Оставить отзыв:












Авацыя №1 (57) 15 лютага 2011 года


 

З года якасці ў год прадпрымальнасці

Паэтычны край Купалы,  

Край цудоўных фестываляў...

 

            Сапраўды, Маладзечанская зямля багатая на таленты: з гэтымі мясцінамі ў розныя часы сваё жыццё звязалі гуманіст і асветнік Сымон Будны,  кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, паэты Максім Багдановіч, Янка Купала...

Маладзечанцы паважаюць традыцыі нашай спадчыны, захоўваюць памяць аб сваіх земляках і ўносяць свой уклад у культурнае жыццё рэгіёна. Аб гэтым сведчаць шматлікія мерапрыемствы міжнароднага, рэспублікаскага, абласнога ўзроўню.  На нашай зямлі прапіску атрымалі такія фестывалі і конкурсы, як Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, рэспубліканскі конкурс па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна”, рэспубліканскае свята песні і паэзіі ў в.Вязынка, ”, абласны фестываль нацыянальных культур, абласны фестываль “Гучаць цымбалы на зямлі Купалы”, свята паэзіі “Ракуцёўскае лета, рэгіянальны фестываль-конкурс эстрадных выканаўцаў “Адна зямля”.

            Сёння на тэрыторыі раёна дзейнічае 88 устаноў культуры, сярод іх: УА “Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага”,  Мінскі абласны драматычны тэатр, абласны тэатр лялек «Батлейка» , абласны краязнаўчы музей, ДУ “Палац культуры горада Маладзечна”, РМЦНТ, раённы цэнтр рамёстваў, 31 клубная ўстанова ,10 школ мастацтваў і музычных школ, дзіцячая мастацкая школа, ДУ “Парк культуры і адпачынку”,мастацкая галерэя в.Плябань, 42 бібліятэкі ўваходзяць у склад Маладзечанскай  раённай бібліятэчнай сістэмы.

            У рэгіёне 49 калектываў, якія маюць ганаровыя званні “народны”, “узорны”, “заслужаны”. Сярод іх заслужаны  калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага  і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Спадчына” . У Маладзечанкім раёне працуюць 25 прафесійных майстроў  выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

            Маладзечаншчына квітнее і развіваецца з кожным годам усё больш і больш: будуюцца новыя мікрараёны, аграгарадкі, а ўстановы культуры робяць усё дзеля таго, каб жыццё маладзечанцаў станавілася яшчэ больш насычаным і разнастайным, а вольны час цікавым і змястоўным.

 

''Статус :  Метадычная служба''

 

            З 2005 па 2010 гг. на тэрыторыі Маладзечанскага раёна былі створаныя 13 аграгарадкоў. Увядзенне такой адміністрацыйна-тэрытарыяльнай    адзінкі як аграгарадок станоўча сказваецца на развіцці і ўдасканаленні работы клубных устаноў. Адноўленая матэрыяльна-тэхнічная база, рамонты дамоў культуры дазваляюць пашырыць магчымасці работнікаў культуры ўкараняць інавацыйныя формы работы з насельніцтвам і павышаць узровень правядзення вольнага часу на сяле.

Клубныя ўстановы аграгарадкоў вядуць сваю працу па розных накірунках дзейнасці. Адным з прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца актыўнае супрацоўніцтва з насельніцтвам і заахвочванне яго  да культурнага жыцця.

Работнікі клубных устаноў робяць усё магчымае дзеля таго, каб культурнае жыццё было насычаным разнастайнымі культурна-дасугавымі формамі: дыскавечары, вечары адпачынку, навагоднія ранішнікі, экскурсіі, канцэрты і спектаклі, тэатралізаваныя святы і прадстаўленні, гульнёва-забаўляльныя праграмы.

            Упершыню ў Мала- дзечанскім раёне ў 2009 годзе ў мэтах актывізацыі творчай ініцыятывы насельніцтва і стварэння станоўчага іміджа аграгарадкоў спецыялістамі раённага метадычнага цэнтра былі арганізаваныя і праведзеныя: раённае свята “Вясна красная, пасха светлая” (Аляхновіцкі СДК), раённае свята дзяцінства “Свеціць, свеціць сонейка” (Палачанскі СДК), раённая прафілактычная акцыя “Остановить СПИД. Выполнить обещание” (Лебедзеўскі СДК). На гэтых святах былі праведзеныя майстар-класы, гульнёвыя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні, а таксама фестываль харэаграфічнага мастацтва “Майскія праменьчыкі”, конкурс маладых эстрадных выканаўцаў “Краіна мая, радасць мая, песня мая маладая”, фестываль інструментальнай музыкі “Ад рока да джаза”. У рамках гэтых мерапрыемстваў паказаў сваю работу раённы праект “Маладзежны перасоўны шматпрофільны цэнтр”, асноўнымі мэтамі і задачамі якога з’яўляецца павышэнне якасці жыцця вясковай моладзі, прыцягненне іх да сацыяльна-значымай дзейнасці па аказанню дапамогі жыхарам сяла.

