Оставить отзыв:












Авацыя №6 (56) 24 снежня 2010 года

 
“СНІДу няма месца сярод нас”
 
      Ура, зіма пачалася! Пара выцягваць лыжы з гаражу, канькі прывесці ў парадак… Але штосьці стрымлівае радасць…І раптам, як пярун сярод яснага неба – сёння ж першага снежня – Дзень барацьбы са СНІДам. 
       СНІД – гэта страшэнная навала, якая за шмат год распаўсюдзілася па ўсяму свету і лекі ад яе пакуль што не знойдзеныя.
       СНІД – гэта вялікая праблема, якая хвалюе кожнага. Людзі павінны ведаць аб ёй як мага больш, каб засцерагчыся самім і абараніць сваіх сяброў, родных і блізкіх.
        Штогод арганізоўваецца і праводзіцца шмат мерапрыемстваў, якія тычацца прафілактыкі гэтага захворвання. І наш горад, а менавіта Палац культуры, таксама прыняў першага снежня эстафету Рэспубліканскай акцыі “Красная линия. Остановим СПИД вместе!”. У гэты дзень на вялікай сцэне Палаца прайшла восьмая рэгіянальная акцыя-конкурс, прысвечаная Міжнароднаму Дню барацьбы са СНІДам. У ёй прынялі ўдзел каманды навучэнцаў сярэдніх агульнаадукацыйных школ горада і раёна. Напярэданні ў адборачным туры вызначыліся восем каманд-фіналістак, якія і спаборнічалі паміж сабой у першы зімовы дзень. Гэта каманды сярэдніх школ №№ 1,2,4,8,14, гімназій № 6 і № 10, а таксама раённая каманда з Турэц-Баяр.
      Асноўную работу па арганізацыі мерапрыемства выканалі метадысты аддзела па рабоце з моладзю і падлеткамі, якім кіруе Таццяна Тарасава. Яны вызначылі дзве намінацыі – хатняе заданне і відэаролік на тэму “Дзеля жыцця на Зямлі”. Ацэньвала конкурс кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі: урач-эпідэміёлаг ДУ МРЦГіЭ Маргарыта Працкова, галоўны спецыяліст аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Ядзвіга Чаеўская, намеснік дырэктара Палаца культуры па арганізацыйна-масавай рабоце Галіна Акулёнак, метадыст раёнага вучэбна-метадычнага кабінету Вера Міцько, карэспандэнт Маладзечанскага тэлебачання Максім Сліж.
      У пачатку акцыі урач-эпідэміёлаг Маргарыта Працкова азнаёміла ўсіх прысутных з апошнімі звесткамі аб колькасці хворых на СНІД у Рэспубліцы Беларусь. Благачынны Маладзечанскай акругі айцец Аляксандр звярнуўся да моладзі з заклікам: жыць і дзейнічаць адносна свайго сумлення, не парушаючы Божых Запаветаў, і гэта абароніць ад розных спакусаў.
      Усе каманды вельмі стараліся, былі добра падрыхтаваныя і паказалі цікавыя, разнастайныя праграмы. Чацвёртая школа ўразіла незвычайным танцам ценяў. У каманды восьмай школы на сцэне развярнулася жорсткая барацьба дабра і зла. А ўдзельнікі Турэц-Баярскай сярэдняй школы, паспрабавалі з дапамогай Багоў з Алімпу, вырашыць праблему ўзнікнення і распаўсюджання СНІДу на Зямлі.
       Цяжка прыйшлося журы, але іх рашэнне было аднагалосным. Гран-пры за больш выразнае раскрыццё тэмы ў хатнім заданні атрымала каманда Турэц-Баярскай сярэдняй школы. Шчаслівыя дзеці павезлі дамоў кубак і прыз – магнітафон ад адзела культуры Маладзечанскага райвыканкама. Лепшы відэаролік быў у сярэдняй школы №4, а прыз глядацкіх сімпатый па праву атрымала каманда школы №2. Гэтыя дзве каманды былі ўзнагароджаныя падарункамі ад Палаца культуры. Усім удзельнікам 8 рэгіянальнай акцыі-конкурсу кампанія “Онега” ўручыла свае асаблівыя смачныя прызы.
         Разважна і памяркоўна, з ноткай гумару, вяла гэта мерапрыемства Ірына Сарокіна, якая ў заключэнне падвяла станоўчы вынік: “Каб жыццё працягвалася, мы павінны яшчэ раз усе з упэўненнасцю сказаць: “Спынім СНІД разам! Мы за здаровы лад жыцця!”
Марына ЮХНЕВІЧ
 
