Оставить отзыв:












Авацыя №2 (58) 17 сакавіка 2011 года

 
 «Імклівая рака нашага жыцця мае свой гістарычны выток. Усе памкненні і намаганні сучаснікаў звернуты ў будучыню. Але мы не можам не думаць аб мінулым , так як яно -  аснова нашага сёння і нашай будучыні. І гэта такая неабходная і натуральная повязь часоў ніколі не павінна ні слабець, ні тым больш губляцца».  
Г.А.Каханоўскі
 
 
 
 
 
 ДА 75-ГОДДЗЯ ГЕНАДЗЯ КАХАНОЎСКАГА
 I падала зерне ў раллю...
         У яго кабінеце засталося ўсё па-ранейшаму. Манатонна адмервае час гадзіннік, чакаюць свайго гаспадара кнігі, рабочы стол і крэсла, акуратна раскладзеныя пісьмовыя прылады. 3 партрэта насупраць глядзяць вочы добрага беларуса, выдатнага вучонага і мудрага грамадзяніна. Здаецца, яшчэ хвілінка — і можна пачуць: «Здароў, браце, нешта даўно не заходзіў». Толькі, на жаль, ён нічога не скажа і не спытае. Прайшло ўжо шмат гадоў, як пакінуў ён гэты свет, сваю сям’ю, свой утульны кабінет.
         Нездарма народная мудрасць гаворыць, што не той настаўнік, хто цябе вучыць, а той, у каго ты вучышся. У такім разе Генадзь Аляксандравіч быў незвычайна шчаслівы чалавек, бо, відаць, прасцей сказаць, хто не быў яго вучнем. У яго вучыліся, звярталіся па дапамогу мастакі і пісьменнікі, гісторыкі і краязнаўцы, настаўнікі і музыканты. Яго любіла і вельмі шанавала патрыятычная моладзь. Ён быў для яе духоўным бацькам, маральным сімвалам, проста сумленным чалавекам.
         А з’явіўся на Божы свет Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі познім марозным вечарам 8 студзеня 1936 года, на другі дзень праваслаўных Каляд. Была серада. Маці яшчэ паспела схадзіць у царкву, каб паспавядацца і ачысціцца душой. Стаў ён у сям’і першынцам.
         Яго бацька Аляксандр Аляксеевіч хоць і меў тры класы адукацыі, але добра пісаў, па-майстэрску іграў на балалайцы і мандаліне. Быў майстравым чалавекам, любіў зямлю, трымаўся яе і толькі раз пакінуў на працяглы тэрмін свае Дамашы — калі быў мабілізаваны ў польскае войска. А маці — Наталля Мікалаеўна Капуцкая — паходзіла з Маладзечна, дзе яе бацька вёў гаспадарку і адначасова працаваў паштовым служачым. Сям’я Капуцкіх была спеўная, галасістая, за што, напэўна, і атрымала местачковую мянушку Басоны (у яе бацькі і брата былі прыгожыя басы). Жылі хоць і небагата, але дружна і сумленна.
         У 1945 годзе Генадзь Каханоўскі становіцца вучнем Насілаўскай сямігадовай школы. Школка тая была пабудавана яшчэ за польскім часам і выглядала тады не вельмі прывабна. Тым не менш, вучыліся ўсе старанна, «усім хацелася выйсці ў людзі». Пра тую школьную пару Каханоўскі ўспамінаў: «Вучыўся я з розным поспехам. Але была мара нешта скончыць. Бацькі не пярэчылі, наадварот – спрыялі». У 52-м ён перайшоў у Лебедзеўскую сярэднюю школу. 3 педагогаў, якія там працавалі, найбольш запомніў-ся Радзішэўскі Лявон Аляксандравіч, які любіў дзяцей і выдатна ведаў свае прадметы – фізіку і нямецкую мову.
         Вучыўся і адначасова працаваў у калгасе. Капаў на балоце торф, вазіў на поле. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У 1955 годзе, пасля заканчэння школы, зрабіў спробу паступіць у Рыжскае рачное вучылішча, але, мусіць, на шчасце, не прайшоў па конкурсе. «Адсеяўся, але Рыгу паглядзеў». I ў тым жа годзе быў прызваны на вайсковую службу. Служыў у войсках сувязі, спачатку на Гомельшчыне, а затым у пасёлку Стуніцы Маскоўскай вобласці. Менавіта ў войску памаленьку пачало здаваць здароўе. Тым не менш ад мэты «выйсці ў людзі» стараўся не адмаўляцца. Пад канец службы з дазволу камандзіра часці ён едзе ў Маскву і паспяхова здае экзамены ў педагагічны інстытут на гістарычна-філалагічны факультэт. Пачынаўся новы этап у жыцці.
         Для яго, маладзенькага хлопца-правінцыяла з глухой заходнебеларускай вёскі, адкрыўся дагэтуль па-сапраўднаму не вядомы свет навукі, ведаў. Затаіўшы дыханне, слухаў ён лекцыі карыфеяў расійскай навукі, выкладчыкаў «літасцю Божай» А. Лосева, І. Тронскага, М. Зерчанінава. Хадзіў у тэатры, музеі, кансерваторыю. Пры зручным выпадку наведваў мемарыяльныя мясціны, звязаныя з жыццём вядомых дзеячаў расійскай культуры ў Падмаскоўі, Туле, Суздалі ды іншых гарадах Расіі. Да самага закрыцця бібліятэкі праседжваў за кнігай ва ўтульнай чытальнай зале. А летам адпраўляўся на археалагічныя раскопкі ў Крым, Керч, на Каўказ, дзе па жменьцы перабіраў «друз гісторыі», стараючыся адчуць яе трапяткі і жывы подых. Здавалася, што няма той мяжы, за якую не хацеў бы зазірнуць яго апантаны і дапытлівы розум. Менавіта тут, у Маскве, ён адчуў сябе беларусам. Беларусам не па пашпарце, не па паходжанні, а па думках, справах, спадзяваннях. I таму зусім не выпадкова, што з лёгкай рукі Генадзя Каханоўскага ўзнікае ў Маскве беларускі студэнцкі гурток. Ён быў нешматлікі. 3 дзясятак чалавек уваходзіла ў яго. Але праца кіпела. Чыталіся даклады па гісторыі і культуры Беларусі, арганізоўваліся вандроўкі па мясцінах, звязаных з жыццём выдатных лю-дзей, наладжваліся кантакты з дзеячамі беларускай культуры. У той час у Маскве жыло даволі шмат беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў. Напрыклад, тыя ж Уладзімір Дубоўка, Мікола Улашчык, Канстанцыя Буйло ды шмат іншых. Аб’ядноўвала іх няўрымслівае і вернае служэнне свайму народу, сваёй зямлі. Да іх і пацягнуўся ўсёй сваёй юначай душой малады Генадзь Каханоўскі, бо бачыў у іх людзей інтэлектуальна багатых, сапраўдных і па-чалавечы шчырых. А яны адказалі яму ўзаемнасцю, бо разумелі, што перад імі іх надзея і працяг. Іх будучыня.
