Оставить отзыв:












Авацыя №5 (55) 3 снежня 2010 года

Узнагароды
 
 Узнёсла, спеўна і прыгожа
         Моцная не гадамі, а ўмеласцю мужчынская вакальная група “Менестрэлі”, якой кіруе высокапрафесійны спецыяліст, надзвычай таленавіты чалавек і добры педагог Аляксандр Мікалаевіч Важнік. І сёння з поўным правам стваральнік адметнага ў нашым краі калектыва стаў уладальнікам Гранта Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта у намінацыі “Кіраўнік творчага калектыва”.
         У Палацы культуры калектыў пачаў працаваць з 2008 года і вельмі хутка загучаў не толькі прыгожымі галасамі, а і вызначыўся сваім разнастайным, багатым рэпертуарам. Пры тым, што склад “Менестрэляў” заўсёды ў руху, аднаўляецца і папаўняецца, яны нязменна здзіўляюць прыгажосцю гармоніі, майстэрствам ансамблевага выканання, сваімі спеўнымі галасамі.
         Важнік Аляксандр у 1986 годдзе скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага па класу баяна, а ў 1994 годзе – Акадэмію музыкі па класу вакала. Будучы студэнтам, ён пачаў працаваць у капэле «Санорус» пад кіраўніцтвам Аляксея Шута. Дзесяць год у якасці саліста-вакаліста ён спяваў на сцэнах шматлікіх краін Еўропы і браў ўдзел у Міжнародных фестывалях у на Беларусі, у Расіі, Польшчы. У 1994 годзе малады саліст становіцца дыпламантам міжнароднага фестываля “Магутны Божа” у Магілёве.
         Двум музам, паэзіі і музыцы няцесна ў душы таленавітага творцы. У 2000 годзе выходзіць у свет першы зборнік вершаў і песень Аляксандра Важніка “Одиночество”. Сёння рыхтуецца да выдання другі – “Ну куда ты, моя радость, постой…”. У 2002 годзе разам з іншымі музыкантамі Аляксандр Важнік стварае вакальна-інструментальны ансамбль “Менестрэлі”, а ў 2005 годзе выходзіць першы музычны альбом «Ну куда ты, моя радость, постой», песні з якога гучаць на розных радыёстанцыях Беларусі. У гэты час малады выканаўца супрацоўнічае з артыстамі гуртоў «Славяне» і «Камерата», сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, кампазітарам Аленай Атрашкевіч.
         Новае дыханне, імпульс у творчасці Аляксандра Важніка – час вяртання на малую Радзіму, ў Маладзечна. Каб сцвердзіць сябе, знайсці адметнае аблічча, прыходзіцца шмат працаваць. У сценах Палаца, дзе цябе любяць, разумеюць і паважаюць гэта прыносіць сапраўднае задавальненне. У рэпертуры калектыва з’яўляецца шмат папулярнай музыкі, народных, казацкіх песень. Немагчыма без хвалявання слухаць духоўныя творы, якія прачула, узнёсла, нават ў кананічным стылі, выконваюць сваімі чыстымі галасамі “Менестрэлі”. Амаль ніводнае буйное мерапрыемства ў Маладзечанскім рэгіёне не абыходзіцца сёння без удзелу артыстаў вакальнай групы пад кіраўніцтвам А.М.Важніка. Артысты прымаюць ўдзел у сумесных праектах Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага і Палаца культуры, у оперных спектаклях Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра. З такой жа адказнасцю кіраўнік ставіцца да выступленняў калектыву на малой сцэне, калі трэба аздобіць юбілейныя мерапрыемствы, творчыя сустрэчы, літаратурна-музычныя вечарыны для моладзі.
         У 2009 годдзе калектыў быў узнагароджаны дыпломам І ступені раённага фестываля-конкурса харавых і вакальных калектываў “Паклон табе, мой беларускі край”. Напрыканцы 2009 года запісваюцца два музычных дыска і калектыў выязджае на гастролі ў Германію, дзе дае больш за 40 канцэртаў у 30 гарадах. Добрыя водгукі аб выступленнях “Менестрэляў” былі надрукаваныя ў нямецкай прэсе, адбыўся запіс песень на нямецкім радыё. Пад несціхаючыя апладысменты прыходзілася пачынаць кожную наступную песню, калі артысты ўдзельнічалі ў Міжнародным фестывалі казацкай песні на Украіне ў верасні гэтага года. Поспех садзейнічае таму, хто шчыра і аддана працуе, умее ладзіць з людзьмі, натхняе ўласным прыкладам. Гэта ўласціва Аляксандру Важніку, у скарбонцы якога шмат добрых ідэй на будучыню і невычэрпны творчы патэнцыял чалавека неабыякавага, сапраўднага патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.
Ларыса СЫСУН
 
