Оставить отзыв:












Фестываль «Вясёлкавы карагод» правялі ў Маладзечне

     Фестываль мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод» праводзіўся ў нашым Палацы культуры и арганізуецца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі пры партнёрстве з Беларускім дзіцячым фондам і маладзёжнай місіяй «Чыстае сэрца». Раз у тры гады «Вясёлкавы карагод» яднае выхаванцаў дзіцячых дамоў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школ-інтэрнатаў.

     Лейтматывам сёлетняга фестывалю стала тэма Года малой радзімы.
  У Маладзечне адбыўся абласны этап — гала-канцэрт і выніковая выстаўка дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці. Наш раён прадстаўлялі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, санаторная школа-інтэрнат (для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі), спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат (для дзяцей з праблемамі зроку), Радашковіцкая школа-інтэрнат.
    Мерапрыемства з’яднала таксама шмат валанцёраў, якія дапамагалі рыхтавацца да яго і выступаць на сцэне. Дарэчы, канцэртная праграма суправаджалася і сурдаперакладам. 
    Дзеці выдатна праявілі сябе ў тэатральнай творчасці (канферансе, дэфіле моды, пантаміме, мастацкім слове), харэаграфічным, фальклорна-этнаграфічным, інструментальным, вакальным мастацтве і ў арыгінальным жанры. Да ўдзелу ў гала-канцэрце былі запрошаны выхаванцы з 28 адпаведных устаноў сталічнага рэгіёна.
     Шэдэўры сваімі рукамі
   32 установы адукацыі прадставілі лепшыя работы ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці. Вылучаліся вырабы са стужак і дрэва, змайстраваныя ў Радашковіцкай школе-інтэрнаце. Многім відам рукадзелля вучыць педагог дадатковай адукацыі Людміла Крыцкая, а працаваць з дрэвам – настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Андрэеў.
   Паперапластыку, саломапляценне, а яшчэ работы з лёну, скуры прапанавалі выхаванцы Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, якія з задавальненнем займаюцца творчасцю з Верай Самаль і Ганнай Крыцкай. Настаўнікі заўважаюць, што такі від дзейнасці спрыяе развіццю мовы і мыслення.
 
     А разам з педагогам-псіхолагам мясцовага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Вольгай Абрамчык дзеці з інтарэсам асвойваюць дэкупаж з сурвэтак з малюнкамі. У выніку атрымоўваюцца арыгінальна аформленыя кашпо, фотарамкі, сувенірныя талерачкі. Наогул, у гэтым цэнтры пераважная большасць педагогаў валодае рознымі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і арт-тэрапіяй – і ўсё гэта выкарыстоўваецца на занятках. 
    Уразіла прысутных габеленавае ткацтва і драўляная мазаіка ад выхаванцаў таксама нашай санаторнай школы-інтэрната. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі падабаецца займацца ў «Творчай майстэрні» пад кіраўніцтвам Людмілы Галенка. Сюды, дарэчы, прыходзяць педагогі і нават зацікаўленыя жыхары горада.  
    … Сярод пераможцаў «Вясёлкавага карагоду» ёсць прадстаўнікі мясцовых устаноў. «Пуцёўкі» ў фінал атрымалі Ждановіцкая спецыялізаваная школа-інтэрнат (І месца), Маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат (ІІ), Барысаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання (ІІІ).
  — У нашага фестывалю вельмі глыбокія карані, — адзначыў старшыня Мінскай абласной арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Бажко, які быў сярод ганаровых гасцей. – «Вясёлкавы карагод» штораз адкрывае новыя таленты, дапамагае дзецям развівацца. Відавочна вялікая работа як калектываў, так і асобных педагогаў. Кожнаму ўдзельніку, вядома, хочацца стаць лепшым. Будуць граматы, дыпломы, падарункі, а для пераможцаў яшчэ і шанс выступіць на рэспубліканскім этапе конкурсу, які пройдзе летам на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня».