Оставить отзыв:












Авацыя №3 (53) 27 чэрвеня 2010года


 
Акцыі
 
Беларусы – гэта мы!
У канцы красавіка ў рамках акцыі “Беларусы – гэта мы!” з канцэртнай праграмай Маладзечна наведаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча.
         29 красавіка а 19 гадзіне канцэртная зала Палаца культуры амаль цалкам была запоўненая гледачамі. Трэба адзначыць, што на выступленне хора Цітовіча прыйшлі не толькі людзі сталага ўзросту. Сярод слухачоў шмат было моладзі і падлеткаў. А гэта азначае, што падрастаючае пакалене не цураецца беларускай мовы і ўшаноўвае нашы традыцыі (бо хор Цітовіча выконвае толькі беларускія народныя творы). Можна смела казаць, што тыя людзі, якія прыйшлі на канцэртную праграму сапраўдныя патрыёты нашай краіны. Яны любяць Беларусь і ганарацца ёй. А іх прысутнасць на акцыі “Беларусы – гэта мы!” і ёсць доказ любові да Радзімы.
         Ужо з першых хвілін музыкі падаравалі прысутным сапраўднае свята. Яны “заразілі” глядацкую залу добрым настроем і незабыўнымі ўражаннямі. Артысты настолькі майстэрскі выконвалі музычныя нумары, што нават самому хацелася пайсці “ў пляскі”. Дарэчы, некаторыя з гледачоў у рытм музыцы пастуквалі нагамі па падлозе.
         На працягу дзвюх гадзін спевакі радавалі прысутных сваімі чароўнымі галасамі. Іх рэпертуар быў у першую чаргу з народных песен і танцаў. Праз музычныя творы яны перадавалі глядацкай зале ўсе тыя эмоцыі, якія пранізваюць песню. Не магу не сказаць і таго, што акрамя спеваў былі і танцавальныя нумары. Харэаграфічны калектыў Нацыянальнага хора імя Генадзя Цітовіча амаль кожную песню суправаджаў беларускімі народнымі танцамі. Маладыя хлопцы і дзяўчаты не толькі прафесійна танчылі, але і праз міміку на твары выражалі настрой песні – будзь яна вясёлая, альбо крыху сумнаватая.
         Кіраўнік Нацыянальнага Акадэмічнага Народнага хора Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Іванавіча Цітовіча Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі ў інтэрв’ю”Авацыі” расказаў, што іх танцавальная група складаецца з дванаццаці пар.
 --Але цяпер танцуюць толькі восем, -- адзначае Міхаіл Паўлавіч, -- таму што чатыры дзяўчыны пайшлі ў дэкрэтны адпачынак. У нас вельмі вялікая харавая група – 55 удзельнікаў. Акрамя таго, у нашым калектыве ёсць і свой аркестр з 16 музыкантаў.
         Усяго ж, як паведаміў дырыжор Нацыянальнага хора, у іх штаце 140 чалавек. Трэба сказаць, што хор імя Генадзя Іванавіча Цітовіча адзін з першых прафесійных калектываў у Беларусі, які выконвае народныя песні і танцы. У 1983 годзе за прафесійнае майстэрства ён атрымаў званне Акадэмічны хор. Пасля стаў нацыянальным і народным. Цяпер, як кажа Міхаіл Дрынеўскі, раз у пяць гадоў яны падцвярджаюць сваё званне.
         Дарэчы, праз два гады гэтаму хору споўніцца 60 год. За такі не малы прамежак часу Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча з канцэртамі аб’ездзіў не адну краіну. Міхаіл Дрынеўскі кажа, што за апошнія некалькі гадоў яны не аднойчы выступалі ў Кітаі, Манока, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне, Карэліі... Дарэчы, прыязджаючы ў тую ці іншую краіну, беларускія спевакі ўсе творы выконваюць на мове пэўнага народа.
         Але ў якой бы краіне яны не былі, заўсёды хочацца дадому. Беларусь – гэта родны край. Як кажа Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, іх задача вяртаць беларускаму народу скарбы нашай песенна-танцавальнай спадчыны ў сцэнічнай форме. А ў рамках акцыіі “Беларусы – гэта мы!” іх задачы апраўдваюцца.
 