Гісторыя пра Чалавека і калектыў, што існуе паўвека
 Даўным- даўно, у роднай Беларусі,
 Дзе ў небе кружыць наш ахоўнік-бусел,
 Дзе шмат лугоў зяленых і блакітных рэк,
 І хараством працяты кожны чалавек,
 Дзе шчэбет птушак абучае гай,
 І нівы дораць шчодры ўраджай,
 Дзе людцы працы цяжкай не баяцца,
 А свята прыйдзе – спраўна весяляцца.
 
 Дык вось ў такім цудоўным беларускім краі,
 І нарадзіўся хлопчык – Юзікам назвалі.
 Пасля гармонік далі хлапцу ў рукі,
 Пачаў асвойваць музычныя навукі.
 Паціху рыпаў, рыпаў Юзічак малы,
 І навучыўся граць сам,без усялякае муштры.
 Гармонік ён з дзяцінства палюбіў,
 Бо той, чароўны свет яму адкрыў.
 
 З задавальненнем граў хлапчук, спяваў,
 Казалі, што сам Бог яго пацаваў,
 Узнагародзіў талентам, майстэрствам
 І надзяліў вялікім , добрым сэрцам.
 І веру ў шчасце , справядлівасць і сумленне,
 Пранёс праз ўсё жыццё Іосіф, як святое бласлаўленне.
 Хоць і нялегкім быў яго жыццёвы шлях –
 Вайна, турма, хваробы, голад, жах...
 Цяжкім выпрабаваннем для хлапчыны
 Сталі гады , што быў ён на чужбіне.
 І толькі музыка загінуць не давала,
 Яна, як маці, ад бяды аберагала.
 З людзьмі мастацтва Юзіка звяла
 І вынесці выпрабаванні памагла.
 Але ж вядома, нас скрыжалі лёсу так вядуць,
 Што ўслед за чорнымі, зноў белыя палосачкі ідуць.
 Іосіф перажыў гады ліхія,
 Вярнуўся , баючыся, у мясціны дарагія .
 Не ведаў – як сустрэне мілая старонка,
 Хацелася зноў чуць вакол знаёмую гамонку.
 У сэрцы не было ні жорсткасці, ні гневу,
 А толькі прага паслужыць краіне на патрэбу.
 І пачалі здзяйсняцца мары юнака:
 Яго заўважылі, як музыканта, спевака.
 Даверылі адказную, складаную работу,
 І ён упрогся ў яе, з удзячнасцю , ахвотай.
 Стаў працаваць з вялікім захапленнем
 І шчыра радавацца кожнаму імгненню.
 
 І вось настаў той дзень і незабыўны час,
 Калі з’явіўся самабытны калектыў у нас.
 Ён назву “СПАДЧЫНА” сабе абраў,
 І на ўвесь мір, як сонейка, заззяў.
 Яго кіраўніком, душой і сэрцам стаў-
 Сушко Іосіф – слаўны аксакал.
 Той мілы хлопчык, які змалку сябе музыцы аддаў,
 І што аб гэтым ён ні разу не пашкадаваў.
 Ніколі не шукаў сабе ён лёгкага пуці,
 Таму й няпроста ўсё было ў яго жыцці.
 Як толькі, вакальна – харэаграфічны калектыў узнік,
 Стаў у ім Фаміч нязменны кіраўнік.
 І ўжо паўвека служыць ён народу,
 За што і мае не адну ўзнагароду.
 