         Але, як у народзе кажуць, са шчасцем заўсёды гора ходзіць. Прыйшло яно і да Каханоўскага. Пачаў моцна недамагаць. Адбіліся і няўрымслівая актыўнасць, і празмерная працавітасць, ды і студэнцкае поснае харчаванне адгукнулася. Давялося пакінуць вучобу і вярнуцца на Беларусь. Уладкаваўся настаўнікам гісторыі ў Ленкаўскую школу, што на Маладзечаншчыне. Працавалася цяжка. Пражыўшы доўгі час па-за межамі Бацькаўшчыны і не ведаючы добра сітуацыі, якая склалася тут, ён з юнацкім запалам узяўся «дзяліцца назапашаным» з вучнямі ды і настаўнікамі. Але хутка прыйшло расчараванне. Стала зразумела, што яго веды, а тым больш беларускі патрыятызм былі тут непатрэбныя і непажаданыя. Такое не ўхвалялася. Ішла паўсюдная русіфікацыя, якая часта набывала формы звыроднага цынізму і хамства. Паўсюль закрываліся беларускія школы, вызваляліся ад навучання роднай мовы тысячы школьнікаў, усё нацыянальнае адкідвалася. Шмат у каго апускаліся рукі. Іншы на месцы Каханоўскага таксама знайшоў бы аб’ектыўнае тлумачэнне таму, што адбываецца, і ціхенька адышоў убок. Пры гэтым дабавіўшы: «Ілбом сцяну не праб’еш». Іншы, толькі не Каханоўскі! У гэтым фізічна кволым чалавеку была такая сіла волі, такая вера ў сваю праўду і распачатую справу, што нават вораг мог пазайздросціць гэтай мэтанакіраванасці.
         У пачатку 60-х гадоў Каханоўскі вяртаецца ў Маскву і аднаўляецца ў інстытуце. Зноў вучоба, паездкі, знаёмствы. Іншы раз даводзілася працаваць 15 гадзін у суткі, да поўнай знямогі. Такая праца давала плён. У 1963 годзе ў ліку лепшых студэнтаў ён заканчвае Маскоўскі педагагічны інстытут імя Леніна. Адразу ж з’явілася прывабная прапанова і магчымасць застацца ў Маскве. Адмовіўся. Яго чакала Беларусь!
         Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, ён нейкі час працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе №3, а затым №1 горада Мала-дзечна. Хоць апошняя і насіла імя Янкі Купалы, але беларускага там амаль нічога не засталося. Генадзь Каханоўскі збірае подпісы дзяцей і бацькоў у падтрымку беларускай мовы. Лісты накіроўваюць у Міністэрства асветы БССР. I што тут пачалося! Малады настаўнік быў у тэрміновым парадку выкліканы да нейкага клерка ад адукацыі, які «імкнуўся пераканаць, што мова не памрэ, што ў вёсцы яшчэ шмат нацыянальных школ». I калі гэта не падзейнічала, то ў канцы размовы з пагрозай сказаў: «Не мешайте естественному процессу. Иначе...» Што хавалася за тым «иначе», можна было не тлумачыць. I так было зразумела. Але рук Каханоўскі не апусціў. Стварыў школьны краязнаўчы гурток. I гэтую бяскрыўдную ініцыятыву не ўхвалілі. Пачалі плесці інтрыгі. Настаўніка абвінавацілі ў нацыяналізме. Змешвалі з брудам нават вучняў-гурткоўцаў. Прыйшлося пакінуць школу і шукаць іншую працу.
         У красавіку 64-га, дзякуючы дапамозе добразычлівых людзей, ён уладкоўваецца ў Мінскі абласны краязнаўчы музей. Можна сказаць, што Генадзь Аляксандравіч стаяў ля вытокаў стварэння гэтай культурнай пляцоўкі нашага горада. Менавіта ў тым месяцы, калі ён пераступіў парог музея, у ім адкрылася першая экспазіцыя. Прымаў значны ўдзел у яе стварэнні. А потым многія гады яго жыцця былі звязаны з гэтым санктуарыумам нашай старасветчыны і гісторыі. Дзякуючы яго намаганням музей узбагаціўся найкаштоўнейшымі экспанатамі, якія складаюць залаты запас яго фондаў. Рукапісы і ўспаміны беларускіх пісьменнікаў, драўляныя скульптуры Апалінарыя Пупко, кнігі і арнат Адама Станкевіча, асабістыя рэчы вядомых дзеячаў нацыянальнай культуры, карціны мясцовых і рэспубліканскіх мастакоў, скрыпка Міхала Клеафаса Агінскага ды шмат іншага вернута народу стараннямі руплівага сейбіта. Усё гэта плён яго клопатаў, пошукаў, недаспаных начэй, яго жыцця. I калі гэта ўсё збіралася? У вельмі цяжкі, неспрыяльны час для беларускай культуры, для беларускай ідэі. У шэрыя дні хрушчоўшчыны, у беспрасветна нудныя гады брэжнеўшчыны. Толькі ці ўсе мы пра гэта помнім? I ці хочам помніць?