            У 2010 годзе работа ў гэтым напрамку была прадоўжаная. Спецыялісты РМЦНТ і КАР правялі некалькі маштабных мерапрыемтсваў у аграгарадках раёна. Такія святы даюць магчымасць актывізаваць розныя слаі насельніцтва, выявіць сапраўдныя таленты рэгіёна, яны з’яўляюцца сапраўдным семінарам-вучобой па арганізацыі масавых мерапрыемстваў для клубных работнікаў раёна. У маі аграгарадок Хажова сабраў на раённае свята “Сёмуха”, куды з’ехаліся спевакі, гарманісты і прыпевачнікі  з усёй Маладзечаншчынчы каб прадэманстраваць сваё майстэрства. Парадавалі выступленнем калектывы мастацкай самадзейнасці Хажоўскага, Пранчэйкаўскага, Маркаўскага СДК, гульнёвая траецкая праграма Палачанскага СДК. У фінале свята прайшоў конкурс маладых сямей, якія прадэманстравалі свой артыстызм, кемлівасць.

Свята  аграгарадка            Беразінскае прайшло ў чэрвені 2010 года і было прысвечанае Дню моладзі, сапраўднай кульмінацыяй якога стала шоу “Міс-2010”. У гэтым конкурсе прынялі ўдзел пяць прыгажунь, якія дэфіліравалі ў вячэрніх, святочных, пляжных убраннях, дэманстравалі стыльныя маладзёжныя касцюмы, адказвалі на пытанні вядучых. Наогул праграма свята была насычанай. Культработнікі Беразінскага СДК падрыхтавалі цудоўны канцэрт, павіншаваць мясцовую моладзь запрасілі кіраўнікоў амаль усіх устаноў, якія знаходзяцца ў пасёлку. Спадабаліся гледачам і выступленні гасцей – народнага ансамбля эстраднай музыкі “Рэзананс”, эстрадных выканаўцаў Маладзечанскага раёна і ўзорнай эстраднай студыі “Экспромт” Вілейскага Палаца культуры.

            У кастрычніку 2010 года аграгарадок Маркава запрасіў на маштабнае свята, прысвечанае сталым людзям і Дню Маці. У сельскім савеце за “круглым сталом” ушаноўвалі лепшых працаўнікоў вёскі. У бібліятэцы адбыўся конкурс “Вясёлая сямейка” для малодшых класаў і бацькоў. У той жа час у школе аматары здаровага ладу жыцця сабраліся на спартыўнае свята “Калі дзеці здаровыя – гэта здорава”. Цікавую тэатралізаваную канцэртную праграму падрыхтавалі работнікі СДК. На маркаўскай сцэне прайшоў самы добры, сямейны і чуллівы раённы конкурс “А ну, бабулі”. Кожную з пяцярых удзельніц прыйшлі падтрымаць сем’і, сябры. Яны рыхтавалі “візіткі”, запляталі ўнучкам косы, спявалі для іх калыханкі. Кожная ўдзельніца атрымала падарункі. Гэта мерапрыемства плаўна перацякло ў “Рэтра-вечар” з некалі любімымі і забытымі песнямі, танцамі з конкурсамі.

            У 2011 годзе спецы- ялістамі РМЦНТ і КАР плануецца правесці свята аграгарадка Лебедзева, прысвечанае абрадаваму святу “Масленіца”, раённы конкурс “Міні Міс” у рамках свята аграгарадка Радашковічы і конкурс маладых сямей “Уладар сяла” у рамках  свята аграгарадка Гарадок, таму што як паказаў вопыт, такія святы патрэбныя і людзям, што жывуць на сяле, і клубным работнікам.

 

“Наша спадчына”

 

Вывучэнне традыцыйнай мастацкай спадчыны краю – адзін з галоўных напрамкаў на сучасным этапе ўстаноў культуры і мастацтва, дзейнасць якіх павінна быць накіраваная на ўзнаўленне той часкі культуры, якая прадстаўленая ў лепшых нацыянальных традыцыях беларусаў, бо менавіта яны з’яўляюцца найважнейшым сродкам перадачы народных мастацкіх скарбаў з пакалення ў пакаленне.

            У мэтах адраджэння, вывучэння і зберажэння традыцыйнай культуры і мастацтва ў Маладзечанскім раёне  ўпершыню быў арганізаваны і праведзены “Тыдзень традыцыйнай культуры”, дэвізам якога сталі наступныя словы: “Няма большага дастатку, чым зберагчы тое, што маем.” У рамках гэтай праграмы ў кожнай клубнай установе праходзілі мерапрыемствы рознага накірунку, прысвечаныя беларускай народнай культуры.

            Выяўленчае і дэка- ратыўна-прыкладное мастацтва – адзін з найбольш значных раздзелаў нацыянальнай традыцыйнай культуры. Вельмі плённа і актыўна ў гэтым накірунку ў клубных установах раёна была арганізаваная праца гурткоў па ДПМ, наладжана выстава зробленых вырабаў і вырабаў мясцовых умельцаў.  Адбываліся цікавыя і карысныя сустрэчы з майстрамі, якія ў сваю чаргу правялі майстар-класы па вышыўцы, вязанню, ткацтву, саломапляценню, выцінанцы, лепцы з гліны, вышыванню рушнікоў, разьбе па дрэву.