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
 
Звязаныя мэтаю адзінай
         Новыя магчымасці, новыя напрамкі на шляху духоўнага адраджэння з’явіліся з адкрыццём у Маладзечне Палаца культуры. Установа неардынарная па маштабах работы, правядзення святаў і мерапрыемстваў рознага ўзроўню ад рэгіянальных да рэспубліканскіх і міжнародных. Больш трыццаці гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў працуе для дарослых і дзяцей, праводзіцца вялікая канцэртная работа. Але разуменне важнасці і адказнасці перад будучымі пакаленнямі за захаванне веры, далучэнне да Бога заўсёды знаходзіла падтрымку ўсім пачынанням у кіраўніцтва ўстановы і ў першую чаргу ў дырэктара Палаца культуры Святланы Сарокі. Не рэлігійнай, а культурнай стала місія Палаца культуры ў адметным горадзе мастацтва - Маладзечне.
         “Вывучэннем алфавіта роднай культуры” назваў духоўную асвету прафесар Ціхвінскага ўніверсітэта ў Маскве, вядомы місіянер, протадыякан Андрэй Кураеў. Таму на сустрэчах “Біблія і мы”, якія паступова перайшлі ў Палац культуры, з тэмай праваслаўнага веравызнання былі размовы пра любоў да Радзімы, захаванне сваіх каранёў, лепшых хрысціянскіх культурных традыцый, якія адраджаюцца на Беларусі. З 2005 года духоўныя чытанні пачалі ладзіцца з блаславення Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта па зацверджанай праграме. Духоўнае кіраванне працягваў настаяцель прыхода Ражства Хрыстова протаіерэй Мікалай Саўчук. Стала добрай традыцыяй запрашаць прадстаўнікоў духавенства праваслаўнай і каталіцкай цэркваў на адказныя мерапрыемствы дзяржаўнага значэння, святочныя канцэрты, адкрыццё
 выставак хрысціянскага накірунку.
         Улічваючы шматканфесіянальнасць нашага рэгіёна, сённяшнюю моду ў грамадстве на эзатэрыку, рознага роду факультызм, асноўнай задачай стала не навязванне веры, а імператыўная асвета, з прыцягваннем моладзі ў гэту працу. Пры Палацы было створана духоўна-патрыятычнае аб'яднанне "Светач" , у склад якога ўвайшлі педагогі-місіянеры Н.В.Загорская, У.І.Цярэшчанка, далучылася маладзечанская інтэлігенцыя, праваслаўная моладзь. Пачалі рыхтаваць мерапрыемствы, духоўныя сустрэчы, куды запрашалі маладых светароў.
         Дзякуючы сяброўству ў "Светачы" педагогаў, выхавальнікаў інтэрнатаў політэхнічнага і гандлёва-эканамічнага каледжаў, пачала фарміравацца свая аўдыторыя з вучнёўскай моладзі. Умела, з вялікім пачуццём адказанасці працуе псіхолаг Маладзечанскага Дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага Марына Іосіфаўна Валасковіч. Слухачам на сустрэчах імпануе не толькі яе крэатыўнасць, уменне раставіць прыярытэты, данесці ісціны мовай, зразумелай пакаленню NEXT. Шчырасць і боль за душы маладых знаёма маці трох дзяцей і добраму прафесіяналу яшчэ і таму, што гэта жанчына неабыякавая да лёсу кожнага, хто сустракаецца ёй на жыццёвым шляху. Марына Іосіфаўна натхніла веруючых студэнтаў музычнага вучылішча на ўдзел у літургічных набажэнствах у якасці спевакоў хора ў царкве Георгія Пабеданосца. Праз сумесныя паездкі ў манастыры, арганізацыю духоўных канцэртаў і сустрэч моладзь пачынае ўсё больш адчуваць неабходнасць тварыць дабро і міласэрнасць.
         “Пакуль гарыць свечка!” - пад такой назвай праходзяць шматлікія мерапрыемствы аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю, клубных аб’яднанняў “Светач”, “Экадом”, “Агмень”. Накіраваныя яны на барацьбу з заганамі не столькі метадам асуджэння, а метадам аповеду аб лёсах маладых загубленых душаў.