         Прыблізна ў сярэдзіне 60-х пазнаёміўся Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі, а затым і пасябраваў яшчэ з адным апантаным чалавекам, сапраўдным беларускім падзвіжнікам Міколам Іванавічам Ермаловічам. Доўгія, змрочныя дзесяцігоддзі цемрашальства і адкрытага беларусафобства вытрымалі гэтыя людзі, заўсёды стараючыся падтрымаць адзін аднаго духоўна і маральна. Значна пазней, ужо на пачатку 80-х, у беларускім патрыятычным асяродку Маладзечна пачалі называць іх з любоўю і павагай за іх духоўную нязломнасць і тытанічную працавітасць беларускімі Кірылам і Мефодзіем. I было за што. Зроблена імі столькі, што, мусіць, не па сілах сённяшнім цэлым інстытутам ды і грамадскім арганізацыям. Умелі яны збіраць вакол сябе думаючых, не зачарсцвелых душой і сэрцам людзей. Праводзіць спакойную, не разлічаную на папулісцкі эфект працу, займацца тым, што было ім па сілах, што яны ўмелі і што дало пэўны вынік толькі праз дзесяцігоддзі. Умелі працаваць на будучыню!
         Недзе ў пачатку 1962 года, калі ў маладзечанскай газеце «Сцяг Кастрычніка» з’явілася першая яго публікацыя пра вайну 1812 года, Каханоўскі пачаў актыўна выступаць на старонках перыядычнага друку. Пісаў пра тое, што балела, што лічыў галоўным, стараўся не разменьвацца на дробязі. Таму і зробленае ім важкае і змястоўнае. Хоць іншы раз, што праўда, прыходзілі ў яго душу сумненні.
         Першая кніга, якая выйшла з-пад яго пяра і ўбачыла свет, была пра Маладзечна. Адбылася гэтая знамянальная падзея ў жыцці маладога даследчыка ў самым канцы далёкага ўжо 1971 года. Адразу ж з’явіліся і рэцэнзіі. Былі яны мудрыя і тактоўныя. Гэта натхняла. І ўжо ў 1974 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла наступная кніга, якая была прысвечана гораду-суседу, гораду-спадарожніку Маладзечна — славутай Вілейцы. Затым, як з чарадзейнага куфэрка, пасыпаліся «На запаветнай зямлі» (1974), «У родным краі» (1985), «Адчыніся, таямніца часу» (1984), «Прадвесне навукі» (1990), «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю» (1991), «Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVI-ХІХ стст.» (1984), «Повязь часоў» (1985). Былі яшчэ калектыўныя працы, дзе ім напісана амаль 90 працэнтаў матэрыялу. I таксама ўдумліва, разважна, перспектыўна. Да такіх прац трэба аднесці «Минский областной краеведческий музей» (1981), «Беларуская фалькларыстыка: эпоха феадалізму» (1981), «Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч» (1991). Апошняя напісана ў сааўтарстве з сынам, кандыдатам гістарычных навук Алесем Каханоўскім. I як на ўсё часу хапала? Пры сваёй занятасці, слабым здароўі, шматлікіх вандроўках і суцэльных перашкодах. Вось у каго трэба вучыцца, як працаваць, як ашчаджаць кожную хвіліну і як не марнаваць час на пустыя размовы і забавы. I ў кожнай з тых кніг заўсёды можна знайсці нешта новае, цікавае, важкае. Што падштурхоўвае, натхняе, дае надзею на заўтрашні дзень. Менавіта з яго кніг мы ўпершыню даведаліся пра Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, яе знакамітых выпускнікоў. Дзякуючы ім мы ведаем пра маленькую Ракуцёўшчыну, якая прытуліла і абагрэла слыннага Максіма Багдановіча. Разам з Каханоўскім мы праходзілі сцежкамі жыцця Янкі Купалы, Адама Гурыновіча, Фелікса Тапчэўскага, Яўстаха Тышкевіча, Адама Кіркора, Міхася Чарота, легендарных нашаніўцаў: Старога Уласа, Лявона Лобіка, Язэпа Шпэта, Юзю Шчупака ды іншых.
         Плённая музейная дзейнасць Генадзя Каханоўскага працягвалася з 1964 па 1982 год. За гэты перыяд ён прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара музея. Здолеў абараніць кандыдацкую дысертацыю на тэму «Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму». Здавалася, што ўсё ў яго жыцці складвалася бясхмарна, але гэта было толькі вонкава. Толькі сям’я ды, напэўна, нешматлікія сябры ведалі, якіх высілкаў яму гэта каштавала. У 1982 годзе ён быў запрошаны ў Мінск, у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР на пасаду старшага навуковага супрацоўніка. Доўга вагаўся, але ўсё ж прапанову прыняў. Зноў праца, шматлікія паездкі па архівах, бібліятэках, знаёмства з цікавымі людзьмі... У 1991 годзе становіцца загадчыкам аддзела ў Нацыянальным навукова-асветным Цэнтры імя Францішка Скарыны. А крыху больш чым праз год, дакладна 23 верасня 1992 года, абараніў доктарскую дысертацыю. Амаль адначасова закончыў працу над новай кнігай пад назвай «Гісторыя беларускага краязнаўства і музеязнаўства. Дарасійскі перыяд». Гэтыя радасныя падзеі супалі з не менш урачыстай, якую чакаў усё сваё свядомае жыццё. Яго Беларусь атрымала незалежнасць. Здавалася б, толькі жыві і працуй. Толькі не атрымалася. Бязлітасная і страшная хвароба веку пачынала ўжо сваё новае жудаснае жніво...
         Па асенняй зямлі ішоў сейбіт. I ўмела, зладжана кідаў жытнія зярняты ў толькі што ўзаранае поле. Ішоў упэўнена, годна, бо ведаў, што гэта зямля дадзена яму Богам. I хацелася сейбіту ўбачыць плён сваёй працы. I падала зерне ў раллю...
         Памёр Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі 15 студзеня 1994 года, пахаваны на могілках вёскі Насілава. На помніку, зробленым па праекце скульптара Алеся Шатэрніка, высечаны словы: «А ўсё ж такі мы жывём».
Міхась КАЗЛОЎСКІ.
 