            Вывучэнне, аднаўленне і пераемнасць мясцовых традыцыйных формаў народнага мастацтва ў розных яго праявах адлюстроўвалася у выставах майстроў у Путнікаўскім СДК: Сокал Г.М. і Гарэлік Н.І. па вышыўцы, Кісялевіч В.В. і Рабушка В.В. па вязанню, Сокал І.Л. – разьба па дрэву; у Дубраўскім СДК: Таўпека Г.М. – самаробныя дываны, посцілкі, вышыванкі, Радзівончык Н.А. – вышываныя рушнікі, бялізна, Русецкая К.А. – бранае двухуточнае ткацтва, палатнянае парапляценне. У Гарнякоўскім СДК адбылася цікавая сустрэча з народным майстрам в.Гранічы Гуйда В.І.,  якая правяла майстар-клас па прадзенню воўны. Мясцовая ўмеліца славіцца сваімі саматканымі посцілкамі, рушнікамі, палавікамі. Цудоўнымі вышыванкамі, тканымі рэчамі, якім звыш 65 год ганарыцца яшчэ адна майстрыха в. Гранічы – Ласіца В.П. Вельмі багатай і каларытнай атрымалася выстава вырабаў мясцовых  майстроў у Маркаўскім СДК.  Дэманстраваліся вырабы з саломкі Глебец І.Я., вязаныя кручком сурвэткі Сташкевіч Т.Б., вышыўка, ткацтва, валёнкі і многае іншае. Гурток вязання “Ручкі-чараўнічкі” Яхімоўшчынскага СДК славяцца дзіцячымі цацкамі: з ільну, мяккія цацкі, вязаныя лялькі.

            Цікавыя і захапляючыя заняткі па роспісу дэкаратыўных сувеніраў і аплікацый са скуры  праводзіла кіраўнік  Красненскай народнай ізастудыі Дубаневіч А.Ф. Лепшыя працы былі аформленыя на выставе ў Мастацкай галерэі ў в.Плябань. На працягу “Тыдня традыцыйнай культуры” можна было наведаць заняткі па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву ў Беразінскай народнай ізастудыі, кіраўніком якой з’яўляецца Русак Н.Ю.

            Вывучэнне фальклорнай спадчыны Маладзечаншчыны арганізоўваецца такім чынам, што гэты працэс носіць не пасіўны характар (простае назіранне   і слуханне), а актыўны – непасрэднае практычнае перайманне дзецьмі ад носьбітаў мастацкіх традыцый каляндарна-абрадавых песень, прыпевак, танцаў, карагодаў, гульняў, казак, паданняў, лічылак, загадак, прымавак, розных жанраў празаічнага фальклору, звычаяў.

Далучэнне да спадчыннай культуры адбываецца праз мерапрыемствы, прысвечаныя каляндарнай абраднасці беларусаў. У Беразінскім СДК на фальклорным свяце “Багач” актыўна прымалі ўдзел і дзеці, і дарослыя. Усе з задавальненнем гулялі, спявалі, танцавалі, адгадвалі загадкі, дапаўнялі прымаўкі. Дзякуючы такому святу людзі не толькі праявілі свае творчыя здольнасці, але і дакрануліся да беларускіх традыцый і звычаяў.

            Праца па арганізаванаму далучэнню дзяцей да фальклорнай спадчыны мае ў актыве ўжо не адно дзесяцігоддзе. На паспяховасць гэтай карыснай і неабходнай справе працуюць у клубных установах раёна. У Пятроўшчынскім СДК адбылося фальклорнае свята “У гасцях у Несцеркі” з галоўным героем – вучоным Несцеркам, які некалькі гадзін забаўляў дзяцей, гуляў з імі ў гульні, загадваў загадкі. Удзельнікі разам спявалі і весяліліся. На тэатралізаванае фальклорнае свята “Матчын ручнік” запрашалі работнікі Палачанскага і Яхімоўшчынскага СДК. Дзеці даведаліся  пра рушнікі, іх гісторыю, як яны ткаліся, вышываліся. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць прывіць цікавасць да беларускага традыцыйнага мастацтва.

            Народны спеў, музыка спрадвеку напаўнялі чалавечую жыццёвую плынь своеасаблівым эмацыянальным зместам, выяўляючы праз гук, слова, рытм душэўны, духоўны характар роднага краю.

            У Маркаўскім СДК на пасядзелках “У гасцях у Маркаўчанкі” сабраліся і дарослыя, і дзеці, каб разам паспяваць беларускія народныя песні, развучыць беларускія танцы: “Кракавяк”, “Падыспань”, “Выйду я на рэчаньку”, вальс, польку. Вечар-сустрэча народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыва “Крынічанька” з удзельнікамі дзіцячага фальклорнага калектыва “Зараначка” Мясоцкага СДК “Каб старэйшыя не забываліся, а маладыя навучаліся” адбыўся ў Раеўшчынскім Доме фальклору.  Гучалі абрадавыя песні, беларускія прыпеўкі ў выкананні народнага гурта “Крынічанька”, а дзеці парадавалі сваімі народнымі песнямі, жартоўнымі прыпеўкамі. Разам станцавалі “Кракавяк” і “Падыспань”, праспявалі беларускую народную песню “Грэчанікі”. Дзеці з задавальненнем вучыліся манеры выканання аўтэнтычных спеваў  народнага калектыва “Крынічанька”. У Раёўскім СДК на вечарыне “На сяло да Анэлькі” сабраліся старэйшыя жыхары і дзеці. Усе з задавальненнем спявалі, танцавалі “Лявоніху”, “Крыжачок”, беларускую польку, гулялі ў беларускія гульні “Агурок”, “Вяровачка”, “Цар”, вучыліся вязаць, вышываць і ласаваліся смачнымі стравамі.