 У “Спадчыне “ ёсць хор, дзе амаль трыццаць спевакоў,
 Што ў песні матчыны, улюблённыя з малых гадкоў,
 Ліля Будо, Валера Канстанцінаў, Шэка Алла –
 Спяваюць так,што замірае зала.
 Іна Ахполава, Марыя Рудык, Люда –
 Іх галасы ніколі не забудуць.
 І песні ,што Фаміч ім дараваў,
 З іх кожны назаўсёды ў сэрцы захаваў.
 Бо тая музыка яскрава, непаўторна,
 І толькі “Спадчыне” адной яна пакорна.
 Ёсць ў калектыве Канстанцінаўны- Людміла і Галіна,
 Пра іх гаворку можна весці не адну гадзіну.
 Цяпер Людміла Раўба- найглаўнейшы касцюмер,
 Але калісьці танчыла ў “Спадчыне” , павер.
 Сваю кар’еру тут танцоркай пачынала,
 Ды так кружылася, што сэрца замірала.
 Яна і сёння моцна з скокамі сябруе,
 У “Адпачынку” , як яшчэ гарцуе!
 Каўрыгіна Галіна- харэограф,
 У якога смела можна браць ужо аўтограф.
 Яна і “Спадчына” даўно не раздзялімы,
 Іх сэнс жыцця- патрэбным быць Радзіме.
 Шмат навучыла маладых танцораў ,
 Каб узлятаць маглі яны да самых зораў.
 Інструментальная ёсць група ў калектыве,
 Якая зладжана працуе на музычнай ніве,
 Што аздабляе ўсе канцэрты, выступленні,
 І мае каларыт свой,шарм усім на здзіўленне.
 Асобны дзякуй і хармайстру - Гарчаніну Яўгену.
 Ён верай, праўдай служыць “Спадчыне” нязменна.
 І столькі год ён радуе наш слых –
 Цудоўнай музыкай, што памятна для ўсіх.
 І гэтыя ўсе группы – часткі велічнай “машыны”,
 Якая дзень за днём працуе ўверанна,няспынна,
 Яны адна другую дапаўняюць
 І “Спадыну” сваю паўсюдна ўслаўляюць.
 Будзь - то ў замежжы, ці ў сваёй краіне,
 Іх любяць , цэняць, паважаюць і паныне.
 Сам пан Дрынеўскі неаднойчы гаварыў,
 Што “Спадчына” – яскравы і выдатны калектыў.
 А кіраўнік Сушко – народны самародак,
 Якога ўзрасціла сама матухна- прырода.
 І надзяліла талентам і густам,
 Каб мог жыццё ён новае даць песням беларускім.
 
 Цяпер вялікай, дружнай і адзінаю сям’ёй,
 Знайшла прытулак “Спадчына” у Палацы свой,
 І Маладзечаншчыну ўсюды праслаўляе,
 Дырэктар жа Палаца шчыра ім дапамагае,
 Святлана Рыгораўна – разумная і мудрая жанчына,
 Таму і кампраміс знайсці заўжды павінна.
 Яна клапоціцца аб “Спадчыне”, радзее,
 Ўвагай акружае калектыў, нібыта фея,
 Каб усім утульна было, добра і камфортна,
 І каб удзельнікам жылося безтурботна.
 
 О, колькі радасных, хвалюючых хвілін
 Даставіць можа “Спадчына” канцэртам нам сваім!
 У Беларусі гэткі калектыў адзін –
 Ён унікальны і непаўтарымы!
 У песнях – беларускасць, сціпласць, чысціня адносін –
 Такімі іх зрабіў сам кампазітар, музыкант Сушко Іосіф.
 У іх лірыка, патрыятызм вялікі і фальклор,
 І смех дзявочы па-над рэчак і азёр,
 Паверыць ў шчасце кожны ,услухаўшыся ў іх,
 І сэрцы не параніць мілых , дарагіх.
 
 Спявай жа “Спадчына” , танцуй, квітней, дужэй,
 Будзь ў творчым пошуку, расці і прыгажэй!
 І смела ты на Фаміча раўняйся-
 Жыцце як ён любі і мовы не цурайся!
 Яшчэ паўвека слава хай грыміць
 Аб “Спадчыне”, якой нам незабыць!!!
 Марына Юхневіч
 