Дабрачыннасць
 
“Старасць не бяда – была б душа малада”
Дабрачынны канцэрт “З песняй па жыцці”, які быў прымеркаваны да Дня інвалідаў і пажылых людзей, прайшоў пятага снежня ў Палацы культуры горада Маладзечна. Канцэртную праграму прадстаўляла Народнае клубнае аб’яднанне ветэранаў вайны і працы “Адпачынак”.
Ясным зімовым днём, марозным і сонечным адначасова,  у вялікай зале Палаца культуры сабраліся сапраўдныя прыхільнікі народнай творчасці. Удзельнікі клубнага аб’яднання “Адпачынак” спявалі народныя песні, прадстаўлялі харэаграфічныя кампазіцыі, весялілі прыпеўкамі. Бадзёры настрой, з якім самадзейныя артысты выйшлі на сцэну, напэўна, адразу перадаўся залу, бо прысутныя падпявалі “Домік вокнамі ў сад” салісту Аляксандру Хазяніну, ад душы смяяліся над жартамі, прытанцоўвалі пад “Весялуху”...
У 1988 годзе ў Маладзечне ўтварылася клубнае аб’яднанне ветэранаў  вайны і працы “Адпачынак”. Нязменным кіраўніком калектыва на працягу 22 гадоў з’яўляецца Марыя Міхайлаўна Баландзіна. Ужо ў 2004 “Адпачынку” было прысвоена ганаровае званне “Народны”.
Сёння клуб ажыцяўляе свой галоўны дэвіз: “Старасць не бяда – была б душа малада”. Народнае клубнае аб’яднанне “Адпачынак” карыстаецца вялікім поспехам у людзей пажылога ўзросту і сваёй актыўнай дзейнасцю стараецца несці людзям радасць, дабро і цеплыню.
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
 «Спадчыне»  – 50
Грандыёзным канцэртам пяцідзесяцігадовы юбілей у снежні гэтага года адзначыў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Спадчына” .
Трэцяга снежня ў Палацы сабраліся сябры, блізкія і родныя людзі ўдзельнікаў вядомага калектыва не толькі ў нашай краіне,  але і далёка за яе межамі. Павіншаваць артыстаў прыйшлі і ветэраны “Спадчыны”.
Мерапрыемства пачалося з відэафільма, праз які прысутныя даведаліся пра станаўленне, развіццё і сучаснае жыццё ансамбля. Гледачам была прадстаўленая канцэртная праграма, дзе былі вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, спевы, танцы, жарты і прыпеўкі.
Ад душы самадзейныя артысты выканалі “Хрэсьбіны”. У гэтай вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі ўдзельнікі ансамбля  ў поўнай меры прадставілі даўнейшыя беларускія традыцыі. На шыкоўнай сцэне Палаца культуры разгарнуўся танец буслоў, якія, як кажуць па легендзе, маленькіх дзяцей у сям’ю прыносяць. Не абыйшлося і без адведзінаў, куды, згодна абраду, ідуць толькі жанчыны. “Хрэсьбіны” не былі бы  завершанымі без сапраўднага катання бабы на зэдліку, а напрыканцы, заканчваючы гэту вакальна-харэаграфічную кампазіцыю, харавая група калектыву  праспявала для нованароджанага калыханачку...
Мяркую, што прысутным было цікава даведацца і пра свята ўраджаю, якое ўдаўніну таксама адзначалі на Беларусі. Праз вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Талака” артысты прадэманстравалі як даўней людзі збожжа збіралі. На сцэне разгарнулася сапраўданае жытнёвае поле: тут дзяўчаты жыта ў жалі і звязвалі іх у снапы. Затым да прыгажунь далучыліся хлопцы. Яны вырашылі дапамагчы і малолі збожжа цапамі, прычым не паспявалі не толькі працаваць, але і да маладзенькіх дзяўчат заляцацца. Гэта вакальна-харэаграфічная кампазіцыя спалучала ў сабе сабе  і танец,  і песню, і гульні. Яна дае яркае ўяўленне пра традыцыйнае свята ўраджаю.
А вось аўтарская кампазіцыя Іосіфа Сушко “Янава ночка”, якая расказвала пра Купалле. Гэта дзеянне сапраўды заварожвала і пераносіла нас у летнюю купальскую ноч. Тут хлопцы праз вогнішча пераскоквалі, дзяўчаты вяночкі плялі і ў раку апускалі. Затым усе разам шукалі запаветную папараць-кветку,і, сустрэлі сваю другую палову...