            Музычна-інструмен- тальная творчасць – мастацкае, яркае і своеасаблівае праяўленне творчай дзейнасці беларусаў. Яна звязаная з самымі  рознымі бакамі жыцця, так як без музыкаў у Маладзечанскім раёне не абыходзяцца вечарыны, вяселлі, традыцыйныя святы.

            З гэтай нагоды ў Чысцінскім СДК адбылася цікавая сустрэча з народнымі музыкантамі-прафесіяналамі і з музыкантамі-самародкамі, на якой усе госці змаглі пазнаёміцца са старадаўнімі і сучаснымі інструментамі, паслухаць мелодыі ў выкананні  народнага ансамбля народнай музыкі “Сакавінка”,  ансамбля “Чысцінскія дудары”, ансамбля “Рэтра”. Усе танцавалі, спявалі, гулялі. Старэйшыя жыхары і дзеці засталіся задаволенымі такой сустрэчай.   Вечарыны беларускіх народных танцаў былі праведзеныя ў Палачанскім і Маркаўскім сельскіх Дамах культуры ,на якой дзеці знаёміліся з беларускімі танцамі, іх гісторыяй, развучвалі элементы танцаў. З задавальненнем танцавалі “Падыспань”, “Кракавяк”, “Выйду я на рэчаньку” беларускую польку, вальс. У Хоўхлаўскім СДК была магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі традыцыйнага беларускага карагода, якія характэрны той мясцовасці.

            Своеасаблівым святам атрымалася закрыццё “Тыдня традыцыйнай культуры” на базе Мастацкай галерэі ў в.Плябань, пабудаванае на паказе фрагментаў вясельнага абраду на Маладзечаншчыне  з удзелам калектываў, якія ў культуры нашага краю сябе сцвярджаюць і ганарацца гэтым: народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Крынічанька” Раеўшчынскага ДФ, народны фальклорны ансамбль “Маркаўчанка” Маркаўскага СДК. Прыемным падарункам для ўсіх гасцей было выступленне заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” Валожынскага раёна. У Мастацкай галерэі была наладжана выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага раёна, праходзілі майстар-класы лепшых умельцаў народнага клуба майстроў “Вытокі” раённага Цэнтра рамёстваў Клімко А.І., Казловай В.П.,  цудоўны майстар-клас па пляценню паясоў Лямбовіч К.С. . Цікавым і смачным атрымаўся раённы конкурс-выстава традыцыйных нацыянальных страў, у якім прынялі ўдзел усе клубныя ўстановы раёна. Падчас святкавання ўзнагароджваліся носьбіты фальклору, пераможцы конкурсу і самыя актыўныя ўдзельнікі “Тыдня традыцыйнай культуры”.

 

Бібліятэкі працуюць зладжана

Шмат розных святаў  і мерапрыемстваў прайшло ў  мінулым 2010 годзе і, напэўна, кожнаму запомніліся самыя цікавыя. Былі летась знакавыя падзеі і ў Цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы – юбілей і “наваселлі”. Летась бібліятэка імя М. Багдановіча адзначыла сваё 65-годдзе, а  Гарадоцкая, Пякарская, Хоўхлаўская, Хажоўская, Цюрлёўская, Лебедзеўская і Яхімоўшчынская бібліятэкі пераехалі ў новыя, прыгожыя і добраабсталяваныя памяшканні.

            Маладзечанская раённая бібліятэчная сістэма аб’ядноўвае 42 бібліятэкі (у 2008 годзе ў склад ўвайшла спецыялізаваная бібліятэка для інвалідаў па зроку). Іх паслугамі штогод карыстаецца 51 тыс. чытачоў, а бібліятэчны фонд складае 744 972 экзэмпляраў. Сёння, у час хуткага развіцця інфармацыйных тэхналогій, немагчыма ўявіць сваё жыццё без мабільных тэлефонаў, камп’ютараў, Інтэрнэта. Паспяваюць за часам і нашы бібліятэкі: 23 з іх камп’ютэрызаваныя, 15  маюць выхад у Інтэрнет, устаноўленыя 54 камп’ютэры, уведзеная электронная праграма “Рэгістрацыя і абслугоўванне чытачоў”. Акрамя таго, працуюць 6 публічных цэнтраў прававой інфармацыі,  цэнтральная бібліятэка і бібліятэка “Верасок” маюць свае  сайты, ёсць мультымедыйны цэнтр. На базе “Вераска” створаны “Інфармацыйна-адукацыйны цэнтр”.  Значнае месца займае  рэкламная дзейнасць: распрацоўваюцца кніжныя закладкі, буклеты, паштоўкі, лістоўкі з рэкламай бібліятэчных паслуг. За 2010г. былі надрукаваныя 68 артыкулаў, прагучала 19 радыёперадач, паказалі 25 тэлеперадач на рэспубліканскім і мясцовым тэлебачанні.             Аб ЦРБС створаныя два відэафільмы. 