Выставы
 
Вандроўка па родным краі
         Хтосьці разумны аднойчы сказаў, што надвор’е дрэнным не бывае, яно залежыць ад нашага настрою. Кажуць восень сумная пара, дажджлівая і пахмурная. Мо таму людзі хутчэй спяшаюцца ў свае абсталяваныя дамы і кватэры, каб схавацца ад лютай сцюжы?..
         Але не ўсе. Шмат каго восенькі ветрык падштурхнуў зайсці ў кастрычніку ў Палац культуры на адкрыццё выставы вядомага ў нашым горадзе майстра беларускага пейзажу, самадзейнага мастака Аляксандра Аляксандравіча Пясецкага, якая прысвечаная да 75-гадовага юбілею творцы.
 Зразумела, што свавольнік-вецер дапамог сабрацца ў Палацы сапраўдным сябрам мастака, яго калегам і прыхільнікам творчасці, якіх прывабіў і зачараваў цудоўны свет і хараство твораў.
         На выставе Аляксандра Аляксандравіча, якая, дарэчы, не першы раз праходзіць у Палацы культуры, адлюстраваныя беларускія незабыўныя краявіды. Сярод гэтых карцін хораша і ўтульна. Здаецца, быццам бы трапіў у сваё далёкае дзяцінства і апынуўся на гарачай бабулінай печцы. За вакном завывае завіруха, сыпле мокры снег, а ты сядзіш і радуешся, што не трэба выходзіць на вуліцу, што печка-матухна сагрэе і абароніць ад бяды.
         Так, разглядаючы непаўторныя творы Пясецкага адчуваеш у сэрцы пакой і спагаду. Сваёй шчырасцю і разумеласцю яны кранаюць нас за жывое. Вось перада мной “Зімовая ноч” – змяркаецца, невялічкая хата ля цёмнага лесу, вакол снег і зграя галодных ваўкоў. Ад гэтай каціны бягуць па целе дрыжыкі, але яна прыцягвае зрок. Такая гісторыя на самой справе адбылася з аўтарам. Падлеткам яму давялося ўзімку начаваць на хутары ў Валожынскім раёне. Там ён пабачыў сапраўдных шэрых драпежнікаў. І вось праз шмат год гэта ўспомнілася і мастак напісаў карціну.
         Дарэчы, Аляксандр Аляксандравіч сказаў адну цікавую рэч, што ён з легкасцю запамінае прыродныя мясціны, а вось твары людзей – не . Гэта гаворыць аб вялікай любові мастака да прыроды, дзе кожны куточак у яго работах прасякнуты цеплынёй і пяшчотай.
         Не ведаю, можа каму творы А.А. Пясецкага здаюцца занадта простымі, без велічнай пампезнасці і фанабэрства, але мне яны даспадобы. Гэты чыстыя вобразы, любімыя краявіды, гледзячы на якія хочацца пабываць там зноў і зноў.
         Кнігалюб, нумізмат, філатэліст, вандроўнік, чалавек, які любіць жыццё ва ўсіх яго праяўленнях. Гэты чалавек , які шануе і паважае людзей, у якога яскравая трапяткая душа . І часцінка гэтай душы захоўваецца ў кожнай карціне мастака.
Марына ЮХНЕВІЧ
 
Вясёлая сустрэча
15 кастрычніка Святаслаў Ешчанка першы раз наведаў горад Маладзечна і парадаваў нас сваёй канцэртнай праграмай. Да гэтага за выступленнем гумарыста мы назіралі па тэлевізары ў праграмах "Крывое люстэрка" , "Смехапанарама", "Забіяцкая Кампанія".
         Святаслаў Ешчанка нарадзіўся першага красавіка, што ўжо само па сабе здаецца жартам, а ў будучым стала і знакам, які вызначыў яго прафесію.Ён стаў папулярным расійскім гумарыстам, акцёрам тэатра і кіно, артыстам гутарковага жанру, вядучым.
         Як толькі гумарыст выйшаў да маладзечанскай аўдыторыі , адразу ацаніў сцэну нашага Палаца культуры, назваўшы яе "Шыкоўным тэатрам" . Як мне здаецца, у той момант кожны прысутны адчуў гонар за Палац культуры, які ўжо 8 гадоў цешыць жыхароў нашага горада сваёй дзейнасцю.
 З першых хвілін выступлення гумарыст заваяваў публіку сваімі вясёлымі гісторыямі, песнямі і жартамі. Як хутка змяняліся жарты, так хутка гумарыст пераўвасабляўся ў новых герояў, з іх гісторыямі, якія яшчэ не вядомыя нам. Гумарыст быў перад гледачамі ў вобразах "Народнага тамады Расіі", "Ганаровай Ваванаўны".У зале назіралася поўная цішыня , жаданне не прапусціць не адной фразы , не выпусціць ні аднаго імгненні, каб у канцы кожнага нумара падзякаваць артысту бурнымі апладысментамі і “узрыўным” смехам.
         Падчас канцэрту Святаслаў Ешчанка адразу ўсталяваў кантакт з гледачамі, усе ажыўлена адказвалі на яго пытанні і нават усім залам праспявалі. Дадому ніхто не спяшаўся, бо гэта была выдатная магчымасць правесці вечар у добрай кампаніі, з “морам” пазітыва і энергіі, якая панавала ў зале. Без сумнення канцэрт атрымаўся і прайшоў на адным дыханні.
Наталля Рабашапка
 
