Оставить отзыв:












Маладзечна запальвае зоркі

З усёй Беларусі прыехалі ў Маладзечна ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Зорка ўзышла над Беларуссю».
27 асобных выканаўцаў і калектываў дэманстравалі свае таленты ў намінацыі «эстрадныя спевы» ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які з’яўляецца і старшынёй журы конкурсу.
— Не толькі ў Маладзечне – ва ўсёй краіне сёння сапраўднае свята адкрыцця новых маладых талентаў, — гаварыў са сцэны намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Стружэцкі. – Гэты конкурс задумваўся як праект, які дазволіць усім жадаючым паспытаць свае сілы. Так яно і атрымалася: на першым, раённым этапе было 4200 удзельнікаў у 12 намінацыях. Адна з самых запатрабаваных – «эстрадныя спевы». І гэта не дзіўна: наша моладзь любіць і ўмее спяваць.
Многія з эстраднікаў упершыню выступалі ў суправаджэнні аркестра. Сярод іх – і студэнтка другога курса фартэпіяннага аддзялення Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.-К. Агінскага Марыя Ляшчынская, дарэчы, адна з самых юных удзельніц конкурсу. Усяго толькі адна рэпетыцыя з аркестрам была ў гэтай таленавітай дзяўчыны, якая пачала спяваць з самага ранняга дзяцінства. Дзесяць гадоў яна займаецца ва ўзорнай студыі эстрадных спеваў «Спяваем разам» Палаца культуры, якой кіруе Алена Атрашкевіч. Алена Віктараўна прыехала з Мінска, каб падтрымаць сваю выхаванку. Былі ў зале і бацькі Машы, якія, напэўна, хваляваліся больш за яе…
Маладзечанская публіка вельмі цёпла сустракала кожнага з канкурсантаў. Нездарма ж Тадэвуш Стружэцкі ў чарговы раз назваў наш Палац адной з лепшых канцэртных пляцовак краіны – паўнюткая зала, добразычлівая атмасфера спрыялі кожнаму, хто выходзіў на сцэну.
— Мы вельмі задаволены прыёмам, у захапленні ад вашага Палаца, — сказала перад пачаткам канцэрта кіраўнік арт-квінтэта «Гармонія» Мінскага каледжа мастацтваў Алена Ісайкіна. – Цікава было паслухаць іншых выканаўцаў – састаў канкурсантаў вельмі моцны, прафесійны. Адным словам, тут, у Маладзечне, мы атрымліваем сапраўднае задавальненне.
І гэта адчувалася па цудоўным выступленні «Гармоніі», якая акапэльна выканала песню «Тополиный снег» на музыку Алены Атрашкевіч.
Вакальных ансамбляў было некалькі, і ўсе яны вельмі прафесійныя, насамрэч ніколькі не горшыя за нядаўна створаны калектыў «Тры плюс два», які сёлета будзе прадстаўляць нашу краіну на «Еўрабачанні». Прыемна было ўбачыць у складзе вакальнай групы «Універсум» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў двух маладзечанцаў, вельмі таленавітых, з дастаткова багатым сцэнічным вопытам, – Аляксандра Салаўёва і Арцёма Ахпаша…
Большасць з удзельнікаў конкурсу – прафесійныя музыканты, за плячыма якіх – музычная школа, каледж мастацтваў. Былі выхаванцы ўніверсітэта культуры і мастацтваў, акадэміі музыкі, акадэміі мастацтваў – такі высокі ўзровень. Аднак на іх фоне не выглядалі бледна і тыя, хто выбраў для сябе іншую прафесію і для каго музыка, спевы – хобі. Доўга гледачы не адпускалі са сцэны студэнта радыётэхнічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея Пораца, які не пабаяўся выканаць культавую песню «Мой шлях», што ў свой час прынесла сусветную вядомасць Фрэнку Сінатру.
Як не пабаяўся выпускнік універсітэта культуры і мастацтваў Сяргей Шуляк праспяваць «Малітву» Уладзіміра Мулявіна. І гэта было таксама незабыўнае выступленне, у канцы якога малады спявак апусціўся на калені…
Напэўна, больш за іншых адчула маладзечанскую сцэну Інга Кісялёва з універсітэта культуры, якая выступала басанож – такі сабе прыдумала імідж для песні пра човен.
Гучалі творы як на беларускай, рускай, так і на англійскай, італьянскай, іспанскай мовах. Не забыліся маладыя выканаўцы пра знамянальную дату — 65-годдзе Вялі-
кай Перамогі, некаторыя выбралі песні патрыятычнай тэматыкі.
Адным словам, арыгінальных, разнапланавых, таленавітых выступленняў было шмат, двухгадзінны канцэрт праляцеў імгненна. І за ўсё гэта хочацца схіліць у павазе галаву перад маэстра Фінбергам, які ўзяў на сябе асноўны цяжар падрыхтоўкі да конкурсу. Кожны з выканаўцаў атрымаў з яго рук дыплом удзельніка заключнага тура. Вядучы – журналіст Беларускага тэлебачання Дзмітрый Карась – паведаміў, што імёны пераможцаў будуць вядомы пазней. А ў маі ў Мінску пройдзе гала-канцэрт з іх удзелам.
— Якія моцныя выканаўцы! Якія яны прафесіяналы – сапраўдныя артысты. Прыемна, што сярод іх шмат хлопцаў з моцнымі і прыгожымі галасамі. Пасля такіх спеваў не-не ды і задумаешся: ці варта слухаць некаторых цяперашніх «зорак» беларускай эстрады – няхай даюць дарогу маладым! — абменьваліся думкамі гледачы, калі скончыўся канцэрт.
Як жа хочацца, каб новыя таленты былі запатрабаваныя, каб і пасля конкурсу мелі магчымасць выступаць на такіх вось вялікіх пляцоўках, у суправаджэнні аркестра. І каб Маладзечна сапраўды стала для іх горадам, дзе запалілася іх шчаслівая зорка.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

“Маладзечанская газета”
10 красавика 2010 №27(11684)
www.mgazeta.by