            Пры бібліятэках вядуць работу 24 клубы і аматарскія аб’яднанні. Праходзяць вечарыны, сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, краязнаўчыя чытанні, ладзяцца рэспубліканскія навукова-краязнаўчыя канферэнцыі: “Слядамі Купалы” да 125-годдзя Я.Купалы;  “Шляхамі Ластоўскага” да 125-годдзя В.Ластоўскага; “Генадзь Каханоўскі і яго час”.

            Развіваюцца і міжнародныя культурныя сувязі. Цэнтральная бібліятэка супрацоўнічае з пасольствамі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Польскім інстытутам ў Мінску, дыяспарамі розных нацыянальнасцяў, Мінскім грамадскім аб’яднаннем “Русское общество”. Бібліятэку наведваюць прадстаўнікі замежных пасольстваў. Для вучняў, настаўнікаў гімназій, студэнтаў праводзяцца круглыя сталы, семінары, практыкумы, майстар-класы па вывучэнню замежных моў, сустрэчы з замежнымі пісьменнікамі і артыстамі.    У бібліятэцы створаныя “Французскі куток інфармацыі і чытання, “Куток грэчаскай літаратуры”. Неаднаразова праводзілі сумесныя  праекты рэдакцыя “Маладзечанскай газеты” і ЦРБ “Мы открываем мир”; “Падарожжа па родным краі з Міхасём Казлоўскім”, аддзела адукацыі райвыканкама і цэнтральнай раённай  бібліятэкі імя. М Багдановіча “Легенда горада”.

            Тут экспануюцца работы творцаў Маладзечанскага краю. Выставачныя залы знаходзяцца ў бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок”, філіялах №№1, 7, Радашковіцкай гарпасялковай, Аляхновіцкай, Хажоўскай, Турэц-Баярскай сельскіх бібліятэках.  Кожны год на базе ЦРБ праходзяць розныя раённыя конкурсы: “Беларусь – наш агульны дом” (2006г.), “Быць гісторыкам сваёй вёскі” (2007, 2008гг.), “Жыць у згодзе з прыродай” (2009, 2010гг.).

            У 2006 годзе наша бібліятэка заняла першае месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». У абласных спаборніцтвах на лепшую пастаноўку работы ў намінацыі “Лепшая бібліятэка года” прызавыя месцы заваявалі: Цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Багдановіча (3-е месца, 2006г.), Аляхновіцкая сельская бібліятэка (2-е, 2007г.), бібліятэка сямейнага чытання “Верасок” ( 2-е, 2008г.). Радашковіцкая гарпасялковая бібліятэка ў 2007 годзе стала пераможцам абласнога агляду-конкурсу “Лепшы інфармацыйны куток”.

            У наступіўшы год прадпрымальнасці будзем паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу бібліятэк, плануем  прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных  да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, рэспубліканскім свяце “Дажынкі-2011”, арганізаваць раённы агляд-конкурс сярод бібліятэк “У родным краі ёсць крыніца”. Неабходна праводзіць далейшую камп’ютарызацыю бібліятэк з падключэннем да сеткі Інтэрнэт і арганізацыю электроннай пошты (з улікам абнаўлення камп’ютарнага парку), павялічваць паказчыкі абнаўлення фондаў і наведванняў (да 5 % у год), аб’ём электроннага каталога. У 2011 годзе плануем  набыць праграму “BELMARC” – Беларускі камунікатыўны  фармат прадстаўлення бібліяграфічных  запісаў у  машыначытальнай  форме. А самае галоўнае  - працаваць у рамках раённай бібліятэчнай праграмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі бібліятэкараў “Ступені майстэрства”.

 

Музыка - паэзія душы...

 

У Маладзечанскім раёне працуюць 10 музычных школ  і школ мастацтваў. Восем з іх знаходзяцца ў раёне. Навучанне вядзецца на ўсіх інструментах класічнага і народнага накірунку. Вучэбны працэс будуецца па напрамках акадэмічнага, фальклорнага і эстраднага выканальніцтва. Сёння ў гэтых установах займаецца 1629 дзяцей. Школы вельмі розныя і па ўзросту, і па колькасці навучэнцаў. Самая маладая, дзе самы малады дырэктар, Гарадоцкая ДМШ, ёй яшчэ толькі шэсць год. У 2010 годзе там правялі рамонтныя работы. Акрамя таго, былі адрамантаваныя Беразінская, Заскавіцкая, Чысцінская, Аляхновіцкая ДМШ. У гэтым годзе плануецца правесці рамонт у Красненскай музычнай школе, Маладзечанскай мастацкай школе, Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў.