Юбілеі
Два юбілеі - дзесяцігадовы і пяцігадовы - сёлета адзначаюць гурток лозапляцення і клуб аматараў пляцення з лазы “Вербачка”, што працуюць на базе Палаца культуры горада Маладзечна. А ўзначальвае іх Генадзь Андрыянавіч Унукаў.
         Удзельнікі “Вербачкі” ўсе рознага ўзросту – займаецца тут і моладзь, і старэйшае пакаленне, і сталыя. Кожны далучаецца да спрадвечных традыцый, уносіць свой уклад у адраджэнне лозапляцення ў нашай краіне. Іх праца высока ацэньваецца на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах. Майстры народнага промыслу з кожным годам заваёўваюць новыя вяршыні, а ўсё дзякуючы стараннаму і таленавітаму кіраўніку – Генадзю Унукаву.
         Творчая дзейнасць Генадзя Андрыянавіча пачынала яшчэ з бацькоўскай хаты. Мужчына нарадзіўся ў 1936 годзе ў Омскай вобласці Ніжнеомскім раёне ў сяле Салавецкае. Гэта невялікая вёсачка была ў 120 кіламетрах ад горада. З самага маленства бацька прывучаў сына ўсім хатнім справам. Хлапчук спачатку навучыўся плесці з лазы спецыяльныя прыстасаванні, якія можна было выкарыстоўваць для лоўлі рыбы. Затым ён налаўчыўся вырабляць розныя карзіны, кошыкі. Сібіракі не маглі песціць сябе рознымі цацанкамі, таму стваралі такія рэчы, якім потым знаходзілі прыстасаванне ў паўсядзённым жыцці.
         Пасля заканчэння школы Гена паступіў у ваеннае вучылішча, а потым па размеркаванні трапіў на працу ў Маладзечна. Тут ён і пазнаёміўся з будучай жонкай – Нінай.
         Сваю першую “дарослую” работу Генадзь Андрыянавіч сплёў у Маладзечне. Прычым па прыкладу карзіны, якую жонка купіла ў Венгрыі. Затым ён паспрабаваў змайстрыць з лазы яшчэ што-небудзь – атрымалася. Яго работы з кожным разам станавіліся больш дасканалымі. Па падручнікам ён асвойваў усе таямніцы майстэрства, а калі зразумеў, што шмат умее, вырашыў арганізаваць аматарскі гурток лазапляцення “Вербачка”.
         Праз школу Генадзя Андрыянавіча прайшлло больш за паўсотню вучняў. Шмат з іх сталі вядомымі майстрамі лазапляцення, з’яўляюцца членамі Саюза майстроў народнай творчасці. Удзельнікі “Вербачкі” пад кіраўніцтвам Генадзя Унукава неаднаразова прымалі ўдзел у розных фестывалях і конкурсах. І заўсёды дадому вяртаюцца з узнагародамі.
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
Конкурсы
Прыгажосці многа не бывае
ХІІІ адкрыты конкурс цырульніцкага майстэрства “Свет прыгажосці - 2010” прайшоў у Палацы культуры 29 кастрычніка. Удзел прынялі больш пяцідзесяці майстроў з розных гарадоў Беларусі.
         У праграме былі конкурсы цырульніцкага майстэрства, дэкаратыўнай касметыцы, нэйл-дызайну пазногцяў. У Палацы праходзілі выстава-паказ вясельнай моды, выстава фотаработ, фларыстыка “Парад кветак”. Спецыялісты вядомых касметычных фірмаў праводзілі майстар-класы, была арганізаваная выстава-продаж прафесійнай касметычнай прадукцыі, інструментаў і абсталявання для цырульнікаў.
         Пільна сачылі члены журы за ўдзельнікамі. І ў выніку вызначыліся наступныя пераможцы.