На працягу ўсёй канцэртнай праграмы шмат было цікавых харэаграфічных пастановак, цудоўных спеваў харавой групы, выканання песень салістаў ансамбля, добра акампаніравала аркестравая група. А напрыканцы вечара словы віншавання “Спадчыне” перадалі ад Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі, начальніка Упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоля Акушэвіча. Павіншавалі з 50-гадовым юбілеем Раіса Вайцяхоўская з абласнога навукова-метадычнага цэнтра, Святлана Баранок, намеснік начальніка Упраўлення культуры Мінскага аблыканкама; Уладзімір Шавялёў - начальнік устаноў культуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, начальнік аддзела культуры Маладзечанкага райвыканкама Аляксандр Рамановіч. Тэлефанаграму ад старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры з пажаданнямі «годна несці ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь», каб прыхільнікі заўсёды маглі наталіць душу чароўным водарам народнай песні і стаць  духоўна чысцейшымі і прыгажэйшымі » перадала дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока. 
Думаю, у  той цудоўны вечар да віншаванняў далучыўся кожны прысутны ў зале. Няхай “Спадчына” жыве і яшчэ доўга-доўга радуе нас сваімі канцэртамі, бо такі калектыў у нас адзіны.
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
Заварожваючая сімфонія
Восьмага снежня ў канцэртнай  зале Палаца культуры прайшоў канцэрт Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага.
Снежаньскія канцэрты сімфанічнага аркестра сталі традыцыйнымі ў  Палацы культуры. Кожнае іх выступленне – гэта падзея для знатакоў класічнай музыкі. Наш славуты аркестр за гады сваёй творчай дзейнасці выступаў у многіх гарадах Беларусі, Еўропы; выступаў з канцэртнымі праграмамі ад чыста класічных да эстрадна-джазавых, выступаў з вядомымі артыстамі, спевакамі і інструмента- лістамі, прапагандуючы музыку беларускіх, рускіх, еўрапейскіх кампазітараў. Маладзечанскія музыканты не толькі заваёўваюць замежную публіку, але і наладжваюць творчае супрацоўніцтва.
Восьмага снежня разам з сімфанічным аркестрам выступалі  польскі студэнт 5 курса Пазнаньскай Акадэміі музыкі імя Падзярэўскага Войтэк Брадоўскі і выкладчык Маладзечанскага музвучылішча Вераніка Жданюк. Канцэртная  праграма складалася з двух частак.
Першая частка праграмы была прысвечана эстонскім кампазітарам. У першым аддзяленні музыкі выконвалі канцэрт для фартэпіяна з аркестрам па твору эстонскага кампазітара Артура Лембы. Саліравала Вераніка Жданюк. Трэба сказаць, што за гэту камазіцыю, як расказала вядучая праграмы Святлана Сарока, аўтар атрымаў у падарунак раяль ад геніяльнага рускага кампазітара, прафесара Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі М.А.Рымскага-Корсакава, якога вельмі ўразіла музыка маладога кампазітара. І сапраўды, нумар настолькі захапіў, што здавалася, быццам вялізная хваля рамантыкі, спакою і пяшчоты вылілася ў глядацкую залу. Музычны твор быў заварожваючым і чароўным. І гэтыя пачуцці плаўна перацяклі ў сюіту Эугена Каппа “Калевіпаэг”. Шэсць рознахарактарных п’ес адразу пераняслі ў “іншую краіну”. Музыканты выканалі “Карэла-фінскую польку”, “Танец пастуха і пастушкі”, “Народны танец”, “Каванне мяча” , “Танец Калевіпаэга з дзяўчынай вострава”. Асабліва прыцягальным быў “Танец ветра”, разам з якім ты таксама гуляеш па палях, сярод лясоў, высачэнных гор і бяскрайніх акіянаў...
