гутарцы з журналістам «МГ» Андрэй расказаў, што ў яго рэпертуары ёсць творы на нямецкай, англійскай, італьянскай, рускай мовах і, безумоўна, на роднай беларускай. Прызнаўся, што, выступаючы ў родным горадзе, адчувае асаблівае хваляванне: у зале сваякі, сябры. Да таго ж у гэтым канцэрце ён упершыню спрабаваў сябе як тэнар (да гэтага спяваў басам, барытонам). Эксперымент быў удалым, публіка падтрымлівала земляка з асаблівай цеплынёй.
  Прыемным сюрпрызам стала выступленне знакамітага маладзечанца Уладзіслава Сулімскага, саліста Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга, Вялікага тэатра Масквы, запрошанага саліста вядучых тэатраў свету. Два гады таму Уладзіслаў быў удастоены вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт», на алеі лаўрэатаў адкрылі зорку з яго іменем. У мінулым годзе наш зямляк удастоены прэстыжнай опернай прэміі Casta Diva. Яго з поўным правам можна назваць зоркай сусветнага опернага мастацтва. Уладзіслаў – выпускнік нашага музычнага каледжа, яго выкладчык па вакале таленавіты педагог Георгій Юрэвіч быў у зале. Вялікі гонар для педагога чуць бліскучыя выступленні сваіх выхаванцаў, радавацца іх поспехам!
    Доўга не змаўкалі авацыі і крыкі «Брава!», удзячныя гледачы дарылі артыстам букеты. Цудоўна вяла канцэрт выкладчыца каледжа кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Царык. Без перабольшвання, вечар опернай музыкі стаў адной з самых адметных падзей гэтай вясны.
   
     Па матэрыялах mgazeta.by