         Сярод жаночых відаў работ у намінацыі “Модная катэгорыя – камбінаваны від” першае месца атрымаў Віталь Даўгавец (Установа Адукацыі “Прыватны вучэбны цэнтр Сяргея Вайцяхоўскага” г. Мінск).
         У намінацыі “Прычоска маладой на доўгіх валасах” пераможцай Гран-Пры стала Вольга Чаплінская ( цырульня “Майстар Люкс г. Маладзечна”), а дыплом за першае месца атрымала Марыя Кусоўская (УА “ПВЦ Сяргея Вайцяхоўскага” г. Мінск).
         Пераможцам у намінацыі “Full Fashion Look” стала Аляксандра Запрудская (“ПВЦ Сяргея Вайцяхоўскага” г. Мінск).
         Кацярына Ганчарова з Мінскага Дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа стала ўладальніцай дыплома І ступені ў намінацыі “Модная жаночая стрыжка з укладкай”.
         А вось у намінацыі “Вясельны макіяж” члены журы вызначылі толькі трэццяе месца, якое атрымала Таццяна Варанецкая (цырульня “Дуэт” горада Маладзечна). У “Подыумным макіяжы” перамагла Вераніка Міклаш (МДТК г. Мінск).
         Сярод мужчынскіх відаў работ у намінацыі “Full Fashion Look” – камбінаваны від (“Модная салонная стрыжка з укладкай” і “Поўны мужчынскі вобраз “Full Fashion Look”) перамогу адзяржала Вікторыя Агеенка (“ПВЦ Сяргея Вайцяхоўскага” г. Мінск). У намінацыі “Модная катэгорыя” першае месца журы вызначыла Вользе Сінельнікавай з цырульні “Папараць кветка”.
         Яна Гвай з Брэста стала пераможцай у намінацыі “Трохмерны дызайн пазногцяў”, а Наталля Ешчына з Мінску стала ўладальніцай дыплома І ступені за “Мужчынскі салонны манікюр”.
         Першае месца ў намінацыі “Мадэліраванне пазногцяў па гелевай тэхналогіі” атрымала Таццяна Аксенцьева з Барысава. Яна ж стала пераможцай і ў намінацыі “Жаночы салонны манікюр”.
         Конкурс завяршыўся цікавай шоу-праграмай, дзе былі прадстаўленыя калекцыі моднага адзення. Дапамогу ў правядзенні аказалі магазіны адзення “Рэспект”, “Басфор”, швейная фабрыка “Юнона”, салоны кветак “Палац культуры”, “Дзіва-Флора”, “Гарадскія кветкі” і індывідуальныя прадпрымальнікі.
         Як адзначаюць журы, гэты конкурс вельмі значны як для горада, так і для вобласці. Менавіта тут цырульнікі не толькі прадстаўляюць сваё майстэрства, але і павышаюць прафесійны ўзровень.
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
“Страсянём даўніной”
24 лістапада ў Палацы культуры г. Маладзечна прайшоў канцэрт старэйшай беларускай эстраднай спявачкі, якая захавала маладосць душы, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Нэлі Багуслаўскай і знакамітага кампазітара Ізмаіла Капланава.
         Нэлі Багуслаўская і Ізмаіл Капланаў даўно ўжо адна сям’я, заўсёды разам. Яна – спявачка, ён – музыкант. Гэтыя два цудоўных чалавека прысвяцілі сваё жыццё песне і зараз дапаўняюць адзін аднаго ў літаральным сэнсе гэтага слова.