            У 2010 годзе наваселле адзначыла Радашковіцкая школа мастацтваў, якая пераехала ў новае цудоўнае памяшканне. Лебедзеўская дзіцячая школа мастацтваў змяніла свой адрас у 2009 годзе. А яшчэ тры музычныя школы змянілі свой статус  - сталі школамі мастацтваў. Гэта Лебедзеўская, у ёй адкрылася дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне, Чысцінская - адзяленне харэаграфіі і Маладзечанская - тэатральнае аддзяленне. Умовы для творчасці цудоўныя. Толькі працуй! І яны працуюць. Шматлікія перамогі ў конкурсах рознага ўзроўню гавораць аб гэтым. І яшчэ вынік – паступленні навучэнцаў у адпаведныя ўстановы: за 2010 год 45 выхаванцаў паступілі ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы.

            Дарэчы, Маладзечанская школа мастацтваў з’яўляецца метадычным рэгіянальным цэнтрам Заслаўя, Маладзечна і раёна, а таксама Вілейскага і  Мядзельскага раёнаў, якія аб’ядноўваюць 20 музычных школаў і школаў мастацтваў. На базе метадычнага цэнтра праводзяцца рэгіянальныя конкурсы, семінары, майстар-класы з удзелам прафесараў Белдзяржакадэміі музыкі, мерапрыемствы абласнога і рэспубліканскага маштабу. У Маладзечанскай дзіцячай музычнай школе больш дваццаці творчых вучэбных калектываў, з іх 7 маюць званне “народны” і “узорны”. 

            Нельга не адзначыць работу дзіцячай мастацкай школы. Вынікі дзейнасці ўстановы – перамогі ў шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах. Творы навучэнцаў можна бачыць на розных выставах і ў горадзе, і ў раёне. У іх вялікі творчы патэнцыял, выдатны калектыў, таленавітыя дзеці.

            Многа планаў, многа задумак. І для дасягнення пастаўленых задач ёсць творчыя людзі, якім хочацца пажадаць – так трымаць!        

 

 

 

Палац культуры працуе для вас

Сучасная дзяржаўная ўстанова “Палац культуры горада Маладзечна” – установа, адметная дасканалым спалучэннем прыгажосці як ўнутранай, так і знешняй: непаўторнасці архітэктурнага праекта і высокадухоўнага жыцця.

            Адзін з асноўных накірунакаў дзейнасці ўстановы - арганізацыя культурна-масавай работы, вольнага часу і адпачынку насельніцтва. Дзяржаўная ўстанова “Палац культуры г.Маладзечна” з’яўляецца асноўнай сцэнічнай пляцоўкай для правядзення культурна-массавых мерапрыемстваў, нарад, семінараў, абласных аглядаў-конкурсаў мастацкай  самадзейнасці, прафесійных святаў упраўленняў Мінаблвыканкама, структурных падраздзяленняў і ўстаноў Мінскай вобласці, райвыканкама. За  5 год працы  было арганізавана і праведзена 1847 мерапрыемстваў  розных формаў, з іх 114 – міжнародных, рэспубліканскіх і абласных.

            Гэта значыць, што кожны год адбываецца звыш 400 мерапрыемстваў, якія  арганізоўваюцца  пры  ўзаемадзеянні  спецыялістаў  аддзелаў, служб і творчых  калектываў  Палаца культуры. Кожнае масавае мерапрыемства, праводзімае ў Палацы культуры, мае свой стыль,  сваю тэматыку, над якімі працуюць творчыя, неардынарныя спецыялісты. Найбольш значныя  культурна-масавыя мерапрыемствы: Нацыянальны фестываль паэзіі і песні “Маладзечна”, міжнародны рэйцінгавы турнір па бальных танцах “Кубак Маладзечна”, абласны фестываль нацыянальных культур, адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, акцыі “Шлях да Храма”, рэспубліканская духоўна-асветніцкая  праграма “Сям’я-Яднанне-Айчына”, у рамках якой прайшло больш 100 мерапрыемстваў. Традыцыйнамі сталі: конкурс дызайнераў і мадэльераў “Залатыя нажніцы”, конкурс цырульніцкага майстэрства “Свет прыгажосці”, свята да дня работнікаў культуры “Талент”, свята ўшанавання калектываў і перадавікоў па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця “Майстар працы Маладзечанскага краю - Радзіме” і інш. 

       Асабліва вялікая ўвага надаецца арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Ёсць унікальны, смелы, і што самае галоўнае, паспяховы вопыт работы ў канцэртным шоу-бізнесе, які сёння не ўсім сталічным канцэртным залам пад сілу. Дзякуючы высокаму ўзроўню арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці. Кожны наведвальнік Палаца культуры атрымаў магчымасць сустрэцца з любімымі выканаўцамі і калектывамі, зоркамі беларускай і расійскай эстрады. Так, за  год праходзіць звыш 40 канцэртаў прафесійных калектываў і выканаўцаў. З вялікім поспехам адбыліся канцэрты Валерыя Лявонцьева, Ларысы Долінай, Аляксандра Малініна, Алега Газманава, Надзеі Кадышавай, Ірыны Алегравай, Аляксандра Маршала, Валянціны Талкуновай, групы “Любэ”, групы «БІ-2», Крысціны Арбакайтэ, Лаліты і інш. Амаль усе беларускія выканаўцы і групы выступілі на нашай канцэртнай пляцоўцы.