        Кожны край мае тых, хто яго апявае, хто сее разумнае, добрае, вечнае. І такім сейбітам на працягу ўсяго жыцця быў чалавек ласкі Божай Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі.  Доктар гістарычных навук, краязнавец, публіцыст, апантаны даследчык мінушчыны і сціплы руплівец на ніве адраджэння Бацькаўшчыны, ён нялёгкім шляхам уздымаўся ад роднай зямелькі да зораў у навуцы, да зораў жыццёвай праўды.  У студзені гэтага года яму б споўнілася 75 год. Пайшоў з жыцця наш славуты зямляк Генадзь Каханоўскі таксама ў студзені 17 год таму.
Вучоны чалавек у самім сабе багацце мае, - гаворыць народная мудрасць. Багацце Генадзя Каханоўскага, як і шчасце атрымліваць веды, шчодра дарыць іх людзям, пад крывавымі мазалямі ляжала. Кожны куточак малой радзімы змераў сваімі крокамі гэты шчыры чалавек і патрыёт.  Амаль аб кожным чалавеку ведаў і шмат аб кім пакінуў цёплыя успаміны у сваіх падарожных кніжках «Повязь часоў», «Маладзечна»-  гісторыка эканамічны нарыс і іншых.  А колькі патаемнага ён адкрыў для нашай гісторыі як вучоны-даследчык, гісторык і археолаг. Усё гэта яскрава і дакладна апісаў на старонках кнігі і навуковай манаграфіі
«Адчыніся таямніца часу» і  «Ахеалогія і  гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХУ1-Х1Х ст.ст і іншых. Пералік назваў 15кніг, больш за тысячы навуковых артыкулаў занялі б шмат старонак.  Газетныя публікацыі, радыё і тэлеперадачы, прысвечаныя Генадзю Аляксандравічу  з'яўляліся да юбілейных і памятных дат. У іх распавядалася аб  знаходках і адкрыццях, зробленых нашым земляком, якія не толькі узбагацілі наш край, але сталі залатым фондам  айчыннай  гісторыі і літаратуры. Даніна памяці земляку – вуліца, якая носіць імя Генадзя Каханоўскага. Жывым паўстае ён  ва ўспамінах сяброў  і вершаваных радках паэтаў-землякоў. Але гэта мізэрная даніна слаўнаму сыну нашай Бацькаўшчыны,  які зрабіў незлічона шмат і ўсё без астатку пакінуў  роднаму краю і людзям, якіх моцна любіў.
 