         Ізмаіл, у адрозненні ад Нэлі, якая не была ў Маладзечне “цэлую вечнасць”, сустракаўся з жыхарамі горада год назад. Але зноў было хвалююча выходзіць на сцэну. Кампазітар спадзяваўся на цёплы прыемны вечар, каб паміж імі і слухачамі не было ніякай мяжы, што, канешне ж, і адбылося на самой справе. Праграма, з якой выступалі артысты, называлася “Страсянём даўніной”. Гэта аўтарская справа Ізмаіла Капланава, менавіта ён з’яўляецца кампазітарам усіх песень, якія гучалі на працягу канцэрта. І сапраўды, блеск у вачах, іх артыстызм, аптымізм і бадзёры настрой вельмі заваражвалі і прыцягвалі ўвагу ўсіх прысутных у зале. Напрацягу канцэрта апладысменты і крыкі захаплення не спыняліся. Ізмаіл Капланаў адзначыў: “Усім сваім сэрцам люблю і паважаю тых гледачоў, якія слухаюць цябе нібы стаіўшы дыханне. Асабіста мне як кампазітару вельмі прыемна назіраць за тым, калі людзі, пачуўшы маю песню ўпершыню, адразу ж пачынаюць яе напяваць ”.
         У жыцці ўсё пачынаецца з кахання… Так і ў песнях Ізмаіла і Нэлі. Слухаючы цудоўныя лірычныя матывы, калі зліваюцца два галасы ў адзінае цэлае, перад вачыма прамільгвае ўсё жыццё і ты забываеш пра праблемы і клопаты, хочацца захапляцца гэтым не спыняючыся. Песні, якія прагучалі ў выкананні Ізмаіла Капланава, былі прысвечаныя розным тэмам. У першую чаргу, гэта беларускі народ, беларуская краіна, пашана народных традыцый, гучалі і латынаамерыканскія, і яўрэйскія рытмы. Песня “Той, хто ляціць” была прысвечаная знакамітаму паэту Уладзіміру Высоцкаму. Напісаная яна Ізмаілам Капланавым ўжо 5 гадоў таму назад, але была выкананая ўпершыню 6 студзеня ў Палацы Рэспублікі.
         А калі Ізмаіл сядаў за раяль, то ў зале пачыналі гучаць рамансы. “Яна заўсёды марыла выконваць рамансы. І зараз усё як дома: я – за раялем, а Нэлі спявае”, - дапоўніў Ізмаіл. І гэта было сказана не проста так. У рамансах, якія выконвала спявачка, яна раскрывала перад слухачамі ўсю сваю душу. Нэлі гаварыла: “Калі любіш сваю працу – аддаеш ёй усё сваё свядомае жыццё, гэта значыць усяго сябе падпарадкоўваеш працы, робіш усё, что патрабуецца, каб яна прыносіла карысць, падабалася людзям, была запатрабаваная і дазваляла табе самому паважаць сябе за гэта. Доўгія гады, накопліваючы вопыт, удасканальваючыся ў майстэрстве, ідзеш па жыцці са свядомасцю выкананага абавязку, упэўнена, што ні дзень набіраючы звароты. І жыццёвыя планы свае будуеш так, каб нічога не перашкаджала галоўнаму – працы”.
 Невялікім падарункам слухачам было выступленне Нелі Душчынскай, лаўрэата розных міжнародных песенных конкурсаў. Па словах артысткі, яна вельмі рада, что лёс сутыкнуў іх з такім цудоўным чалавекам, таленавітым кампазітарам Ізмаілам Капланавым”. У яе выкананні прагучала некалькі песень. А адна з іх выконвалася ўпершыю. Называецца яна “А река быстрая, а судьба шалая….”, з чым і згадзіўся кампазітар гэтай песні Ізмаіл Капланаў, бо “сапраўды так і адбываецца ў жыцці”.
         Напрыканцы сустрэчы, артысты адзначылі: “У сучасным жыцці варта працаваць, варта даказваць, што такая музыка патрэбна ўсім, у выкананні нашых беларускіх артыстаў. Ёсць цудоўны лозунг “Купляйце беларускае!”, дык вось мы вам кажам: “Слухайце беларускае!”.
Юлія КРУК
 