          Плённы творчы саюз устаноў Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага і Палаца культуры  падараваў маладзечанцам цудоўныя імгненні сустрэч з высокім мастацтвам стварыўшы сумесны праект - Маладзечанскі  маладзёжны музычны тэатр, прэм’еры спектакляў якога былі вялікай падзеяй для нашага рэгіёна, Мінскай вобласці і Беларусі (П.І.Чайкоускі “Іаланта” і “Травіята”, “Яуген Анегін”).   Сапраўдным святам для маладзечанцаў і гасцей нашага горада сталі  праграмы музычнага вучылішча і Палаца – “Зоркі беларускай аперэты”, “Где же вы теперь, друзья однополчане”,  “Ад аперэты да мюзікла”, “Сустрэчы на Ражство”.

            Спецыялістамі і кіраўнікамі творчых калектываў надаецца вялікая ўвага развіццю жанраў і відаў  самадзейнай мастацкай творчасці, раскрыццю талентаў і здольнасцей чалавека. У Палацы культуры працуюць 32 творчыя калектывы (з іх 17 для дзецей). У іх  займаецца больш 2000 (500 дзяцей) удзельнікаў. 9 клубных фарміраваняў маюць званне “заслужаны”, “народны”, “узорны”. Творчыя калектывы пацвярджаюць сваё майстэрства на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах і фестывалях. Па выніках за 2010 год у фонд пермог увайшлі 8 дыпломаў Гран-Пры і 1-ыя месцы,  5 – за другое, 7 –за трэцяе і 11 у намінацыях.

            Да пэўных вынікаў прывяла і мэтанакіраванная работа Палаца культуры па аказанню і пашырэнню відаў платных паслуг насельніцтву. План платных паслуг, які аказваецца па 12 відах, быў выкананы за пяцігодку на 267,3% пры плане 193,5%,  праведзена 776 мерапрыемстваў на платнай аснове, у тым ліку 162 за мінулы год.

            Аглядаючыся на мінулыя 5 год працы, з якімі звязана ў кожнага з нас шмат прыемных і радасных успамінаў, хочацца сказаць, што шмат чаго ўдалося зрабіць.  За мінулую пяцігодку  было выдадзена: 4 буклеты творчых калектываў, 38 выпускаў газеты «Авацыя», кніга самадзейных паэтаў  «Агмень», каталога мастакоў Маладзечаншчыны і інш.

         Кожны дзень патрабуе ад калектыва Палаца культуры выкарыстання сучасных стыляў работы, актыўнага супрацоўніцтва з ўстановамі рэгіёна, пошука новых метадаў культурна-дасугавай дзейнасці. Асноўнымі задачамі Палаца культуры на 2011 год зяўляюцца: выкананне рашэнняў, распараджэнняў, праграм па сацыяльна-культурнаму абслугоўванню насельніцтва; пошук і ўкараненне ў практыку новых формаў і метадаў працы;  развіццё формаў платных паслуг;  умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы; правядзенне комплексу рамонтных прац да рэспубліканскага свята «Дажынкі-2011»;  правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскага свята «Дажынкі-2011». 

 

 

Усё ад сэрца, усё ад душы

 

Раённы Цэнтр рамёстваў  быў адкрыты ў 1998 годзе на базе былой бібліятэкі ў в.Красоўшчына Маладзечанскага раёна. На сённяшні дзень пры РЦР працуюць: салон-крама; выставачная зала музея рамёстваў , дзе дэманструюцца вырабы майстроў раёна; хата майстроў, дзе ёсць магчымасць авалодаць майстэрствам саломапляцення, лозапляцення,выцінанкі і інш. Дзякуючы працаўнікам  Цэнтра рамёстваў і народным майстрам на тэрыторыі раёна  захоўваюцца дасягненні матэрыяльнай і духоўнай культуры.

            З 2007 г. Цэнтр рамёстваў у д.Красоўшчына занесены ў Рэспубліканскі турыстычны маршрут , а ў 2009 годзе на трасе Мінск-Маладзечна пастаўлены адпаведны рэкламны шчыт. Адкрыццё цэнтра значна паўплывала на працу па выяўленні талентаў-самародкаў. Цэнтр аб'ядноўвае больш 70 майстроў па розных відах дзейнасці. У сувязі з гэтым пры РЦР быў створаны клуб народных майстроў «Вытокі», які ў 2006г.  атрымаў званне «народны».

За 2010 г. прайшлі шматлікія выставы і майстар-класы па саломапляценню, выцінанцы, бісерапляценню, бяросце, фларыстыцы, вышыўцы, лозапляценню  ў філіялах № 1 і  №7  цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча, Алях- новіцкай, Хажоўскай, Ту- рэц-Баярскай сельскіх бібліятэках, у Дзяржаўным прафесійна-будаўнічым ліцэі №21 г.Маладзечна, абласным тэатры лялек «Батлейка» якія арганізоўвалі і  праводзілі работнікі раённага цэнтра рамёстваў.