         У пачатку 2008 года клубнае аб'яднанне "Светач", сумесна з аддзелам па рабоце з дзецьмі і моладдзю Палаца культуры, пры актыўным удзеле студэнтаў музвучылішча імя М.К.Агінскага, падрыхтавалі і правялі сустрэчы пад назвай "Моладзь выбірае жыцце!", "Вярнуцца з палону граха", з дэманстрацыяй урыўкаў з фільма, створанага пры Мінскай Епархіі "Іншага шляху няма". Адна з сустрэч, з эксклюзіўным анкетаваннем, з удзелам вакальна-інструментальнага ансамбля "Росы", прайшла ў форме дыскатэкі. Цікавым, павучальным для моладзі стала духоўна-асветніцкае мерапрыемства літаратурнага аб'яднання "Агмень" "Пакуль гарыць свечка" з удзелам святара Мікалая Саўчука. Фотарэпартаж і каментар пра гэта мерапрыемства, падрыхтаваны сябрам “Агменя” Валерыям Мілашам быў прызнаны лепшым на рэспубліканскім конкурсе плакатаў "Падтрымай чалавека ў хваробе, добрым словам яго сагрэй". Калі з’яўляецца такая магчымасць, канцэртны аддзел Палаца культуры запрашае на вялікую сцэну творчыя праекты духоўнага плана.
         Першы крок да святла, да пазнання свету - гэта кніга, пісьменнасць. Тым больш, калі гэта кніга напоўненая святлом духоўнасці, любові да Бога, да людзей, да Радзімы. Неаднойчы ў Палацы культуры ў першы тыдзень верасня праходзілі Святы беларускага пісьменства. У 2006 годзе ў вялікай Канцэртнай зале Палаца культуры праходзіла гарадское свята «І першым было слова..» з удзелам маладога святара протаіерэя Віталя Багданёнка. У наступным верасні паняцці настаўніцтва і духоўнага кіравання аб'яднала тэма чарговага свята пісьменства «Імя высокае – настаўнік», госцем якога таксама быў святар Віталь Багданёнак. Упэўнена змог данесці да моладзі іншасказальнасць і мудрасць біблейскіх прытчаў малады святар Яўген Саўчук на сустрэчы пад назвай «Вакно ў свет Евангельскіх ісцін».
         Неаднаразова праходзілі духоўныя сустрэчы: "Грамніцы: паняцце духоўнае і свецкае", "Красота спасёт мир, если она добра", "Што значыць любіць Радзіму" (аб мужнасці і Божай славе), на якія прыходзіў малады настаяцель прыхода Георгія Пабеданосца Віталь Мацюлька, сталі адпраўнай кропкай для далейшага супрацоўніцтва. Былы студэнт Маладзечанскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа, айцец Віталій заўсёды прыходзіць на сустрэчы з моладдзю. Не адмаўляецца ён ад дапамогі і падказкі педагогаў-місіянераў. Недарэмна пры прыходзе ўжо тры гады працуе нядзельная школа для дзяцей, арганізаваная ўдзельнікамі духоўна-патрыятычнага аб’яднання “Светач” Марынай Валасковіч, Аленай Кучко і Наталляй Пасціжэнкавай.
         Сёння да гэтай справы далучылася таленавітая мастачка і педагог Святлана Міцкевіч. На працягу трох гадоў рыхтуе цікавыя прадстаўленні да свята Ражства Хрыстова дзіцячы хрысціянскі тэатр. Другое прадстаўленне заўсёды спалучаецца са святочным канцэртам у Палацы культуры. Шматлікія мерапрыемствы для моладзі далучаліся да чырвоных дат праваслаўнага каляндара і насілі святочны характар. Гучалі вершы і песні, часта аўтарскія, у выкананні праваслаўных бардаў, удзельнікаў "Светачы" і “Агменя”. Рыхтаваліся творчыя і кніжныя выстаўкі да святкавання Дня маці на духоўным канцэрце "Матуліна мова - узор ручніковы", Жанчыны мілы ідэал", прысвечаныя жонам-міраносіцам. Гасцямі гэтых мерапрыемстваў у Палацы культуры былі іерэй Мікалай Бобрык і протаіерэй Віталь Багданёнак, якія нясуць пастырскае служэнне ў Свята-Пакроўскай царкве горада. Свяціцелю Мікалаю быў прысвечаны дабрачынны духоўны канцэрт “Зоркаю нязгаснай у начы”. Гасцямі творчай духоўнай імпрэзы былі член Саюза пісьменнікаў Расіі, Лаўрэат прэміі "Імперская