Партрэт
Творчы вечар Дзмітрыя Сушко “Мая душа”, прысвечаны юбілею кампазітара, прайшоў у кастрычніку ў Палацы культуры.
         Блізкія сябры, калегі, вучні і жыхары горада прыйшлі ў сераду, 27 кастрычніка, каб павіншаваць маладзечанскага кампазітара, аўтара і выканаўцы, кіраўніка ўзорнай эстраднай студыі “Жывы гук” Дзмітрыя Сушко.
         З самага маленства Дзіма выхоўваўся ў творчай музычнай сям’і. Бацька Іосіф Сушко – кіраўнік ансамбля песні і танца “Спадчына”, маці, Марыя, таксама ішла з мастацтвам па жыцці – яна была кіраўніком народнага ансамбля “Беларусачка”. Вось і не дзіўна, што сын пайшоў па бацькоўскаму шляху.
         Наш зямляк скончыў музычнае вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага. Пасля з 1987 года працаваў выкладчыкам музычнай школы ў Беразінскім. Да 1990 года ўзначальваў сектар па рабоце з дзецьмі аднаго з гурткоў завода “Электармодуль”, затым працаваў музыкантам-аранжыроўшчыкам у студыі творчай моладзі “Сябрына”. У 1996 годзе Дзмітры Іосіфавіч заснаваў студыю эстраднай песні “Жывы гук”, якая потым, з 1997 года, працавала пры Гарадскім Доме культуры. Ад 2002 года ён кіраўнік узорнай эстраднай песні “Жывы гук” пры Палацы культуры горада Маладзечна.
         Сёння Дзмітрыя Сушко з гонарам можна назваць не проста кампазітарам, а ТАЛЕНАВІТЫМ КАМПАЗІТАРАМ Мінскай вобласці, аўтарам і выканаўцам. Ім напісана больш сотні вершаў і музыкі, якія выконваюць артысты нашай краіны. Дарэчы, на творчым вечары прысутнічала нямала сяброў, якія з задавальненнем спявалі разам з Дзмітрыям Іосіфавічам.
         Юбіляра павіншавалі Андрэй Усанаў – удзельнік ансамбя “Песняры”, Ніна Багданава – спявачка і тэлеваядучая, Алег Елісеенка – кампазітар і выканаўца, Віталь Капцёнак і Ганна Мартынава – выпускінікі студыі “Жывы гук”. На творчы вечар прыехалі і сябры Дзмітрыя Сушко – Пётр Елфімаў, Алеся Кульша, дуэт Леся Кодуш і Слава Нагорны. Нашаму земляку ад шчырага сэрца пажадалі моцнага здароўя, дабрабыту, каб заўсёды было натхненне для стварэння цудоўных музычных кампазіцый.
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
Напярэдадні значнай падзеі для калектыва “Спадчыны” – 50-гадовага юбілею творчай дзейнасці, я сустрэлася з ветэранамі і сённяшнімі ўдзельнікамі ансамбля, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі і пажаданнямі.
 Нямала спевакоў, танцораў і музыкантаў прайшлі праз цудоўную школу “Спадчыны”, а ў нейкім сэнсе і школу жыцця. Усіх іх звязвала адно жаданне – займацца творчасцю.
         Больш дваццаці гадоў Галіна Іванаўна Кузняцова з’яўлялася ўдзельніцай ансамбля. Для яе гэта быў “крык душы”, які прайшоў не толькі праз маладосць, але застаўся і па сённяшні дзень. Так лічыць і Ганна Міхайлаўна Калодная, што ў калектыў трапіла па накіраванні Марыі Баландзінай, у якой некалі вучылася.
         Марыя Васільеўна Барташевіч у калектыве з 1960 года. Расказвае, што не пакідала танцы і падчас вучобы ў інстытуце. Потым, калі працавала настаўніцай пачатковых класаў, дзякуючы вопыту, які атрымала ў “Спадчыне”, арганізавала харэаграфічны настаўніцкі калектыў. Для яе танцы гэта і добры настрой, і здароўе. Валеры Мікалаевіч В’югін зазірнуў у “Спадчыну” пасля службы ў арміі. Затрымаўся на дзесяць гадоў.
         Дзевяць год плясала ў знакамітым калектыве Валянціна Пятроўна Паўленка. Жанчына кажа, што народная творчаць яе заўсёды цікавала. Вось і цяпер, будучы ўжо на пенсіі яна не сядзіць дома – танцуе ў “Адпачынку”.
...Для сённяшніх удзельнікаў “Спадчына” стала родным домам, у якім цёпла і ўтульна. Ала Шэка ў ансамблі адпачывае душой. Жанчына родам з Украіны, а дзякуючы “Спадчыне” яна даведалася пра беларускую культуру, яе абрады і звычаі. Марыя Рудык “Спадчыну” лічыць сваёй сям’ёй, з якой яна раздзяляла радасць, гора, нараджэнне ўнукаў. Соф’я Чубрык адзначае, што ўсе ўдзельнікі гэта самыя сапраўдныя фанаты, якія без калектыву не могуць жыць. Яна тут больш дваццаці гадоў, а Іосіф Сушко для яе як бацька: ён і пахваліць можа, і прыкрыкнуць калі трэба. Сям’ёй “Спадчына” стала і для Ліліі Будо, якую яна вельмі палюбіла.
         Галіна Каўрыгіна прыйшла ў “Спадчыну” ў 1969 годзе. Спачатку была ўдзельніцай танцавальнай групы, потым стала харэографам ансамбля. І цяпер з вялікім задавальненнем перадае свае навыкі маладому пакаленню. Нягледзячы на тое, што Яўген Гарчанін хармайстрам працуе 28 гадоў, ён і сёння хвалюецца перад кожным выступленнем. А канцэртмайстар Міхаіл Таўгень расказвае, што тут толькі таленавітыя людзі, у якіх ёсць чаму павучыцца. Людміла Раўба, кожны раз калі аб’яўляюць, што выступае Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Спадчына” адчувае вялікі гонар за калектыў, у якім некалі танцавала, а зараз яна працуе касцюмерам “Спадчыны”.
         Свайму кіраўніку, Іосіфу Фамічу, і калектыву ўсе ўдзельнікі жадаюць моцнага здароўя, творчых поспехаў, каб кожны новы канцэрт прыносіў толькі радасць і задавальненне як гледачам так і выканаўцам!

 

 Надзея СТАНКЕВІЧ