            Калектыў РЦР браў удзел у выставах рознага ўзроўню: Міжнароднай выставе «Дні славянскай культуры» (г.Варшава), “Дні беларускай культуры” (г.Санкт-Пецярбург),  «Усходнія вароты Украіны» (г.Луганск), на  Рэспубліканскім фэсце «Вясновы букет» (г.Мінск), на «Кірмашы талентаў»  (г.Маладзечна), у Рэспубліканскай  выставе-кірмашу  «Камарова-кола дзён «, «Ракуцеускае лета» ў в. Ракуцеўшчына, на адкрытым турніры па конным спорце на прызы Мінскага аблвыканкама і Беларускай федэрацыі коннага спорту ў в.Палачаны,  на Рэспубліканскім свяце Беларускай пісьменнасці ў г.Барысаве , удзельнічалі ў рэспубліканскай духоўна-асветніцкай праграме «Сям»я - Яднанне-Айчына»  (Маладзечна), на абласным фестывалі «Пеўчае поле» (г.Мядзел), міжнароднай выставе-кірмашу  (г.Ашмя- ны) і іншых. Майстры РЦР увесь час выязджаюць з выставамі на «Лінію Сталіна».

            Вялікую працу прарабіў калектыў цэнтра рамёстваў у падрыхтоўцы і  ўдзеле ў святкаванні 620-ці годдзя г.Маладзечна. Прадстаўнікі дэлегацый  павезлі ў свае рэгіёны  знак нашага горада, выраблены майстрамі цэнтра рамёстваў. Для калектыва  гэты  вялікі  гонар.

            Рукамі нашых майстроў аформленая зала шлюбу ў в.Гарадзілава.                   

У в.Красоўшчына з элементамі тэатралізацыі арганізаванае наведванне турыстаў. На базе РЦР праходзяць навагоднія ранішнікі, «Масленіца» і «Гуканне вясны». Турысты прыязджаюць сюды з велізарнай цікавсцю. Тут яны знаёмяцца з майстрамі нашага рэгіёна, іх творчасцю, удзельнічаюць у майстар-класах   і  заўсёды могуць набыць сувенір на памяць. На другім паверсе «Універмага»  ў аддзеле  «Сувеніры» жыхары і госці горада могуць набыць   на памяць вырабы і  сувеніры  майстроў. Вітрына гэтай крамы аформлена  працаўнікамі РЦР.

            Шмат увагі надаецца выкананню плана платных паслуг. За 2010 год ён выкананы  звыш  100 %.

            Усё, што робяць умельцы раённага цэнтра - усё ад сэрца і ад душы! Па выніках працы за 2009 год - раённы Цэнтр рамёстваў прызнаны лепшай установай культуры  з унясеннем на раённую Дошку гонару.

           У планах на 2011 год больш творчых перамог, праца з насельніцтвам, павышэнне майстэрства, захаванне і павялічэнне таго «чароўнага  куфэрка» які пакінулі   нашы   продкі.

 

 

Мастацкая галерэя вёскі Плябань

 

Мастацкая галерэя ў вёсцы Плябань была адкрытая 21 мая 2009 года.  Яна займаецца прапагандай і рэалізацыяй твораў мастацтва. Асноўнымі задачамі і функцыямі з’яўляецца захаванне самабытнай мастацкай культуры, выхоўванне нацыянальнай свядомасці сярод насельніцтва на аснове далучэння да традыцыйнага народнага мастацтва, а таксама садзейнічанне і стварэнне ўмоў для майстроў.

            Сумесна з цэнтрам рамёстваў аддзела культуры рыхтуюцца выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праводзяцца майстар-класы па выцінанцы, саломцы, лозапяценню, вышыўцы. Актыўную падтрымку аказвае раённы метадычны цэнтр  - гэта  правядзенне дзіцячых ранішнікаў і анімацыйных праграм.  У верасні мінулага года адбылося мерапррыемства “Традыцыйнае свята непадуладна часу”, прысвечанае падвядзенню вынікаў “Тыдня традыцыйнай культуры”, на якім былі майстар-класы па ткацтву, вышыўцы, вязянню, лозапляценню. Прайшла выстава-конкурс традыцыйных народных страў, былі прадстаўленыя фрагменты вясельнага абраду.

            У мастацкай галерэі в.Плябань праходзяць выставы Дзіцячай мастацкай школы, Дзіцячага цэнтра «Расток», народнага клубнага аб’яднання “Майстар” Палаца культуры. У выставачнай зале галерэі экспанаваліся лепшыя работы дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага.

            У 2010 годзе было праведзена 41 мерапрыемства (з іх 36 на платнай аснове), 4 тэатралізаваныя святы, 18 выстаў. За мінулы год галерэю наведалі 1452 чалавекі.

            У будучым плануецца стварэнне кутка традыцыйнай беларускай культуры, дзе будзе адпаведнае афармленне. Наведвальнікі змогуць убачыць быт традыцыйнай беларускай сядзібы: нацыянаьныя стравы, побыт беларускай хаты – гэта стане адметнай рысай культуры Маладзечанскага раёна.   

Загадчыца мастацкай галерэі А.С.Ліхтаровіч