 
…Ён праз жыццё нялёгкі крыж пранёс,
Рабіў адну, але святую справу,
Ён клапаціўся пра Айчыны лёс,
Вяртаў зямлі яе былую славу.
 
Каб мы таксама штось зрабіць змаглі
І мець да яго спраў хоць прыналежнасць
І множыць славу роднае зямлі,
Мацуйма яе лёс і незалежнасць.
 
В.Шнуркевіч
 
 
Ен так хацеў, так марыў, спадзяваўся,
Што да сапраўднай незалежнасці Радзімы,
Для беларуса, што губляўся, памыляўся,
Праз дух, свядомасць, праз культуру шлях адзіны.
 
Адчуць сябе гаспадаром жыцця і лёсу,
На матчынай, на роднае зямлі,
Бацькоў якая ўвабрала пот і слёзы
I дзе спрадвеку прашчуры жылі.
 
I ён імкнуўся кожную сцяжынку,
Куточак кожны ўваславіць і апець,
Не прыпыняўся ён ні на хвілінку,
Бо шмат што трэба высветліць, паспець.
 
I мы яму ўдзячны, што аб краі
Знаць можа кожны зблізку і здаля.
I скарб яго бясцэнны, што мы маем,
Мы для нашчадкау шчыра захаваем.
Л.Сысун
 
Пагасла  зорачка- зара,
Дзень патануў у змроку,-
Не стала сына-змагара,
Не вернецца здалёку…
 
Ён адкрываў нам родны край,
Ад сну будзіць нас мусіў.
О, колькі б ён яшчэ сказаў
Нашчадкам Беларусі!...
 
Вяртаў з нямога небыцця
Забытыя імёны.
Легендай мудрага жыцця
Адбыўся лёс ягоны.
 

 

Т. Трафімава