культура", "Разумнае сэрца" аўтар-выканаўца Таццяна Дашкевіч, кандыдат педагагічных навук, аўтар перадач на рэспубліканскім радыё "Узвышанае і зямное" Галіна Астахава і настаяцель храма Ражства Хрыстова іерэй Мікалай Саўчук. На сустрэчы "Міласэрнасць - мастацтва нябёснае”, прымеркаванай да Дня інвалідаў, настаяцель храма Свяціцеля Іаана з вёскі Гарадок Уладзімір Рэпін, у літаральным сэнсе завалодаў аўдыторыяй. Асабліва глыбока кранулі моладзь выступленні саміх інвалідаў, якія прадставілі на суд гледачоў сваю творчасць.
         Не адна сустрэча па ініцыятыве і з удзелам моладзі прайшла ў Палацы на тэму "Моладзь і сектанства", дзе вельмі пераканаўча, з веданнем справы заўсёды мог выступіць выкладчык факультатыва "Асновы хрысціянскай культуры" Уладзімір Іванавіч Цярэшчанка. "Навошта чалавеку малітва?", “”Святыя ў беларускай літаратуры”, “Паэзіі духоўны інстытут” , “Любоў нябёсы над табой трымае” і шмат іншых сустрэч, літаратурна-музычных вечарын было арганізавана не толькі ў сценах Палаца культуры, а і на базе музвучылішча імя М.К.Агінскага, Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.
         Шмат сейбітаў выйшлі за апошняе дзесяцігоддзе, каб кідаць зерне веры праваслаўнай у глебу духоўнасці. Але надышоў час і збіраць камяні, вяртаць даўгі. І новай добрай ініцыятывай Палаца культуры стала дапамога святару-місіянеру Мікалаю Саўчуку ў зборы сродкаў на будаўніцтва храма Ражства Хрыстова. Першым каменьчыкам, закладзеным добрай воляй людзей, стаў духоўны канцэрт "Сын Зямлі і Зорнага Неба" у студзені 2006 года, у якім прынялі ўдзел педагогі горада, студэнты, школьнікі, царкоўны хор прыхода. Былі сабраныя першыя значныя ахвяраванні ва ўстанове культуры. У хуткім часе ўдзельнікаў клубнага аб’яднання “Экадом” Палаца культуры забяспечылі пасадачным матэрыялам і зрабілі клумбы і альпінарыі каля часовапабудаванай царквы, дзе сёння праходзяць набажэнствы.
         Адной з задач удзельнікаў духоўна-патрыятычнага аб’яднання "Светач" - ісці да людзей, несці слова Божае туды, дзе ў ім патрэба ёсць. Частымі гасцямі, як і паэты літаратурнага аб'яднання "Агмень", былі яны ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Падрыхтавалі зборнік вершаў паэта- інваліда Сідара Вайнілкі "Размова душы" і правялі яго прэзентацыю. Добрыя зносіны і з педагогамі школы-інтэрната для дзяцей з дрэнным зрокам. Больш старэйшыя прысутнічаюць на духоўных сустрэчах са сваім педагогам, аўтарам духоўных песен Таццянай Стукалавай. Да малодшых навучэнцаў "светачцы" ідуць у сцены школы з літаратурна-музычнымі кампазіцыямі, пры гэтым прыцягваючы маладых педагогаў і навучэнцаў Маладзечанскай музычнай школы, студэнтаў музвучылішча. Для паездак па святых месцах, на праваслаўную выстаўку клубныя аб'яднанні "Светач", "Экадом", да якіх далучаюцца жадаючыя супрацоўнікі Палаца культуры, адміністрацыя выдзяляе транспарт. У Свята-Елізавецінскім манастыры заўсёды ветліва сустрэне землякоў і правядзе цікавую экскурсію, раскажа пераканаўча аб веры праваслаўнай маладая манашка матушка Надзея. Рашэнне пайсці служыць Богу свядома выспела ў юным узросце ў Таццяны Фалей пад час наведвання духоўных чытанняў “Біблія і мы”. Шмат маладых людзей з Маладзечна ідуць вучыцца у духоўную семінарыю, каб дапамагаць іншым знайсці дарогу да Бога, да храма. У калектыва Палаца культуры, яго творчых аб'яднанняў наперадзе шмат планаў, жадання рухацца наперад на шляху духоўнага адраджэння, выхаванню ў моладзі маральных каштоўнасцей, фарміраванню здаровага ладу жыцця на шляху да Храма.
 
