Оставить отзыв:












АРТ-ВІЗІТ ПАЛАЦА

Анжаліка і яе кароль
Дзень нараджэння кожны адзначае па рознаму. Адны аддаюць перавагу вузкаму сямейнаму колу, другія – шумнай кампаніі, а папулярныя артысты, як аказалася, збіраюць стадыёны. Менавіта на 26 мая, дзень нараджэння Анжалікі Варум, быў прызначаны канцэрт расійскіх зорак, які і завяршыў вясенні гастрольны сезон. Дарэчы, яна – не выключэнне. Нямала знакавых падзей адбываецца ў час гастроляў у Маладзечна, дзе стараюцца прапанаваць гледачам самае лепшае. У свой дзень нараджэння выступалі і іншыя артысты, а ў дзень імянін --Валерый Меладзе. Ён, як і Ларыса Рубальская пакарыў сэрцы маладзечанцаў. А крыху пазней,на тэлепраекце “Песня года” Рубальская была названа лепшым паэтам-песеннікам, а Канстанцін Меладзе -- лепшым расійскім кампазітарам. Шчымлівыя ўражанні засталіся ад сустрэчы з Валянцінай Талкуновай, яе канцэрт стаў адным з развітальных. Запомнілася вытанчаная Эдзіта П’еха і тое¸як прафесійна спрацавала вядучы метадыст Палаца Святлана Адамушка, якой літаральна за некалькі гадзін да праграмы прыйшлося даведацца аб сваёй ролі вядучай. Толькі сёлета ў Палацы прайшло пятнаццаць канцэртных праграм папулярных беларускіх і расійскіх калектываў і спевакоў. А падтрымаў марафон – Маладзечанскі стадыён.

Майскім вечарам цямнелі нябёсы, і вачамі зорак назіралі за зоркамі эстрады. Першым з іх выступіў любімец жанчын, экс-саліст групы “Белый орёл” Леанід Лютвінскі. Як аказалася, яго “родавае гняздо” знаходзіцца ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Там ён нарадзіўся і вырас. А потым жыццё, быццам “вецер, які пахне навальніцай” занесла яго ў іншую краіну. Спявак нагадаў “ Как упоительны в России вечера”, выканаў новыя кампазіцыі. А потым гімнам жаночай прыгажосці прагучала знаёмая песня “Потому что нельзя быть красивой такой”. Па словах спевака, яе рэгулярнае праслухоўванне ўдала замяняе жанчынам наведванне спа-салонаў. У тэму былі песні пра вясну, дождж, пачуцці. Вечар паступова “падмакаў” і расцвечваўся парасонамі. Дарэчы, вельмі ўдалым было светлавое рашэнне. А вялікі света-дыёдны экран трансліраваў відэа-панараму канцэрта, які меры паяўлення артыстаў станавіўся ўсё больш эмацыянальным.

Заслужанага артыста Расіі Аляксея Глызіна гучна клікалі, быццам Дзеда Мароза. Яго падвёз да сцэны ружовы лімузін, а потым загучалі вядомыя творы. “Песняй бродячих артистов” успомнілі групу “Весёлые ребята”. Словамі “Мы прыедем и уедем летом, осенью, зимой…” – была акрэслена творчая перспектыва. З новым сэнсам прагучала знаёмае: “Нам холодно, но всё-же зачем-то мы пришли сюда”. Падумалася аб тым, што гэта і ёсць яно – прыцягненне, якое адрывае ад тэлеэкранаў і ўтульных канап, каб сустрэцца і што называецца, “ўжывую” пачуць галасы любімых выканаўцаў. Праўда, у той вечар многім не хапіла камфорту канцэртнай залы Палаца культуры, адчування больш цёплай атмасферы і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Супрацоўнікі Палаца клапоцяцца аб тым, каб прыгатаваць гледачам сюрпрыз. Вось і ў гэты вечар двум “шчасліўчыкам лёсу” былі ўручаны запрашальныя білеты на канцэрты расійскіх выканаўцаў. Розыгрышы запрашальных білетаў праводзяцца даволі часта і на самой справе – зусім не жартоўныя. Не дрэнна было, каб і артысты ў праграму ўключалі тое, што называецца “разынкай”, і мае значэнне не толькі ў кулінарыі.

Лімузін аб’ехаў наступнае кола, і пад апладысменты гледачоў на сцэне з’явіліся Анжаліка Варум і Леанід Агуцін. Анжаліка выканала свае хіты. Для таго,каб сагрэцца прапанавала гледачам патанцаваць, а сама зрабіла прабежку па стадыёну ў суправаджэнні танцавальнай групы. Леанід у назве нашага горада заўважыў агульнае ад слоў “маладзёжны” і “меладычны”. Потым запэўніў Анжаліку ў тым, што як і раней “Всё в твоих руках” і з нагоды дня нараджэння прысвяціў ёй песню “Я буду с тобой”. Не гледзячы на халаднаватае надвор’е “ босоногий мальчик тарантеллу станцевал”. А напрыканцы вечара “Счастливые дети надежды завершили свой высокий полёт” папулярнай песняй -- “Две дороги”. Музыка далёка разносілася па вячэрняму Маладзечна, а наколькі запамінальным стаў канцэрт, пакажа час.

Людміла ЦАР.
Тэл.772134