Оставить отзыв:












Самая - самая

Для аматараў тэатральнага мастацтва сёлетняя вясна прынесла сапраўдныя сюрпрызы. Пасля міжнароднага Дня тэатра, які традыцыйна святкуецца ў сакавіку, тры цікавыя тэатральныя пастаноўкі прайшлі на сцэне Палаца культуры. Гастрольныя спектаклі Віцебскага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прынеслі немала ўражанняў маладзечанскім гледачам. А самай-самай запамінальнай падзеяй стаў спектакль з такой назвай. “Самая- самая” – тэатральная пастаноўка рэжысёра Ігара Бочкіна з удзелам сузор’я расійскіх акцёраў, была прадстаўлена 12 красавіка. Народная артыстка Расіі Ірына Алфёрава з партнёрамі па сцене - Аляксандрам Лымаровым, Ільёй Сакалоўскім, Ігарам Бочкіным на мове лёгкай вытанчанай камедыі расказалі аб вечнай тэме - каханні, закрануўшы пры гэтым і многія іншыя.
“Жыць так, каб не чырванець за свае думкі, словы, учынкі. Каб ніколі не было страшна заставацца з сабой адзін на адзін. З радасцю сустракаць кожны новы дзень і бачыць яго прыгажосць, смела глядзецца ў люстэрка, а не адводзіць позірку. Кахаць так, каб разумець без слоў і не стамляцца несці адказнасць за сваё пачуццё…”
З гэтымі словамі галоўнай гераіні спектакля, напоўненага духоўнасцю і жыццёвай філасофіяй, нельга не пагадзіцца. Дарэчы, многія маналогі для спектакля напісаны Ірынай Алфёравай. Аб гэтым і многім іншым мы даведаліся ў размове з народнай артысткай Расіі.
Як аказалася, Вашы карані з Беларусі. Расскажыце, калі ласка, што звязвае вас з нашай краінай.
Бацькі маёй матулі родам з-пад Магілёва. Гэта для мяне вельмі важная і любімая галінка сямейнага дрэва. Мама часта расказвала аб тым, што мае бабуля і дзядуля былі адметнымі і працавітымі людзьмі. Дзядулю з павагай называлі не інакш, як пан Сабалеўскі. Гэта быў вельмі горды чалавек, асоба. Стараўся забяспечыць сям’ю ўсім неабходным. Калі,напрыклад, збіраліся суседзі на свята, уважліва сачыў, каб яго дзеці і жонка былі добра апранутыя і выглядалі лепш за іншых. Наогул, мае продкі былі людзі, прыгожыя і знешне, і душой.
А сёння, гуляючы па вашаму гораду, я неаднойчы лавіла сябе на думцы аб асаблівай гасціннасці і шчырасці беларусаў, іх прыгажосці.
-У вашай сям’і не было людзей, звязаных з тэатрам?
- Я першая актрыса ў сваёй сям’і. Нарадзілася ў Навасібірску. У дзіцячыя гады была ініцыятарам пастановак казак, дваровых спектакляў. Калі бачыла сцэну, мне заўсёды патрэбна было яе заняць. У Навасібірскім акадэмгарадку іграла ў самадзейным тэатры, потым скончыла ГИТИС. Так склалася, што любімае захапленне стала справай жыцця.
- Творчае жыццё пераменлівае. А ў Вас, напэўна, ніколі не было пустой залы. Усхваляваныя прыхільнікі, букеты кветак.... Так было ў розныя часы?
-Сапраўды, нават у складаны перыяд перабудовы, спектаклі былі запатрабаваныя. Але гэта невыпадкова. Лічу, што трэба адпавядаць часу, адчуваць яго. Глытком паветра стала магчымасць стварэння тэатральных антрэпрыз. Гэта больш мабільная форма работы. У тэатры ты з’яўляешся часцінкай агульнага калектыву. Так ты больш вольны. Сам можаш выбраць акцёраў, п’есу, і гаварыць з гледачамі на сваёй мове.
Вельмі важна знайсці тэму. Я вельмі шмат чытаю. Шукаю матэрыял гадамі, і нават дзесяцігоддзямі. Стараюся знайсці пункты судакранання з гледачамі. А спачатку – зацікавіць рэжысёра і партнёраў па сцэне. Акцёраў я выбіраю сама, даволі строга і сурова. Мала маіх... У тым сэнсе, што менавіта маіх – па духу. І вельмі рада, калі атрымоўваецца моцны творчы саюз, як у спектаклі “Самая-самая”.
-У Вашым разуменні: “Добры чалавек – добры акцер” і наадварот- гэта правільнае выказванне?
- Лічу, што так. Ад сапраўднага чалавека ідзе святло. Ён, як магніт, прыцягвае да сябе ўсё добрае, сапраўднае. А творчы чалавек, як правіла, не шкадуе сябе, не можа жыць напалову. Іншы раз здараецца так, што самааддача каштуе здароўя і нават жыцця. Яўгеній Ляонаў. Аляксандр Абдулаў, Алег Янкоўскі, Алег Даль, Яўгеній Яўсцігнееў – мае любімыя партнёры па сцэне. І тое, што яны пайшлі з жыцця даволі рана, не трагічная выпадковасць. Гэта самаахвярнасць і самаадданасць сваёй прафесіі.
Быў час, калі і мне прыходзілася працаваць больш за трыццаць спектакляў у месяц. І гэта пры тым, што матэрыяльны заробак трэба было дапрацаваць яшчэ і творчымі сустрэчамі.


- Мы, гледачы, бачым гатовы спектакль, а як ён нараджаецца?
Спектакль ствараецца нібы дом, па цаглінцы. Рэпетыцыя – гэта працэс маштабны, доўгі і вельмі цікавы. У ім удзельнічаюць не толькі рэжысёр і акцеры. Запрашаюцца гісторыкі, музыканты, журналісты. Спрачаемся, абмяркоўваем, шукаем ісціну. Вельмі хвалюемся перад тым, як паказаць гледачу нашу працу.
- Ёсць тэлесерыял “Богатые и знаменитые”, а вось - прыгожая і папулярная – гэта як па адчуванню?
- Не аддаю прыярытэта толькі знешнасці. Лічу, што трэба не стамляцца працаваць над сабой. Акцёрская прыгажосць – не зусім звычайная. Нават самая-самая актрыса на сцэне можа быць прыгожай толькі... першыя дзесяць хвілін. Калі ты нецікавая, то і прыгажосць становіцца невыразнай. Гэта як штучнае сонца.
І, калі ласка, два словы на развітанне. Што, на ваш погляд, найважней усяго ў акцерскай ігры?
-Неігра!
- Што неабходна творчай асобе як паветра?
- Работа!

Гутарыла Людміла Цар
№28(11685) 17 сакавіка 2010
"Маладзечанская газета"
www.mgazeta.by