Ларыса СЫСУН, кіраўнік духоўна-патрыятычнага аб’яднання “Светач”
Палаца культуры г.Маладзечна
 
 
Шлях да Храма
Вера без справаў мёртвая – ведае кожны. І справай гонару тых людзей, хто сваёй нястомнай дзейнасцю спрыяў стварэнню іміджа горада Маладзечна, як горада з высокай культурай і духоўнасцю.
         У апошнія тры гады жаданне дапамагчы ў будаўніцтве храма Ражства Хрыстова ў шостым мікрараёне, дзе большасць жыхароў перасяленцы з забруджаных тэрыторый пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вырасла ў сумесны дабрачынны праект Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага і Палаца культуры пад назвай "Шлях да Храма".
         А пачыналася ўсё так. Дырэктар музычнага вучылішча, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока выступіў перад кіраўнікамі і прадпрымальнікамі, грамадскасцю горада і найперш перад сябрамі дабрачыннага клуба “Леў” з добрай ініцыятывай – дапамагчы ў справе будаўніцтва праваслаўнага храма ў горадзе. Але ўзнікае пытанне - чаму дапамагаць у будаўніцтве менавіта царквы Ражства Хрыстова, дзе настаяцелем прыхода з’яўляецца актыўны свяшчэннік, добры прапаведнік і місіянер айцец Мікалай Саўчук. Адказ просты: уезд у Маладзечна з боку сталіцы, пачатак вуліцы Вялікі Гасцінец і прыгожы, велічны храм, які будзе сустракаць і землякоў, і гасцей. Гэта будзе сведчаннем нашай гасціннасці, нашага добрага духу і запрашэннем ехаць да нас з добрымі думкамі і намерамі.
         За чатыры гады ў Палацы культуры прайшлі тры дабрачынныя акцыі па збору сродкаў на будаўніцтва храма Ражства Хрыстова. Тры вялікія канцэрты з прысутнасцю свяшчэнаслужыцеляў, прадстаўнікоў мясцовай улады, ганаровых землякоў і гасцей з Мінску. Першыя значныя ахвяраванні былі сабраныя на канцэрце-акцыі, дадзенай заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь сімфанічным аркестрам Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага, пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. У ім прыняў удзел госць з Масквы, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, піяніст Пётр Дзмітрыеў. Свой унёсак, акрамя сродкаў, сабраных гледачамі, зрабілі калектывы прадпрыемстваў горада, прадпрымальнікі.
         Пасля першага аддзялення канцэртаў “Шлях да Храма” на сцэну запрашаліся кіраўнікі устаноў культуры горада: Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага, Маладзечанскай дзіцячай музычнай школа, дабрачыннай арганізацыі “ЛАЙНС-клуб”, дзіцячай бальніцы і інш. Першыя пералічэнні на будаўніцтва царквы зрабіў Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, ААТ ЭНЭФ, якім кіруе Наталля Галота. Дарэчы, з таго моманта прадпрыемства стала спонсарам сімфанічнага аркестра музввучылішча.
         Другі канцэрт, які прайшоў восенню 2008 года, быў прадстаўлены выдатнай канцэртнай праграмай і арганізаваны пры дапамозе кампазітара-земляка, ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна Алега Елісеенкава. У ім прынялі ўдзел вядомыя выканаўцы і ансамблі, зоркі беларускай эстрады.
 Шмат пра дабрачынную акцыю пісалі газеты, а відэастудыяй Палаца культуры была зробленая дакументальная стужка. Прывітанне і словы падзякі за высакародную справу арганізатарам дабрачыннай акцыі адрасаваў Уладыка Філарэт Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі.
         З кожным годам большае прыхаджан у часова пабудаванай царкве у шостым мікрараёне. Каб пачаў дзейнічаць вялікі, прыгожы храм на тры алтары сродкаў яшчэ не хапае. Такое маштабнае будаўніцтва можна адолець толькі разам. У красавіку 2010 года прайшла трэццяя дабрачынная акцыя “Шлях да Храма”. У канцэрце прынялі ўдзел мастацкія калектывы Палаца культуры, у рэпертуары якіх з’яўляецца ўсё больш духоўных твораў.
         Сказалі сваё важкае слова, падтрымалі дабрачынны праект прадпрымальнікі, калектывы прадпрыемстваў маладзечаншчыны, усе, каму дарагія ідэалы дабра, любові, міласэрнасці, наша будучыня. Радуе тое, што гэта не толькі матэрыяльны ўнёсак. Людзі збіраюць сродкі, надаюць прыклад, здяйсняюць дабро, якое вернецца іншым шляхам да душаў людскіх.
 
Святлана Сарока,

 

дырэктар ДУ “Палац культуры г.Маладзечна”