Оставить отзыв:












ПАСЛЯ ПАДЗЕІ

Рабіце дабро, рабіце, пакуль вы яшчэ ў сілах!
--Упэўнена, ў гэтай зале сабраліся тыя людзі, хто добра ведае значэнне слоў спагада, чуласць, любоў, узаемадапамога, каму неабыякавы чужы боль і праблемы…

Гэтымі словамі вядучая Святлана Рыгораўна Сарока адкрыла дабрачынны канцэрт у падтрымку адзінокіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, дарослых і дзяцей-інвалідаў, мнагадзетных і няпоўных сем’яў, які адбыўся ва ўторак у Палацы культуры. А за гадзіну да канцэрта ў малой зале палаца прайшла прэс-канферэнцыя для журналістаў. У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Людміла Мікалаеўна Канановіч, першы намеснік генеральнага сакратара Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Мікалай Якаўлевіч Андрэеў, галоўны спецыяліст па сувязях са СМІ і грамадскасцю Таварыства Ірына Мікалаеўна Каранчук, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Алена Валянцінаўна Дубовік, старшыня Маладзечанскага аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Святлана Пятроўна Чыжыкава і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, спявачка, кампазітар Надзея Анатольеўна Мікуліч.

На прэс-канферэнцыі ішла гаворка аб выніках рэспубліканскага месячніка “Адрас клопату—адзінокія людзі”, у рамках якога праходзіць канцэрт. Як адзначыла ў сваім выступленні Л.М. Канановіч, у нашым раёне вядзецца пастаянная планамерная работа па падтрымцы найбольш неабароненых слаёў насельніцтва. Тым, хто адчувае патрэбу, аказваецца значная дапамога. Ад імя маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Людміла Мікалаеўна падзякавала ўсім, хто аказвае фінансавую падтрымку дабрачынным праектам. Словы ўдзячнасці ў адрас нераўнадушных людзей выказала і старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа А. В. Дубовік. Дарэчы, яны гучалі на працягу ўсяго канцэрта. Бо паміж выступленнямі артыстаў на сцэну запрашаліся прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія ад імя сваіх калектываў перадавалі ў фонд Чырвонага Крыжа чэкі з пэўнымі сумамі. У ліку тых, хто актыўна адгукнуўся на просьбу аб дапамозе,--калектыў будаўнічай фірмы “Барыт”, ЗАТ “Маладзечнамэбля”, прадпрымальнікі рэчавага рынку і іншыя.

Што ж тычыцца канцэртнай праграмы—яна была выдатнай. Свае лепшыя нумары гледачам дарылі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, уладальніца Гран-пры ІХ нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі “Маладзечна-2007” Алеся Кульша, адна з самых яркіх салістак Маладзёжнага тэатра эстрады Вікторыя Алешка, пераможца міжнароднага дзіцячага конкурса песні “Еўрабачанне-2005” Ксенія Сітнік з балетам, сярэбраны прызёр міжнароднага фестывалю”Славянскі базар” Маша Новік, ансамбль “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У. Мулявіна і многія іншыя вядомыя калектывы і маладыя выканаўцы—лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

На грошы, выручаныя ад продажу білетаў, сабраныя ў ходзе канцэрта, а таксама пералічаныя спонсарамі будуць набыты для падапечных неабходныя вырабы медыцынскага прызначэння, гігіенічныя сродкі і прадукты харчавання.

Вячаслаў ТАБУЛІН.