Оставить отзыв:












«Велікодны настрой» - святочная выстаўка

   «Велікодны настрой». Так называецца святочная выстаўка народнага аматарскага калектыву «Вербачка» Палаца культуры, якая прадоўжыцца да 30 красавіка. Майстры прадставілі больш за сто вырабаў з лазы.

   Кіраўнік аб’яднання Лана Сласцён заўважыла, што ўмельцы рыхтаваліся з асаблівым трапятаннем. Прадстаўнікі «Вербачкі» ладзілі і ўдзельнічалі ў многіх выстаўках, конкурсах і фестывалях па ўсёй Беларусі, але ў нашым Палацы культуры ўпершыню прадставілі велікодную калекцыю. Лозапляцельшчыкі спадзяюцца, што гэта стане іх добрай традыцыяй. На выраб работ, што прадстаўлены на выстаўцы, спатрэбіліся амаль два месяцы. 
   Лозапляценнем займаюцца пераважна пенсіянеры, прычым некаторыя з іх прыязджаюць з іншых раёнаў. У кожнага свой шлях у творчасць. На выстаўцы вылучаліся работы Таццяны Бобрык, якая шмат гадоў выкладала працоўнае навучанне ў СШ №9. Таццяна выдатна шые, вяжа, стварае арыгамі і выцінанкі. Але заўсёды марыла асвоіць лозапляценне. І калі выйшла на заслужаны адпачынак, не стала сядзець без справы. На выстаўку яна прапанавала не толькі свае першыя вырабы з лазы, але і вязаны… куліч. Дарэчы, майстрыха таксама выдатна пячэ велікодны хлеб.
   Ужо на працягу дзесяці гадоў прыязджае на заняткі ў Палацы Тамара Кажан са Смаргоні. Яна таксама занялася лозапляценнем на пенсіі. Хаця яе ранейшая спецыяльнасць інжынера-механіка ніяк не звязана з творчасцю.
    — Пенсія самы час ствараць! – упэўнена майстрыха. – Працэс падрыхтоўкі лазы вельмі працаёмкі. Але калі пляту з яе, мая душа адпачывае. Даўно марыла навучыцца гэтаму мастацтву. Калі працуеш, няшмат вольнага часу застаецца на хобі, ды і дзяцей трэба было гадаваць. Цяпер яны выраслі. Праўнука дачакалася. Я яму калыску з лазы спляла, каб салодка спалася.
    На выстаўцы вылучаўся вялізны куфар, аформлены ў велікоднай тэматыцы, зроблены ўмелымі рукамі Тамары Кажан.
 
   — Цэлы месяц яго майстравала! Калі што прыдумаю – заўсёды імкнуся ажыццявіць, — заўважае жанчына і дадае, што марыць навучыцца яшчэ і маляваць.
    Адмысловыя вырабы, многія з якіх маштабныя, напрыклад, двух’ярусны кош ці падлогавая ваза, прапанаваў на выстаўку адзін з самых маладых майстроў «Вербачкі» Павел Ярашонак. Яму крыху больш за 40 гадоў, па прафесіі токар-фрэзероўшчык. Лозапляценне пачаў асвойваць у роднай Вілейцы. Ужо на працягу трох гадоў ездзіць у Маладзечна, каб удасканальвацца ў мастацтве. Павел пачынаў з простых работ і паступова прыйшоў да працаёмкіх. Цяпер ён валодае рознымі тэхнікамі пляцення. Майстар зазначае, што кожны яго выраб мае мастацкія адметнасці і сярод іх ніколі не бывае двух падобных.
 
    Па матэрыялах mgazeta.by