Другое аддзяленне праграмы было не менш цікавым. Пачалося яно канцэртам  для скрыпкі з аркестрам па кампазіцыі П.Чайкоўскага (другая і трэццяя часткі), дзе салістам быў Войтэк Брадоўскі. (Па словах маэстра Сарокі, знаёмства з маладым скрыпачом адбылося ў верасні гэтага года ў Польшчы, дзе сімфанічны аркестр гастраляваў з канцэртамі. Даўно вядома, што паміж нашымі музыкамі і замежнымі ўжо даўно ідзе творчае супрацоўніцтва. Таму,  у адным з такіх праектаў і адбылося гэта знаёмства.) З першых нот твор Чайкоўскага захапіў у палон глядацкую залу. Дзіўная магутная сіла музыкі, якая прыцягвае цябе, забірае ў нейкі невядомы нікому свет прыгажосці і мастацтва. І ты знаходзішся там вечнасць... і, напэўна, застаўся бы ў гэтых адчування, каб не  музыка да кінафільма “Апошняе лета дзяцінства”. Менавіта яна вяртае нас у самае бестурботнае жыццё, дзе няма мітусні, усялякіх клопатаў і працоўных будняў. Але ўспаміны дзяцінства паціху адыходзяць – пачынаецца “Цыганская рапсодыя”  рускага кампазітара Леаніда Левашкевіча, якая пакідае пасля сябе ўражанне быццам бы ты толькі што правёў час з вандроўным цыганскім табарам...
Расказваць пра музыку можна бясконца, таму што гэта самае прыгожае мастацтва. І яно будзе заварожваць заўсёды.
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
Беларусь –гэта мы!
Наша зямля багатая на таленты - гэты факт відавочны. Праводзяцца розныя канцэрты, мерапрыемствы,  мэтай якіх з'яўляецца фарміраванне ў кожнага жыхара Рэспублікі Беларусь пачуцця гонару за тое, што ён грамадзянін нашай краіны.
Адна з такіх акцый пад назвай «Беларусь - гэта мы!» стартавала  ў лютым гэтага года і завяршылася ў  снежні  гала-канцэртам майстроў мастацтваў у горадзе Мінску. У яе рамках ў нашым горадзе выступаў Якаў Навуменка. Яго канцэрт  прайшоў зімовым пятніцкім вечарам, калі на вуліцы трашчаў мароз і  падаў лёгкі снег. У гэты дзень цёплы прыём аказаў Палац культуры ўсім ахвотнікам  паслухаць выступленне  Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Якава Навуменкі.
Якаў Паўлавіч  - таленавіты спявак. Ад яго зыходзіла такая хваля пазітыўных эмоцый, якая перадавалася кожнаму прысутнаму ў зале, з дапамогай яго песень. І гэта хваля пазітыва стварала тое цёплае і  непаўторнае становішча, неабходнае кожнаму, хто знаходзіўся ў   зале.
Канцэрт пачаўся песняй «Застольная». Напрацягу ўсяго канцэрта нямала было выдатных твораў. Гледачы з задавальненнем напявалі знаёмыя матывы. Яны палюбілі яго за шчырасць і сардэчнасць выканання, за яркія, меладычныя песні. Дзякуючы таленту Я. Навуменкі шматлікія з гэтых твораў набылі шырокую вядомасць і сталі сапраўднымі шлягерамі.
Як выканаўца, Якаў Паўлавіч аддае перавагу працаваць з вакальна - інструментальнай групай,такой як «Карусель», дзе голас і музычныя інстументы бліжэй адзін да аднаго.
Адмысловае месца ў шырокім рэпертуары Я. Навуменкі  займаюць песні пра Беларусь, яе мінулае і сённяшняе жыццё. Праграма канцэрта  называлася так, як і яго дыск - «Песні  залатых часоў», куды ўвайшлі кампазіцыі з рэпертуара  Л. Уцёсава, М. Магамаева, куміраў публікі 70-80-х гадоў: В.Абадзінскага, В. Мулермана, В. Мігулі. У той вечар гучалі «Гарадскія кветкі», «Каралева прыгажосці», «Лада», «Хто табе сказаў…», «Дразды», «Студня» і г.д.
Гэта быў добры  падарунак для тых, хто па-ранейшаму шануе ў песні прыгажосць мелодыі і добрыя словы, культуру выканання. Для некага гэта была сустрэча з маладосцю, а для маладых - магчымасць пераканацца, што песні мінулых гадоў сапраўды добрыя.

 

Наталля РАБАШАПКА